Ільняное поле Аляксандры Захарчук

Зямля любіць руплівых і працавітых. Вяскоўцы шчыруюць на ёй — і атрымліваюць задавальненне: іх радуюць ураджаі і прыходзіць з гадамі прызнанне.  З’яўляецца радасць ад таго, што жывеш на роднай зямлі і шчыра працуеш.

— Ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені і медаль «За працоўную адзнаку» —  узнагароды за маю працу, — гаворыць Аляксандра Аляксандраўна Захарчук з вёскі Рамейкі. — Пятнаццаць гадоў працавала звеннявой па лёне. Сеялі даўгунец у калгасе імя Гастэлы, і рамейкаўскія жанчыны (а іх збіралася да трыццаці пяці) шчыравалі на палях гаспадаркі.

напачатку лён, калі не было спецыяльнай тэхнікі, ірвалі ўручную. Потым аббівалі галоўкі для насення, а саломку жанчыны расцілалі на палях для вылежкі. Затым збіралі, сушылі трасту, пускалі ў агрэгат, атрымлівалі валакно. Яго сартыравалі і везлі на пункт здачы валакна  ў Карэлічы. Наша валакно было вельмі добрым, ішло нумарамі 1, 1,25, 1,5.

Калі пабудавалі Карэліцкі льнозавод, пачалі здаваць трасту туды. За адно лета ў сярэднім — па 150 тон.

Аляксандра Аляксандраўна любіць лён, таму прысвяціла працы на льняных палетках шмат гадоў. Культура расла ў тыя далёкія гады ў мясцовай гаспадарцы добрай. У кожнай брыгадзе яе вырошчвалі: у Рамейках, Шчонаве, Дуброве, Плужынах. «У кожнай была звеннявая, — успамінае субяседніца. — Даўгунец не толькі трэба было вырасціць, але здаць на льнозавод. Адстаяць вялікія чэргі,  прыкласці нямала фізічнай працы. Хаця гэта зусім не палохала, работа была ў радасць.»

Жанчыне давялося паспрабаваць і іншую справу — даіць кароў на ферме «Рамейкі». 12 гадоў адпрацавала даяркай, чатыры — на пенсіі. Кармы жывёле раздавалі ўручную. Яна абслугоўвала 24 каровы, якіх трэба было падаіць тры разы на дзень. Уставаць на працу даводзілася рана, трэба было паспець управіцца па доме і адправіць дзяцей у школу. Днём увіхалася на агародчыку: хацела  мець сваю агародніну.

Мужа Іосіфа ўспамінае з удзячнасцю, спадарожнік жыцця  дапамагаў па гаспадарцы. Працаваў у будаўнічай брыгадзе калгаса, прымаў удзел ва ўзвядзенні Карэліцкага льнозавода. Затым васямнаццаць гадоў быў заняты на ферме «Рамейкі» — вывозіў кампост. Чатыры гады таму як спадарожніка жыцця не стала, і зараз Аляксандра Аляксандраўна жыве адна. Сын Вячаслаў і дачка Марыя наведваюцца з гарадоў і дапамагаюць падтрымліваць парадак у доме і апрацоўваць зямлю.

— Двое дзяцей, двое ўнукаў, пяцёра праўнукаў — мая радасць, надзея і апора, ёсць дзеля каго жыць і каго чакаць у госці ў роднай хаце, — сказала напрыканцы нашай сустрэчы Аляксандра Аляксандраўна Захарчук.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ