Как начать на пенсии новую жизнь, рассказывает кореличчанка Людмила Турлюк

Жыццё на пенсіі ў людзей залатога ўзросту асаблівае. У Людмілы Уладзіміраўны Турлюк з райцэнтра яно напоўнена разнастайнымі захапленнямі. Як жанчыне ўдаецца спалучаць жаданае з карысным і атрымліваць задавальненне, даведалася падчас нашай сустрэчы.

— Людміла Уладзіміраўна, чым прывабіў Вас Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна?

— Мая знаёмая наведвала Цэнтр і параіла мне. Я напачатку вагалася, але затым вырашыла пайсці. Наведваю танцавальны гурток «У рытме танца» і фізкультурна-аздараўленчы «Крокі да здароўя», а таксама  ўсе мерапрыемствы, якія праводяцца ў гэтай установе. Зараз аб сваім  рашэнні не шкадую: у ЦСАН праводжу вольны час карысна і цікава.

— Чым захапіў танцавальны гурток?

— У юнацтве хацелася навучыцца танцаваць, але не атрымалася. Зараз маё жаданне збылося: я вучуся гэтаму. Танцы — задавальненне і радасць. Рэпертуар у нас розны, тэматыка — народныя, падчас размінкі — сучасныя. Вучымся ўшасцярох, і мы рады магчымасці асвоіць танцы.

— Ведаю, што Вы практыкуеце заняткі ёгай.

— Так, я самавучка. Гадоў дваццаць як практыкую. Спачатку па кнізе вывучала, а затым —  па відэа для пачынаючых. Стараюся прытрымлівацца правільнага харчавання. Як вядома, без працы і старання нічога не бывае. У нялёгкія хвіліны імкнуся сябе пераканаць, што ёсць шмат людзей, якім значна горш. У любым выпадку трэба клапаціцца пра сябе і сваё здароўе.

— Што дае валанцёрская справа, якой разам з наведвальнікамі ЦСАН  займаецеся? Хто такія валанцёры, па Вашым меркаванні?

— Валанцёры — людзі з вялікімі сэрцамі. Дапамагчы і падтрымаць чалавека, нічога не патрабуючы ўзамен, вельмі здорава. Хочацца ад душы зрабіць дабро і не гаварыць аб гэтым. Яшчэ гэта хуткія на пад’ём людзі. Нядаўна мы прыбіралі тэрыторыі каля воінскіх пахаванняў і абеліскаў. Азірнуліся пасля зробленага — і на душы стала светла і лагодна. Мы павінны памятаць пра тых, хто заваяваў мір на планеце, ушаноўваць  памяць пра іх, не дапусціць, каб такое паўтарылася.

— Вольнага часу на заслужаным адпачынку ўдосталь. Як навучыцца правільна ім распараджацца, і ці існуе ў Вас свой рэжым дня?

— Я прытрымліваюся рэжыму дня. Устаю рана, харчуюся ў адзін час. Прагулка ў любое надвор’е.

Хачу адзначыць, што пры гэтым адчуваю сябе  шчаслівай. Не азмрочваюць дождж і мяцеліца, у такія хвіліны ў памяці ўсплываюць малюнкі з юнацтва, дарагія майму сэрцу.

— У залатым узросце многія стараюцца знайсці спакой на душы ў суладдзі з прыродай. А як гэта ў Вас атрымліваецца?

— Лыжы — вось яшчэ адно хобі. У мінулым годзе праклала лыжню на Людвікі, хадзіла на лыжах у іншыя мясціны. Найбольшае задавальненне атрымліваю, калі езджу на горным веласіпедзе. Дзе я толькі ні была, якія населеныя пункты нашага і суседняга Навагрудскага раёнаў ні наведала! Дарэчы, да гэтага занятку прыахвоціла сяброўку, якая затым у захапленні адзначыла: «Як класна!»

— Колькі б жанчыне гадоў ні было па пашпарце, у душы яна застаецца маладой. Як гэта Вам удаецца: быць адначасова прыгожай душой і прыгожай знешне?

— Сакрэтаў асаблівых няма. Трэба не зацыклівацца на дробязях. Прымаць  як належнае нават непрыемныя «падарункі» лёсу. Умець перажыць нялёгкія моманты ў жыцці. Рукі, ногі ёсць, ходзіш па зямлі, радуешся небу і сонцу, навошта нараканні? Павінны быць зносіны з людзьмі. Мае сяброўкі на дзесяць гадоў маладзей за мяне, і нават лепшая сяброўка падобная знешне, і імя па бацьку аднолькавае ў нас. Чалавек прыцягвае да сябе падобных, і з’яўляюцца агульныя інтарэсы. Трэба быць аптымістам, і мець зносіны з аптымістычнымі людзьмі.

— Бадай, не сустрэнеш жанчын, якія не любяць кветкі. Як адносіцеся да іх?

— Вельмі прыемна, калі дораць кветкі. Асабліва ў дзень нараджэння. Люблю хрызантэмы, яны вельмі прыгожыя. Сапраўды, як не любіць кветкі, якія радуюць вочы і запаланяюць сэрца?! Думаецца, кветкі любяць усе жанчыны, бо ўзнімаюць настрой, і для нас яны — сапраўднае свята.

— Пройдзе яшчэ адзін месяц — і наступіць вясна. Што Вы чакаеце ад гэтай пары года?

— Цуда, якое закладзена ў прыродзе. Прабуджаецца прырода — і ўсё навокал ажывае, з’яўляюцца лісточкі на дрэвах і трава зелянее. У такі  перыяд хочацца жыць, радавацца жыццю, дарыць гэтую радасць людзям.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ