На планерке у председателя: досрочное голосование на референдуме, снижение заболеваемости COVID-19, подготовка сельхозтехники к выходу в поле

У Карэліцкім раёне, як і па ўсёй краіне, стартавала датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па Канстытуцыі. Усе 17 участкаў для галасавання гатовы прыняць выбаршчыкаў. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Напярэдадні старшыня Карэліцкай раённай камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму Ігар Лазарэвіч і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Саматыя азнаёміліся з работай участкаў для галасавання. Яны пацікавіліся ў членаў участковых камісій, ці прыходзяць мясцовыя жыхары ўдакладніць свае прозвішчы ў спісе галасуючых, ці гатовы ўчасткі да датэрміновага галасавання і як вырашана пытанне бяспекі. Відавочна, што на ўчастках вялікая ўвага нададзена супрацькавідным мерам. Звычайна галасуючыя прыходзяць у масках, на ўчастках ім будуць прапаноўваць антысептык для апрацоўкі рук.

На ўчастках маецца павелічальнае шкло для людзей са слабым зрокам.

У кутку выбаршчыка знаходзіцца праект Канстытуцыі са змяненнямі і дапаўненнямі, якія выносяцца на рэферэндум.

— Да арганізацыі рэферэндуму прыцягнуты вопытныя спецыялісты, — адзначае Ігар Лазарэвіч. — Мы пераканаліся, што ўся работа праходзіць строга па дзеючым заканадаўстве. У раёне створана 17 выбарчых участкаў, акрэдытавана 140 назіральнікаў. Нараканняў да арганізацыі работы ўчастковых камісій няма.

На мінулым тыдні ў Карэліцкім раёне знізілася захваральнасць на COVID-19 на 14,3 працэнта і вострыя рэспіраторныя захворванні ў 1,5 раза. Супраць каранавіруснай інфекцыі вакцынавана 60,3 працэнта жыхароў раёна і 80 працэнтаў дзяцей ад запланаванай колькасці. Рэвакцынацыю прайшлі 1490 чалавек, ці 7,9% ад запланаваных. Усе гэтыя паказчыкі роўныя сярэднеабласным. Спецыялісты настойліва рэкамендуюць выкарыстоўваць сродкі абароны органаў дыхання, часцей мыць рукі і выконваць сацыяльную дыстанцыю ў людных месцах.

Сельскагаспадарчыя арганізацыі рыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ. Лідарамі з’яўляюцца СВК «Свіцязянка-2003», дзе гатоўнасць сельгасагрэгатаў роўная амаль 100 працэнтам, а таксама СВК «Маяк-Заполле» і «Жухавічы», дзе паказчыкі набліжаюцца да 90 працэнтаў. Тэхніка ААТ «Карэлічы-Лён» поўнасцю гатова да выхаду ў поле.

Іна ЛЕЙКА