Начальнік участка па нарыхтоўцы льнотрасты і вытворчасці льновалакна ААТ «Карэлічы-Лён» Лілія Чачотка: “На рэферэндуме я прагаласую за стабільнасць для сябе, сваёй сям’і і прадпрыемства”

— 27 лютага я абавязкова пайду на ўсенародны рэферэндум, каб прагаласаваць за новую Канстытуцыю, таму што хачу далейшай стабільнасці для сябе, сваёй сям’і і прадпрыемства, дзе працую, — кажа начальнік участка па нарыхтоўцы льнотрасты і вытворчасці льновалакна ААТ «Карэлічы-Лён» Лілія Чачотка.

2021 год адзін з самых паспяховых для прадпрыемства, і гэта вынік плённай і зладжанай працы ўсіх падраздзяленняў.

Тут правялі сортазмену насення лёну на карысць высокапрадукцыйных сартоў па выхаду і якасці льновалакна, набывалася новая тэхніка для машынна-трактарнага парку, куплялася абсталяванне. І як вынік — нарыхтавана 12330 тон ільнотрасты ў фізічнай вазе сярэднім нумарам 0,92, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у рэспубліцы.

Карэліцкія льнаводы валодаюць усімі якасцямі, неабходнымі для поспеху, што дае магчымасць выводзіць на рынак прадукцыю, якая адпавядае самым высокім стандартам якасці. Ільновалакно Карэліччыны запатрабавана ўсюды. Кароткае льновалакно пастаўляецца як на рынак Беларусі, так і ў Расію, Кітай, Бельгію. Доўгае валакно пастаўляецца ў лік дзяржзаказу на Аршанскі льнокамбінат. У 2021 годзе дзяржзаказ па здачы льновалакна дзяржаве быў выкананы ўжо ў лістападзе месяцы. Астатняе льновалакно прадавалася на экспарт. За 2021 год было пастаўлена 1738 тон кароткага льновалакна на суму 2 млн 45 тыс. долараў ЗША. Такім чынам экспартныя паказчыкі павялічыліся ў 2,3 раза. Ад рэнтабельнасці прадпрыемства залежыць і заработная плата яго працаўнікоў.

Жыццё мяняецца, і Канстытуцыя таксама павінна перажываць змены, лічыць Лілія Іванаўна. А якімі яны будуць, залежыць ад нас і нашага ўдзелу ў жыцці краіны. Таму трэба не толькі абмяркоўваць новы праект, але і прыйсці на рэферэндум, каб прагаласаваць за нашу будучыню.

Іна ЛЕЙКА

Фота з архіва рэдакцыі