Расада клубніц з насення ў хатніх умовах

Да пасадкі трускалкі на расаду трэба падрыхтавацца. Далікатнае малюсенькае насенне трускалкі нельга  сеяць у звычайны грунт, узяты з град, ды і тара ім падыдзе не кожная.

Спатрэбяцца празрыстыя кантэйнеры (яны дазволяць назіраць за ступенню ўвільгатнення грунту па ўсёй яго таўшчыні) і грунтасумесь. Можна, напрыклад, купіць глебу для фіялак ці бягоній.

Трускалка дрэнна пераносіць пікіроўку, таму калі памеры падаконніка ці стэлажа для расады дазваляюць, пажадана адразу сеяць насенне ў асобныя ёмістасці.

Сеяць можна ў канцы лютага — пачатку сакавіка, або арыентуючыся на тэрміны, указаныя на пакуначку з насеннем.

Сам пасеў насення трускалкі па сілах кожнаму і займае не больш за паўгадзіны. Досыць паліць грунт слабым растворам марганцоўкі, пасля высыхання насыпаць яго ў кантэйнеры, раскласці зверху пінцэтам насенне трускалкі і апырскаць цёплай вадой з пульверызатара. Адлегласць паміж семечкамі трэба пакінуць каля 2 см, а сам кантэйнер зверху накрыць плёнкай або празрыстым вечкам.

Некаторыя садоўнікі ўкладваюць на грунт папяровую сурвэтку і да з’яўлення ўсходаў апырскваюць пасевы праз яе.

3 першых дзён сеянцам трускалкі неабходны доўгі (не менш за 10 гадзін) светлавы дзень і тэмпература паветра ў межах 18-20°С. Не забывайце пра штодзённае дасвечванне расады адмысловымі фіталямпамі. У адваротным выпадку расліны моцна выцягнуцца, будуць бледнымі і слабымі. Першыя ўсходы садовай клубніцы не трэба занадта часта паліваць — гэта можа спрыяць з’яўленню чорнай ножкі на раслінах або цвілі на сценках кантэйнера, што таксама згубна для расады. Толькі са з’яўленнем сапраўдных лісточкаў клубніцы будуць мець патрэбу ў вадзе. Тады ж трэба паступова прыбіраць з кантэйнераў плёнку (вечка).

Робяць гэта не адразу, а паступова, пачынаючы з 15-30 хвілін у дзень, гартуючы такім чынам расаду.

Праз 1-2 тыдні пасля таго, як расліны сталі ўвесь час знаходзіцца ў пакаёвых умовах без дадатковай хованкі, можна распачынаць пікіроўку. Перасаджваюць малюсенькія кусцікі разам з камяком зямлі, каб не пашкодзіць корань, у ёмістасці памерам 9×9 см.

Пасля з’яўлення другой пары сапраўдных лістоў клубнічную расаду падкормліваюць раз на 7-10 дзён любым комплексным мінеральным угнаеннем па інструкцыі.

Паліў клубнічнай расады адрозніваецца на розных этапах яе вырошчвання. У першыя дні пасля сяўбы дастаткова адзін раз на суткі злёгку апырскваць грунт з насеннем з пульверызатара, каб на ім не ўтварылася скарынка. Пасля з’яўлення ўсходаў паліў скарачаецца да аднаго разу на тыдзень. Са з’яўленнем у трускалкі сапраўдных лісточкаў паліваюць раз на тры дні, прычым вада павінна пранікаць на ўсю глыбіню грунту.

Для палівання выкарыстоўваюць некіпячоную, адстоеную ваду пакаёвай тэмпературы. Ідэальная для расады дажджавая ці талая вада, аднак выкарыстоўваць яе можна, толькі калі вы жывяце ўдалечыні ад горада, буйных трас і прамысловых аб’ектаў.

Калі пасадка трускалкі на расаду прайшла паспяхова і кусцікі падраслі, у сярэдзіне-канцы красавіка можна ўжываць загартоўку. Для гэтага ў цёплае надвор’е ёмістасці з раслінамі выстаўляюць на вуліцу, пазбягаючы пападання на іх прамых сонечных прамянёў.

Спачатку на свежым паветры расада павінна праводзіць усяго 5-7 хвілін, аднак з кожным днём гэты час трэба павялічваць.

Прыкладна ў сярэдзіне мая, калі грунт прагрэецца да 15°С, расліны можна перасаджваць на сталае месца.

Трускалцы падыходзяць толькі ўрадлівыя глебы, таму саджаць яе на беднай зямлі бессэнсоўна — кусцікі, якія вы выгадавалі, загінуць. У першыя 2 тыдні пасля высадкі пажадана арганізаваць раслінам сховішча або паўцень. Высаджваць расаду трэба на адлегласці 30 см адна ад адной і не скупіцца на паліў як адразу пасля пасадкі, так і ў наступныя дні.

Па матэрыялах газеты «Звязда»