У Карэліцкім раёне стартавала датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па Канстытуцыі

Выбарчы ўчастак №2 у Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасць пачаў сваю працу 22 лютага ў 10:00. Яшчэ да адкрыцця ўчастка каля дзвярэй выстраілася чарга з жадаючых прагаласаваць. Першай свой голас за прыняцце абноўленага праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аддала Таіса Шэўка:

– Я прыйшла на рэферэндум, каб аддаць свой голас «за» змены ў Канстытуцыі. У нашым асноўным Законе адлюстроўваецца самае важнае – клопат пра народ, захаванне гісторыі нашай дзяржавы. Я аддаю свой голас за Беларусь, за мір і за свой народ. Для мяне важна, каб нашы грамадзяне былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні.

За паўгадзіны зала ўчастка сабрала больш за 30 удзельнікаў рэферэндуму, камісія таксама прыняла некалькі званкоў з просьбай прагаласаваць дома.

Марыя Хвасько, пенсіянер:

– Я ўпэўнена, што прыйсці на рэферэндум павінен кожны грамадзянін, бо ад нас залежыць будучыня краіны. Я галасую не проста за змены ў Канстытуцыі, я галасую за бясплатную медыцыну, за даступную адукацыю для нашых дзяцей і ўнукаў, за сацыяльную падтрымку, за захаванне традыцыйных каштоўнасцяў і, галоўнае, за захаванне памяці і праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, аб генацыдзе беларускага народа і тым, што адбывалася на тэрыторыі нашай Беларусі. Мая сям’я перажыла многае ў тыя гады: дзед загінуў на фронце, маці падлеткам забіралі ў Германію, бацька служыў з 1940 па 1946 гады. Я захоўваю гэтую памяць і жадаю, каб будучыя пакаленні не паўтаралі такой страшнай вайны.

Ніна і Мікалай Яфрэмавы, пенсіянеры:

– Нягледзячы на наш узрост, мы людзі прагрэсіўныя, стараемся сачыць за ўсімі актуальнымі навінамі, чытаем нашу раёнку і рэспубліканскія выданні. Мы азнаёміліся з новым праектам Канстытуцыі ад коркі да коркі, параўналі ўсе пункты з дзеючым дакументам. Над гэтым праектам працавалі вельмі граматныя людзі, юрысты, палітолагі. У ім усё вельмі прадумана і правільна. Мы «за» абноўленую Канстытуцыю. Для нас вельмі значным абнаўленнем стала захаванне гістарычнай праўды і памяці, лічу, наша моладзь павінна ведаць праўду і берагчы мірнае неба. Наша дзяржава заўсёды аказвае падтрымку пенсіянерам, сем’ям, моладзі. Для іх ёсць даступная адукацыя, гарантаванае першае месца працы. Без такой падтрымкі Беларусь ужо немагчыма ўявіць.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара