У пошукаха страчанага. Карэліцкімі сцежкамі

Бацькаўшчына… Колькіх сыноў і дачок ты выпеставала, адправіла на шырокія прасторы жыцця!.. Вось і на знаёмай усім Карэліччыне, багатай на ўраджайныя палеткі, Карэліччыне, якая ўражвае сваім ландшафтам, — здаецца, крыніца, што жывой вадой наталяе выбітных дзяржаўных дзеячаў на ўсіх этапах сваёй гісторыі. І сёння сярод высокіх службоўцаў — нямала ўраджэнцаў Карэліцкага краю, вёсак і вёсачак, якія за Мірам і паблізу Навагрудка… А гэтым разам мы пазнаёмімся з мастакамі прыгожага пісьменства — вядомымі і менш вядомымі, з паэтамі, празаікамі, якім Карэліцкая зямля зусім не чужая…


Гартаю старонкі альманаха «Жырандоля»… Сярод аўтараў — берасцейская пісьменніца Раіса Раманчук, якая нарадзілася на Гродзеншчыне — у вёсцы Літараўшчына Карэліцкага раёна. Закончыла Варанчанскую сярэднюю школу, затым — Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Працавала ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднанні. Аўтар кніг паэзіі «Сцежка ў дзяцінства», «Рамонкавы ранак», «Звон верасовы», «Дабрыня». А ў «Жырандолі» надрукавана казка Раісы Раманчук «Цікаўны дожджык». Гэтая публікацыя падштурхоўвае да адной ідэі: чаму б не выдаць кнігу анталагічнага характару «Карэліччына літаратурная»..? І аб’яднаць у ёй найлепшыя творы аўтараў, якія тут, у гэтых мясцінах, нарадзіліся, і тых, хто ў розныя гады вандраваў карэліцкімі сцежкамі, а мо і падоўгу жыў, працаваў у гэтым краі.

І тады, несумненна, знойдзецца ў такога кшталту анталогіі месца і творам, якія напісалі госці і ўраджэнцы карэліцкай зямлі — Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Вінцэнт Каратынскі, Янка Брыль…

Мір. Замак.

Мір. Замак.

Вінцэнт Аляксандравіч Каратынскі (1831—1891) — з карэліцкай вёскі Селішча. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька, Аляксандр Каратай, атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага. Адукацыю Вінцэнт атрымаў самавукам, пад наглядам мясцовага арганіста. Працаваў хатнім настаўнікам, абышоў многія мясціны Навагрудчыны. У 1850—1862 гады працаваў сакратаром Уладзіслава Сыракомлі. Разам з рускім празаікам Мікалаем Лясковым падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Пакінуў пасля сябе многія гісторыка-краязнаўчыя нататкі, у тым ліку і пра Навагрудак, Навагрудскі край, мясціны, блізкія да Карэліч.

Родам з Сіняўскай Слабады — літаратуразнавец і крытык Уладзімір Калеснік (1922—1994). Вучыўся ў Ярэмічах. Сапраўднае літаратурна-мастацкае гняздо!.. Уладзімір Калеснік і партызаніў у роднай Карэліцкай старонцы. Пасля вайны, скончыўшы філалагічны факультэт Мінскага педінстытута, крыху папрацаваўшы ў Бабруйскім педінстытуце, Уладзімір Андрэевіч на ўсё жыццё звязаў свой творчы і жыццёвы лёс з Брэстам, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам. Загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры. Выдаў кнігі літаратурнай крытыкі, гісторыка-літаратурных матэрыялаў «Час і песні», «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі», «Максім Танк», «Янка Брыль», «Тварэнне легенды», «Усё чалавечае»… Разам з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём стварыў кнігу «Я з вогненнай вёскі…», у якой расказваецца пра лёсы жыхароў, спаленых фашыстамі, паліцаямі вёсак. Кніга «Я з вогненнай вёскі…» перакладзена на мовы розных народаў свету, выдадзена ў самых розных краінах.

Карэлічы. Касцёл.

Карэлічы. Касцёл.

Ярэмічы, Сіняўская Слабада, Рудзьма, Скорычы — «літаратурныя» вёскі. У Скорычах нарадзіўся паэт Алесь Мілюць (1908—1944) — у звычайнай сялянскай сям’і. Друкавацца пачаў яшчэ ў канцы 1920-х гадоў у заходнебеларускім друку. З таго часу засталіся вершы «Бярозы», «Покліч», «Мой ідэал», «Вясною». А калі надыйшло 17 верасня 1939 года і Гродзеншчына, Карэліччына аказаліся ў складзе Савецкай Беларусі, Алесь Мілюць пачаў друкавацца ў стаўбцоўскай раённай газеце. Пісаў пра сялянскую долю, апяваў хараство роднага краю. Сёння вершы

А. Мілюця можна прачытаць у калектыўных зборніках пасляваеннага часу — «Мы іх не забудзем», «Сцягі і паходні», «Крывёю сэрца», «Ростані волі». Мо прыйдзе час — і творы карэліцкага паэта, які ў кастрычніку 1944 загінуў у баі з нямецкімі фашыстамі ва Усходняй Прусіі, будуць выдадзены асобнай, няхай сабе і невялічкай кнігай…

Турэц. Царква.

Турэц. Царква.

З ярэміцкай вёсачкі Рудзьма — і празаік, ваенны журналіст Анатоль Смалянка (1936—2014), аўтар раманаў «Дзень і ўсё жыццё», «Забітае каханне», яшчэ добрага тузіна кніг мастацкай і дакументальнай прозы. Пра сваё ваеннае дзяцінства, падзеі, якія адбываліся ў Рудзьме і іншых ваколіцах Ярэміч (дарэчы, ужо пасля Вялікай Айчыннай Анатоль закончыў Ярэміцкую сярэднюю школу), блакаду ў Налібоцкай пушчы расказаў у дакументальнай аповесці «Мы не скарыліся». Многія свае творы ўжо ў сталым узросце Анатоль Смалянка напісаў у карэліцкай старонцы, дзе ў яго было лецішча. Мне даводзіцца часта бываць у гэтым краі. Стараюся не мінаць Ярэміч, Турца, Загор’я, іншых паселішчаў паблізу Карэліч. Зазіраю ў мясцовыя праваслаўныя і каталіцкія храмы, праходжваюся рознымі сцежкамі, завітваю на мясцовыя могілкі.

Не так далёка ад Ярэміч і Турэц — за 15 км на паўднёвы ўсход ад Карэліч, на дарозе Карэлічы — Мір. Вядомасць паселішча мае з XІІІ стагоддзя. Першая згадка — у Галіцка-Валынскім летапісе.

Навагрудак.

Навагрудак.

У XVІ стагоддзі Турэц атрымаў статус мястэчка. Паселішча ўваходзіла ў склад Наваградскага павета, належала Хадкевічам. У XVІІ стагоддзі ў мястэчку ў адзін час дзейнічалі каталіцкі касцёл, грэка-каталіцкая царква ды праваслаўная драўляная Юр’еўская царква. Былі тут і млыны, і корчмы, і крамы. Побач з мястэчкам — фальварак і маёнтак Ліпніцкіх і Свідзінскіх. У 1887 годзе ў Турцы нарадзіўся празаік, байкапісец Анатоль Дзяркач (быў рэпрэсіраваны і ў 1937 годзе расстраляны). Аўтар кніг «Пра папоў, пра дзядкоў, пра сялян-мужыкоў» (1925), «Міколава гаспадарка» (1927), «Нашы прыяцелі» (1928), «Звяры нашых лясоў» (1929), «Бог удвох» (1930), «Усім патроху…» (1930), «Качаргой па абразах» (1930)… У Турцы яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады настаўнічаў будучы класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр (1883—1971).

Давайце зазірнём і ў літаратурныя Карэлічы. Па-першае, па-добраму радуе, нават здзіўляе гарадская тапаніміка гэтага невялікага раённага цэнтра. Ёсць тут у вуліц самыя розныя «пісьменніцкія» назвы — Адама Міцкевіча, Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы…

А па-другое… У Карэлічах нарадзіўся яўрэйскі паэт, драматург, перакладчык Іцхак Кацэнельсан (1886—1944). Разам з бацькоўскай сям’ёй Іцхак пераехаў у польскую Лодзь. З пачаткам Другой Сусветнай вайны Іцхак Кацэнельсан разам з жонкай і двума сынамі уцёк у Варшаву. Там трапіў у гета. Супрацоўнічаў з антыфашысцкім падполлем.

Варонча. Сядзіба, пач. ХХ ст..

Варонча. Сядзіба, пач. ХХ ст..

14 жніўня 1943 года Іцхака і яго сям’ю дэпарціравалі ў Трэблінку. Узяў удзел у паўстанні. Падпольшчыкі зрабілі для паэта дакументы грамадзяніна Гандураса. У выніку ён быў інтэрніраваны ў Францыю, а адтуль усё ж трапіў у Асвенцым. Там і быў забіты ўраджэнец Карэліч паэт Іцхак Кацэнельсан — 1 мая 1944 года. Яскравым мастацкім сведчаннем фашысцкіх злачынстваў перад яўрэямі з’яўляецца «Песня пра забіты яўрэйскі народ» Іцхака Кацэнельсана. Кампазітар Э. Раздоліна напісала па гэтым творы «Рэквіем пра катастрофу»… Карэлічы — радзіма яшчэ аднаго яўрэйскага паэта, драматурга, публіцыста Давіда Эйнхорна (1886—1973). З 13 гадоў пісаў вершы на іўрыце. Супрацоўнічаў з рознымі перыядычнымі выданнямі. Выдаў у Вільні і Варшаве некалькі зборнікаў вершаў. У 1912 годзе быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля паўгода астрожнага зняволення вымушана пакінуў Расійскую імперыю. З таго часу жыў у Францыі, Швейцарыі, Германіі, з 1940 года — у ЗША.

Карэліччына літаратурная — гэта і творчыя, жыццёвыя лёсы пісьменніка і акцёра Анатоля Жука, празаіка, літаратуразнаўца Уладзіміра Навумовіча, паэта, дзіцячага пісьменніка і мастака Міколы Бусько, празаіка Яўгена Крамко… З Карэліч — краязнаўчы пісьменнік Святлана Кошур. Творы многіх мясцовых аўтараў друкуюцца ў карэліцкай раённай газеце. Ёсць у іх публікацыях цеплыня, роднасць, якія маюць асаблівае прыцяжэнне.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Паштоўкі з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА