У Ярэмічах адбылася сустрэча з членамі ІПГ № 5 Карэліцкага райвыканкама

17 лютага з нагоды правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва ў адміністрацыйным будынку Ярэміцкага сельвыканкама члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Ярэмічы.

Па асноўнай тэме: «Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь» выступіў кіраўнік ІПГ, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РГА ГА «Белая Русь» Яўген Чычкан. У сваёй прамове Яўген Мікалаевіч засяродзіў увагу на важных аспектах Паслання. Адны з самых галоўных — захаванне міру на зямлі і клопат пра здароўе людзей, які праяўляюць медыцынскія работнікі. Але, як адзначыў прамоўца, кожны павінен клапаціцца пра сваё здароўе і рэгулярна праходзіць медыцынскае абследаванне. Таксама звярнуў увагу на пытанні развіцця малых гарадоў і падтрымку АПК.

Яўген Чычкан не абышоў увагай і пытанне рэферэндуму, расказаў пра парадак яго правядзення і галасавання. Работа ўчастковых камісій ужо арганізавана, назіральнікі рыхтуюцца да адказнай працы.

Пракурор Карэліцкага раёна Аляксандр Мельнікаў нагадаў прысутным пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць падчас правядзення рэферэндуму.

Аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі паведаміў начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Гушча. Прамоўца звярнуў увагу на неабходнасць устаноўкі пажарнага апавяшчальніка ў дамах і кватэрах, спраўнасць пячнога ацяплення і электраправодкі, захаванне правілаў пры спальванні смецця, заклікаў — не быць раўнадушнымі падчас задымлення аб’екта і тэрмінова паведамляць у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
На гэта Яўген Чычкан зазначыў: » Калі мы будзем адказныя самі і мець актыўную жыццёвую пазіцыю, то бяда не здарыцца».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Юліі ГУЦУЛЯК