В деревне Франтишково открылась агроусадьба «Свитязянка-21»
Недалёка ад Райцы, схаваўшыся за высокімі дрэвамі і маляўнічымі краявідамі, края размясцілася невялікая вёсачка Францішкова. Праязджаючы міма яе, складана не заўважыць самабытны і дагледжаны ўчастак з вялікай шыльдай «Сядзіба». Тут летам 2021 года сям’я Аляксандра і Алены Сак адкрылі сваю аграсядзібу «Свіцязянка-21». На працягу двух гадоў сям’я не пакладаючы рук рабіла рамонт у хаце з нуля, пачынаючы са сцен, вокнаў і заканчваючы незвычайнымі драўлянымі лаўкамі, арэлямі і ўпрыгожваннямі дома. У планах яшчэ больш пашырыць сядзібу.
Сям’я Сак родам з Карэліцкага раёна. Бацькоўскі дом Аляксандра размешчаны літаральна за некалькі метраў ад сядзібы, а Алена вырасла ў вёсцы Міратычы. Знаёмы былі муж і жонка яшчэ са школьных часоў, аднак звярнулі адзін на аднаго ўвагу 26 гадоў таму на танцах, у хуткім часе пажаніліся, уладкавалі ў Міратычах сваю гаспадарку, завялі свіней, курэй, кароў і нават каня. А 11 гадоў таму пара атрымала дом у аграгарадку Райца, дзе жыве і па гэты дзень. Галава сям’і працуе кіроўцам у СВК «Свіцязянка-2003», а яго жонка – загадчыца сталовай комплексу. У Аляксандра і Алены два сына-памочніка. Старэйшы Алег скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці аграном, цяпер працуе пажарным у Карэліцкім РАНС, а малодшы Дзмітрый – Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж па спецыяльнасці будаўнік, працуе ў Карэліцкім Дэпартаменце аховы. Браты на службу ў армію адправіліся ў адзін і той жа год, а пакуль бацькі іх чакалі, вырашылі стварыць сядзібу, у якую змогуць прыязджаць турысты і жыхары раёна.
– Мы купілі дом і пачалі рамонт літаральна з нуля, – успамінае Алена Сак. – Спачатку хацелі зрабіць просценькае ўладкаванне, а потым нас зацягнула, прыязджаем сюды літаральна кожны дзень, калі ёсць магчымасць. Ужо два гады ўладкоўваем двор і жылыя пакоі. Калі сыны вярнуліся са службы, справа пайшла яшчэ хутчэй і весялей. Яны ў нас самыя лепшыя памочнікі, умеюць літаральна ўсё, ніколі не адмовяць, яшчэ і самі нешта цікавае прапануюць. Вось, напрыклад, у нас печ у доме стылізаваная пад самую сапраўдную старую рускую печку. Нашы госці з велізарным захапленнем і цікавасцю распальваюць яе, назіраючы, як гарыць у ёй агонь і як патрэскваюць дровы. Мы адкрыліся ў ліпені, і ў нас ужо было даволі шмат кліентаў, асабліва ў летнюю пару. Усе заробленыя на сядзібе грошы мы трацім пакуль на яе ўладкаванне. У планах зрабіць яшчэ адзін пакой, а таксама пабудаваць вулічную альтанку і лазню. Для нас такі занятак у радасць. Мы гэта робім для душы, хочам, каб людзям было куды з’ездзіць адпачыць і прыемна правесці час на прыродзе. Мы і самі любім тут адпачыць, пасмажыць шашлыкі і правесці час усёй сям’ёй. Для нас вялікае шчасце быць адзін з адным. Што ў доме, што на сядзібе кожны цёплы дзень стаяць букеты з розных кветак. За 26 гадоў сумеснага жыцця нельга і злічыць, колькі букетаў падарыў мне муж. Ён сам збірае іх для мяне, асабліва палявыя. Бывала, прывозіў і на працу. А вазонаў колькі – увесь дом перапоўнены, частка нават перабралася з Райцы ў Францішкова. Я вельмі люблю кветкі, яны ствараюць у хаце ўтульнасць.
Як дома, так і для нашых гасцей я часта гатую сваю фірменную выпечку. Звычайна ўсе ў захапленні ад дражджавых пірагоў.
Рэцэпт фірменных дражджавых пірагоў:
Да літра малака, разведзенага вадой і дражджамі, дадаем пачак сметанковага масла, 4 узбітых яйкі і шклянку цукру, усё старанна перамешваем, дадаем дробку солі, ванілін і павольна ўводзім у цеста 2 кг мукі. Цеста павінна атрымацца не занадта тугое. Атрыманую масу пакідаем падымацца на дзве гадзіны, пасля дзелім яе на часткі, пакідаем яшчэ ненадоўга і ставім у духоўку спачатку хвілін на 10 пры 120 градусах, а пасля каля паўгадзіны пры 180 градусах.
Наталля САКАЛЯНСКАЯ
Фота аўтара