В Кореличском районе зафиксирован всплеск COVID-19. Администрация больницы просит не идти в поликлинику, а вызывать врача на дом

У Карэліцкім раёне працягвае фіксавацца рост колькасці захварэлых на COVID19. На мінулым тыдні колькасць пацыентаў з каранавірусам падвоілася. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.

Адміністрацыя Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў сувязі са складанай эпідсітуацыяй просіць жыхароў раёна пры з’яўленні такіх сімптомаў, як слабасць, галаўны боль, тэмпература, кашаль, выклікаць медыцынскага работніка на дом. Гэтая простая мера дапаможа прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі. Медработнікі прыязджаюць на выклік да пацыента з экспрэс-тэстам на COVID-19, што дасць магчымасць аператыўна правесці дыягностыку і назначыць лячэнне. Тэлефоны для запісу: 2-21-32, 2-07-18.

Пад кантролем раённай выканаўчай улады знаходзяцца пытанні жыццезабеспячэння людзей. Важна, каб снегапады не сталі перашкодай для руху аўтамагазінаў, машын хуткай медыцынскай дапамогі і пажаратушэння. Снегаачышчальная тэхніка працуе ў кругласутачным рэжыме.

Генадзій Шатуеў даручыў да 15 лютага справіцца з наступствамі ўрагану, які 14 студзеня нанёс значны ўрон дахам на сельскагаспадарчых аб’ектах.

У раёне актыўна ідуць работы па падрыхтоўцы да вясенняй пасяўной кампаніі. Так, трактары гатовы на 90 працэнтаў, збожжавыя сеялкі — 64, культыватары — 74, плугі — 88, бароны — 77. Сярэднераённыя тэмпы  гатоўнасці роўныя сярэднеабласным. Да 1 красавіка ўся тэхніка павінна стаяць на лінейцы гатоўнасці.

У раёне працягваюць працу назіральныя камісіі, якія наведваюць грамадзян з груп рызыкі і праводзяць агляд печаў і электраправодкі.

— Захаваць жыцці людзей — вось самае галоўнае, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Таму на назіральных камісіях ляжыць вялікая адказнасць — не дапусціць пажараў і іншых надзвычайных сітуацый.

Іна ЛЕЙКА