В Кореличском РОВД неработающим и имеющим неснятую судимость предложили трудоустроиться

Не ўпусці свой шанс

Пад такой назвай у Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў праведзена акцыя. На яе былі запрошаны непрацуючыя грамадзяне, якія  маюць незнятую і непагашаную судзімасць.

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, пракуратуры, міліцыі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. «Трэба рэалізаваць сябе»

Праца. Гэтае слова было ключавым на сустрэчы. Яно ўсё часцей і часцей гучала з вуснаў удзельнікаў. Паступалі прапановы кожнаму запрошанаму ўладкавацца на тое ці іншае месца. Пры гэтым улічваліся спецыяльнасць і пажаданні беспрацоўных. Некаторым прапанавалі наведацца ў цэнтр занятасці для знаёмства з іншымі вакансіямі.

Адзін з прысутных адмаўляецца ісці на працу на Карэліцкі льнозавод.

— Калі трэба, магу прынесці даведку, што працую, — кажа ён.

— Як жа без работы? — гаворыць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш. —  Вы ў пэўны час будзеце афармляцца на пенсію, і дзе тады возьмеце працоўны стаж? Ды не менш важна: трэба рэалізаваць сябе.

Як ні кажыце, прапанова слушная. У многіх у юнацтве была мара, і калі ёй не ўдалося ажыццявіцца адразу, чаму б не паспрабаваць пазней. Няхай напачатку работа здасца нецікавай, але гэта сродкі для існавання. Далей ажыццявіцца задуманае, і праца будзе задавальняць спаўна.

Здараецца, у жыцці трэба прайсці шмат лесвіц, каб дасягнуць жаданага. Не ўсё напачатку складваецца гладка, але спрабаваць трэба. Што датычыць працы, то любая ў павазе. Адно відавочна: яна — аснова асноў. Менавіта таму праводзіцца акцыя, каб даць чалавеку шанс паверыць у сябе і пачаць жыццё з чыстага ліста.

«Калі прапануюць, буду працаваць»

У кожнага — свае лёс, жыццё, аповед. Слухаеш  — і дзіву даешся: чаму менавіта так, а не інакш? Чаму людзей прыходзіцца ўгаворваць, каб пайшлі працаваць? Гэта ж так зразумела: трэба быць занятым. Здаецца, і жыццё павінна навучыць, і сам чалавек задумацца.

Мой субяседнік (прозвішча і населенага пункта не называю) вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі пяць гадоў таму. Жыве адзін, перабіваецца часовымі заробкамі, зімой нарыхтоўвае венікі на продаж. Людзі разлічваюцца грашыма і прадуктамі.

— Прафесію маеце?

— Будаўнік, трактарыст, вадзіцель.

— Працаваць пойдзеце?

— Калі прапануюць, пайду.

Чамусьці верыцца, што ў чалавека атрымаецца. Іншы раз дастаткова бывае аднаго толькі жадання, а вось падтрымка іншых можа тварыць цуды. Трэба толькі верыць.

«Калі б мама была здаровай…»

Мама — самы дарагі чалавек на свеце. Яна любіць сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць. Любіць у любым узросце. Свае даўгі імкнуцца вярнуць і ўдзячныя дочкі і сыны. Праўда, кожны па-свойму.

На сустрэчы грамадзянін А. гаварыў прысутным аб тым, што не можа ўладкавацца на працу з-за таго, што трэба даглядаць састарэлую матулю. Яна з’яўляецца інвалідам першай групы. Пакінуць яе  ў хаце адну з вялікім наборам дыягназаў немагчыма.

«Клапатліваму» сыну прапануюць узяць сядзелку, а самому ісці працаваць. На прапанову мужчына рэагуе па-свойму: маці не дасць згоды на чужога чалавека.

Клопат пра роднага чалавека праяўляюць многія. Вось толькі разам з тым дзеці прадаўжаюць працаваць, не прыкрываюцца здароўем  родных людзей, не жывуць за іх сродкі.

Жыццё — складаная рэч, і іншы раз няпроста ў ім раздзяліць галоўнае і другараднае. Бываюць памылкі, ад іх ніхто не застрахаваны. Вось толькі паправіць іх можна, ніколі не позна змяніць жыццё да лепшага. У чалавека заўсёды ёсць шанс, і яго трэба выкарыстаць. Пачаць працаваць, каб былі занятак і заробак. Каб прадаўжаць жыць, вось толькі па-іншаму.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ