Брыгадзір малочнатаварнай фермы «Машэвічы» КСУП «Малюшычы» Алена Кавальчук занесена на раённую Дошку пашаны

За дасягненне высокіх вынікаў у працоўнай, сацыяльнаэканамічнай, вытворчай, дзяржаўнай, сацыяльнакультурнай дзейнасці ў 2021 годзе на раённую Дошку пашаны занесена брыгадзір малочнатаварнай фермы «Машэвічы» КСУП «Малюшычы» Алена Мікалаеўна КАВАЛЬЧУК.

— Алена Мікалаеўна, на календары — вясна. Чалавек чакае ад гэтай пары года чагосьці незвычайнага. Чаго хочацца Вам у гэтыя сакавіцкія дні?

— У зямлю хутчэй апусціць рукі — дабрацца да таго, што падабаецца. На самой справе я ў душы аграном, амаль дваццаць гадоў была загадчыкам вытворчага ўчастка. Таму цягне да зямлі, гэта маё, без яе як без рук.

— Веснавая пара асаблівая. Ці адчуваеце яе подых?

— Канешне. Прырода прачынаецца, зямля пачынае пахнуць. Гэты пах не параўнаць з самымі дарагімі духамі.

— Праца ў жывёлагадоўлі не з лёгкіх. Ці спорацца Вашы справы?

— Я працую брыгадзірам на ферме «Машэвічы» дванаццаць гадоў. Калектыў — 28 чалавек, гэта аператары машыннага даення, жывёлаводы, абслугоўваючы персанал. За 2021 год атрымалі ў разліку на адну карову 7283 кілаграмы малака. Гэты паказчык вышэйшы, чым у папярэднім годзе на 300 кілаграмаў.

— Вашы падначаленыя — у асноўным жанчыны, у якіх, акрамя працы, ёсць сям’я, дзеці, дом, гаспадарка. Кожная з іх індывідуальная па-свойму. Які сакрэт наладжвання рабочых кантактаў і добрых зносін?

— На ферме сярод працуючых — палова жанчын. Яны розныя па характары, узросце, памкненнях, але ўсе разам мы робім агульную справу, і гэта нас аб’ядноўвае. Аб гэтым ведае і памятае кожная з працаўніц, у гэтым і ёсць просты сакрэт поспеху.

— Вы жывяце ў вёсцы Баранавічы. Ці ёсць належныя ўмовы і інфраструктура ў населеным пункце для камфортнага жыцця?

— У вёсцы Баранавічы — добрая кватэра, ёсць усе умовы для жыцця. Каля дома — агарод і кветнік. У вёсцы маюцца школа, магазін, клуб, бібліятэка, ФАП, праўленне мясцовай гаспадаркі — не так і дрэнна. Моладзі няшмат, жыхары ад 40 да 80 гадоў, ёсць старажылы.

— Што радуе Ваша сэрца?

— Кветкі. Іх у мяне шмат, толькі лілій 60 кустоў. А яшчэ ружы, ірысы, нарцызы, вяргіні, півоні, цюльпаны і іншыя. Яны — мой настрой і мая аддушына. З імі заспакойваюся, гэта маё жыццё. Першымі ўжо зацвілі галантусы (белыя пралескі), і так да восені, да хрызантэмаў. Усё жыццё з кветкамі. Яны ўдзячныя, радуюць не толькі мяне, а ўсіх. Гэта і добры падарунак.

— Шчасце для маці — дзеці. Ці апраўдалі надзеі і спадзяванні?

— Яны — самыя найлепшыя для мяне, як для маці. Сын Уладзімір жыве і працуе ў Мінску, дачка Таццяна — у Гродне. Яны прыязджаюць і тэлефануюць. Хочацца, каб парадавалі ўнукамі, і самі былі шчаслівымі.

— У гэтыя сакавіцкія дні Вас будуць ушаноўваць як лепшую працаўніцу, Ваш партрэт занесены на раённую Дошку пашаны. Што Вы адчуваяце, якія думкі Вамі авалодваюць?

— Я адчуваю сябе спакойна. Гэта мая штодзённая праца, і свае абавязкі стараюся выконваць добрасумленна. А за прызнанне і ацэнку маёй працы хочацца выказаць удзячнасць людзям, з якімі з дня ў дзень працую і выконваю даведзеныя заданні.

— Сельская жанчына, якая яна? Вам хацелася б змяніць сельскае жыццё на гарадское?

— Не, не бачу сябе ў вялікім горадзе. Я сама сельская, з вёскі Нязнанава Навагрудскага раёна. Усё жыццё — на зямлі і пры зямлі. Шкадавання няма.

— У Вас ёсць мара, якой маглі б падзяліцца з чытачамі раёнкі?

— Галоўнае — жадаю міру і здароўя родным і блізкім. Гэта, бадай, сёння самыя вялікія каштоўнасці і пажаданні ўсіх людзей на планеце.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ