Майстар ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Шманай у прафесіі ўжо 30 гадоў

Майстар ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Шманай у прафесіі ўжо 30 гадоў. Пачынаў простым электрыкам у кацельні племзавода «Карэлічы», з 2002 года працуе ў штаце жылкамунгаса майстрам.

— Я адказваю за спраўны стан і безаварыйную работу чатырох кацельняў: на вуліцы Гастэлы ў Карэлічах, у Палужжы і дзвюх — у Райцы. Безумоўна, праца вельмі адказная, бо кацельня — гэта аб’ект павышанай небяспекі, — тлумачыць майстар. — І тут важныя дзве рэчы: спакой і веданне тэхналогіі. Калі адбылася пазаштатная сітуацыя, трэба сабрацца і дзейнічаць па інструкцыі.

Аляксандр Мікалаевіч запэўнівае, што на яго ўчастках спажыўцы цяпла на дыскамфорт не скардзяцца, бо ён са сваёй камандай з 17 чалавек кругласутачна напагатове.

У мінулым месяцы партрэт Аляксандра Шманая занесены на раённую Дошку гонару.

— Мне гэта вельмі прыемна. Значыць кіраўніцтва давярае, але без дапамогі ўсяго калектыву поспех аднаго чалавека немагчымы. Разам працуем, разам прыносім у дамы людзей цяпло і камфорт, — падагульняе ён.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара