На планерке у председателя: фотоловушки как управа на любителей мусорить, сухопалы за 40 базовых величин и ход полевых работ

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева абмеркавалі два вострыя пытанні: навядзенне парадку на зямлі і барацьба з паламі сухой расліннасці.

Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Германюк наглядна прадэманстраваў вынікі рэйдаў санстанцыі. Стыхійныя звалкі смецця ўтварыліся практычна ўсюды: каля тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, у гаражных кааператывах, у зонах адпачынку. Не ў лепшым стане знаходзяцца пляцоўкі і кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў.

— Ці шмат трэба фінансавых сродкаў для таго, каб прыбраць усё гэтае смецце і навесці парадак? — задаў рытарычнае пытанне прысутным кіраўнікам ведамстваў Генадзій Шатуеў і сам на яго адказаў: — Няшмат. Усяго толькі выйсці на суботнік і папрацаваць.

Безумоўна, за мётлы і граблі возьмуцца валанцёры з ліку моладзі, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Але кожны год стыхійныя звалкі, як грыбы пасля дажджу, з’яўляюцца зноў і зноў. І ствараюць іх жыхары нашага раёна, якія «эканомяць» на заключэнні дагавораў з ЖКГ на вываз смецця. Эфектыўна змагаюцца з незаконнымі звалкамі фотапасткі, а парушальнікаў выхоўваюць рублём. Дарэчы, штрафы балюча б’юць па кішэні і складаюць да 30 базавых велічыняў.

Мінулыя выхадныя выдаліся няпростымі для работнікаў раённага выратавальнага ведамства: яны 5 разоў выязджалі на тушэнне сухой расліннасці. Сухапалы адбыліся ў Карэлічах, Турэцкім, Лукскім, Мірскім і Красненскім сельскіх саветах. На выхадных выратавальнікі з прафілактычнымі мэтамі наведалі 31 населены пункт і нагадалі вяскоўцам аб непапраўных наступствах гарэння сухой травы. Штрафныя санкцыі за сухапалы больш чым сур’ёзныя і складаюць да 40 базавых велічынь.

У раёне працягваецца зніжэнне захворваемасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і COVID-19. Прышчэплена 62,7 працэнта насельніцтва.

На палях раёна працягваюцца сельскагаспадарчыя працы. Праводзіцца падкормка азімых збожжавых, шматгадовых траў, сенажацяў і пашаў, падсяваюцца шматгадовыя травы. Пачалася падрыхтоўка глебы пад сяўбу яравых культур. Пад сяўбу яравых на плошчы 12503 га ўнесены калійныя ўгнаенні, на 7070 га — фосфарныя.

Іна ЛЕЙКА