На свяце «Улассе ў Луках» каталіся на конях, частаваліся падковамі і садзілі бульбу

Кожны год, на стыку зімы і вясны, у самы магічны час, у аграгарадку Лукі ладзяць свята “Улассе ў Луках”. Традыцыйна яно збірае не толькі мясцовых жыхароў, але і тых, хто прыехаў з гарадоў да родных пагасцяваць.

Вядучыя свята Іна Башко і Ірына Кляноўская расказваюць, што Улассе лічылася святам жывёлы. Уласа, яшчэ яго называлі Аўлас, народ лічыў апекуном свойскай жывёлы, а яго дзень — каровіным ці конскім святам. Вось чаму, не шануючы гэтую дату, гаспадар меў небяспеку наклікаць на сваю худобу розную немач. Жывёле трэба было даваць лепшы корм, не працаваць на ёй, але раілі аб’язджаць маладых коней. Даўней стараліся ездзіць на маладых конях як мага далей, па доўгіх дарогах усю ноч, каб на лета доўгі радзіў лён. Перад Масленіцай, у Крывы чацвер, адзначаліся імяніны Аўласа, і ў гэты дзень гаварылі: “На Аўласа бяры каўшом масла”. А каб цяляты раслі здаровыя і гладкія, гаспадыні пяклі аладкі.

Усе гэтыя народныя традыцыі на свяце ў Луках штогод шануюць.

Сяргей Ліпскі прыехаў у Лукі з Карэліч на сваёй кабылцы Каліне. Яго з густам змайстраваны, стракаты і адмысловы вазок адразу прыцягвае да сябе малечу, якая просіць: “Дзядзечка, пакатай!” Сяргей падсаджвае малых у вазок і расказвае пра сваю Каліну: “Яна вельмі наравістая, сапраўдная дзяўчына! Купіў яе маленькай, 12 гадоў таму. З ёй добра ездзіць на святы, каб пакатаць дзяцей, бо малых яна вельмі любіць”.

Дарэчы, Сяргей па прафесіі мастак, рукі ў яго залатыя. Вазок ён змайстраваў са старой шафы, якую хто іншы адправіў бы на сметнік. Дошкі пакрыў фарбаю, нанёс малюнкі. Атрымалася ладна і зусім па-вясковаму. Збрую таксама зрабіў уласнаруч. Ды не простую, а з металічнымі заклёпкамі. Як ён сам жартуе, цяпер Каліна — цыганскі конь. Бразготкі на кабылцы таксама з гісторыяй, бо дасталіся Сяргею ад дзеда, ім больш за 100 гадоў.

— Неяк быў са мной выпадак. Еду па вуліцы ціхенька. Бачу, стаіць бабуля і плача. Пытаюся: «Чаго, бабуля, плачаце?» А яна ў адказ: «Дык я, сынок, пад такія бразготкі на такім коніку замуж ішла». Прыемна чуць ад людзей такія словы, прыемна, калі бачаць нас з Калінай і ўсміхаюцца, — гаворыць Сяргей.

Дзмітрыя Васоўскага, які працуе конюхам у КСУП “Лукі-Агра”,  і калгаснага коніка Васю таксама абступаюць госці свята. “Васю ўжо 12 гадоў, ён вельмі спакойны і дабрадушны. На калгаснай стайні ёсць дарослыя і малыя коні. З імі вельмі лёгка працаваць, бо на добры догляд яны адказваюць любоўю”, — расказвае хлопец. Дзмітрый садзіць у воз некалькі дзяцей і вязе іх па вуліцах аграгарадка. Малеча смяецца, махае рукамі мінакам.

Мікалай і Наталля Лісоўскія адны з нямногіх вяскоўцаў, хто трымае сёння ў гаспадарцы каня. Яны таксама штогод на святочнай пляцоўцы ў Луках.

— Як жа не прыехаць? Мы ж ведаем, што тут дзеці чакаюць Чарныша, каб пакатацца. І яму гэта таксама падабаецца, ён вельмі ганарова выступае.

Раздатчыца абедаў КСУП “Лукі-Агра” Вольга Гурын — сапраўдная гасцінная гаспадыня. Каб госці не пайшлі дадому галодныя, яна напякла дражджавых бліноў, ды не простых, а з сюрпрызам.

— Усярэдзіне кожнага блінца — манета, на шчасце, — кажа Вольга. — Толькі трэба акуратна кусаць. Ёсць тут і звычайныя бліны, якія можна пакаштаваць з дамашнім клубнічным і абрыкосавым варэннем. Пірог, рагалікі, пячэнне ў форме падковы, зёлкавая гарбата — усё гэта прыгатавана спецыяльна для гасцей свята. Спадзяюся, што паеду дадому з пустымі сумкамі.

Пакаштаваць дамашняе печыва падыходзіць мясцовая жыхарка Ксенія Анцух:

— На свяце я з дочкамі Венерай, Рагнедай і Барбарай. Старэйшая спявае на свяце, малодшыя бегаюць, катаюцца на конях. Мы штогод прыходзім на “Улассе” ў першую чаргу, каб мець стасункі з жывёлай. У нашай гаспадарцы коніка няма, дык вось тут можна на іх паглядзець, пагладзіць.

Ксенія бярэ некалькі яблыкаў і ідзе частаваць гнядых: вядома, пакаталі малечу, папрацавалі  — трэба і адпачыць.

Тым часам вядучыя свята ладзяць для гасцей адмысловыя конкурсы: пасадка бульбы, бег з чыгункамі, забіванне цвіка. Удзельнічаюць не толькі дзеці, ахвотна ідуць паказаць свой спрыт і дарослыя: смех, ускрыкі, апладысменты.

Сяргей Мазураў з унукамі Яраславам і Гардзеем прыехалі з Мінска на дачу, назіраюць за тым, як спаборнічаюць каманды:

— Дзеці набегаліся, накаталіся на конях, паспрабавалі дамашняга печыва. Цудоўнае свята, дзякуй арганізатарам!

Імгненні свята

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара