У Жухавіцкім Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў адкрылася выстава «Памяць сэрца і рэха вайны»

Адкрываючы выставу «Памяць сэрца і рэха вайны» ў Жухавіцкім Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, дырэктар Вольга Богук напачатку адзначыла, што калектыў установы прыняў актыўны ўдзел у датэрміновым галасаванні на рэферэндуме. Яны аддалі свае галасы за падтрымку ветэранаў вайны, інвалідаў і пажылых людзей, за захаванне нацыянальнай самабытнасці, суверэнітэту і гістарычнай памяці.

У Доме-інтэрнаце жывуць 72 чалавекі. Сярод іх ёсць тыя, якія маюць дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай: удзельніца вайны Вольга Іосіфаўна Хіневіч і дачка загінулага партызана Таццяна Аляксандраўна Валуевіч.

Менавіта 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і адбылося адкрыццё выставы. «Для захавання памяці, у знак павагі да воінскага і працоўнага подзвігу беларусаў у гады вайны, гонару за сваю краіну, яе гісторыю і культуру ў Доме-інтэрнаце адкрываецца выстава да Году гістарычнай памяці. У нашай установе жывуць не толькі ўраджэнцы Карэліцкага раёна, а і ўсёй Гродзенскай вобласці. Мы раскажам ім аб вядомых людзях і значных падзеях Карэліччыны», — сказала Вольга Уладзіміраўна.

Першы экскурс-падарожжа правялі спецыяліст па сацыяльнай рабоце Святлана Жарко і культарганізатар Людміла Макарэвіч. Яны паведамілі аб асноўных блоках выставы: «бабін кут» — месца, дзе стаялі качэргі, вілкі, драўляная лапата, на паліцах — гліняны посуд, гарлачы, маслабойка; «чырвоны кут» (покуць) з абразом, які ўпрыгожваўся ці пакрываўся ручніком, стол, за якім збіралася ўся сям’я за абедам, і ў будні дзень абрус здымалі, на покуці сядзеў гаспадар. Сярод мэблі, апрача палічак і стала, шырока выкарыстоўваліся табурэты і дзіцячыя калыскі.

Значнае месца ў экспазіцыі займае раздзел пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, нашых вядомых ураджэнцаў: пісьменнікаў Уладзіміра Вараву, Вольгу Іпатаву, Яна Чачота, Янку Маўра, Янку Брыля, Герояў Сацыялістычнай Працы Яўгенію Юшко і Таццяну Арду.

Начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што ідэя адкрыцця выставы сугучная часу. Карэліцкаму раёну, у тым ліку і жухавіцкай зямлі, ёсць кім і чым ганарыцца. Яны маюць багатую гісторыю і свае традыцыі, славяцца знакамітымі людзьмі. Пра гэта павінны ведаць не толькі землякі, але і насельнікі Жухавіцкага Дома-інтэрната, якія прыехалі сюды з усёй вобласці. Трэба ведаць сваю гісторыю, без яе няма будучыні.

У адкрыцці выставы прыняў удзел намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан.

Слова — удзельнікам выставы

Тамара МАТУСЕВІЧ,
адказны сакратар Карэліцкай раённай ветэранскай арганізацыі:
— Я ў захапленні ад выставы. Дзякуючы аповедам экскурсаводаў змагла дакрануцца душой да мінулага. Мяркую, што яе наведвальнікі змогуць глыбей спазнаць гісторыю Карэліцкага краю, даведацца аб тым, як жылі нашы продкі. І што немалаважна: адчуць дух беларусаў, у чарговы раз пераканацца ў іх любові да Айчыны, працавітасці і таленце. Сапраўды, нам ёсць кім і чым ганарыцца.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Жухавіцкім Домам-інтэрнатам