Хутар Ёлаўка, ён быў і ён жыве. Гістарычны ўспамін ураджэнца Карэліцкага раёна Ігара Лазарчыка

Студня ад хаты была на добрай адлегласці – у рове, за хатай, так што з надворка яе і не было відаць. Але як было цікава туды глядзець, у гэту цемру цэментнай трубы, і бачыць недзе там, у глыбіні зямлі, невялічкую талерачку вады. “25 цымбравін апусцілі”, – казаў дзед і дадаваў: “Нава́градскае ўзвышша, трэба гэта мець на ўвазе, бачыш, дзе мусілі капаць студню, у раўку, у нізіне!” Неяк цяжка трапянуўся на застаўшайся адной назе, а потым усім целам умацаваўся на кіёк і пасляваенны пратэз, што быў працягам правай нагі, зірнуў на гару, дзе праз гарэшнік і елкі блішчала страха хаты: “Мусіць, каля 20 метраў перапад, але ж ўсё роўна самая глыбокая студня атрымалася ў нашым асяроддзі. Усе суседзі карыстаюцца зараз. Мне не шкада. Хай бяруць ваду для сябе і для жывёлы, усім хопіць: і Чашэйкам, і Чэчатам, і Шыкальскім, і Мяцям, і Нарчылам (усе найбліжэйшыя суседзі), і нам, Лазарчыкам. Мы тут жывём усе разам, сябруем”. Гукнеш у студню  і нясецца рэха над лесам, полем, хутарам.

У садзе, падрыхтоўка сена, Лазарчык Аляксей з сынам Віктарам, 1977 год

Шмат год мінула з таго часу, ужо і той студні няма, і хутара не стала, але засталася памяць пра жыццё на хутары, як фотакартка нашай гісторыі. Мы ездзім па краіне, падарожнічаем, здаецца, што мы знаем многае, але ж не, нешта зышло ад нас беспаваротна і ніякая сучасная стылізаваная аграсядзіба з прыгожым указальнікам ля гасцінца  не можа перадаць той колер душы чалавека, што суправаджала гэты невялічкі кавалачак Малой Радзімы. Сёння на старонках раёнкі ўспамінаю хутар майго дзеда-франтавіка Лазарчыка Аляксея Іосіфавіча. У пачатку 70-х гадоў ХХ стагоддзя ў наваколлі вёсак Літараўшчына і Варонча быў цэлы россып і атачэнне хутароў. Рассяленне гаспадароў па хутарах прыйшлося на 30-я гады мінулага стагоддзя, калі людзі куплялі кавалкі зямлі. Вось і мой дзед набыў пляц зямлі для вядзення ўласнай гаспадаркі. І якая была цяга да зямлі, да ўласнай гаспадаркі, што нават разабраў сваю хату ў вёсцы Літараўшчына і перавёз яе на новае, але як казаў “сваё месца” і заснаваў у прыгожым кутку леса, на ўзгорку паміж вёскамі Літараўшчына і Варонча, свой, як ён усім прэзентаваў, фальварак Ёлаўка (ці Ялоўка, дасканалых сведкаў назвы няма). Адкуль паходзіць назва, цяжка сказаць, чуў, што ад слова “ёлка”: шмат на гэтым месцы расце вельмі магутных, высокіх елак, альбо ад слова “елавец”, узгоркі былі густа пакрыты елаўцом. Усяго за нейкі год каля хаты пабудаваў хлеў і гумно, зрабіў прыбудову да хаты са спецыяльным гаспадарчым адсекам, усталяваў магутны склеп з асобным уваходам, набыў ва ўласнае спажыванне малатарню, сячкарню, прылады, каб варочаць сена, калоць асінавую дранку. Сам зрабіў воз, плуг, барану, сані, змайстраваў збрую для каня. Пляц надворка абсадзіў ліпамі і бярозамі, а вакол усяго фальварка на мяжы заклаў бярозавую і дубовую пасадкі. Гэтыя дрэвы растуць да гэтага часу як успамін працы чалавека, мы, нашчадкі, называем гэту з’яву Парк Лазарчыка.

Такім чынам, чалавек цалкам пачаў адчуваць сябе ўласным гаспадаром менавіта свайго ўчастка зямлі, зарадзілася і пачала развівацца асаблівая філасофія жыцця – хутарская. Кавалак зямлі не проста бралі, яго выбіралі з найлепшых, прагназавалі, што можна на ім вырошчваць і як ужываць для гаспадаркі з перспектывай нешта і зарабіць за той ураджай, які збіралі тут. А зямля сапраўды ў гэтай частцы Навагрудскага ўзвышша сучаснага Карэліцкага раёна была цудоўная:  урадлівы пласт даходзіў месцамі аж да паўметра, з высокім утрыманнем гумуса і нармальнай кіслотнасці. Рыдлёўка ўваходзіла ў глебу як у кавалак масла, а пасля праходу плуга адварочваўся пласт глебы адзінай доўгай сцежкай, цягнуўшайся аж за гарызонт, якая некалькі гадзін блішчала на сонцы. Недзе там, у глыбіні, быў суглінак.

Дзед быў не проста гаспадаром, а нават шчырым аматарам і наватарам гаспадаркі, на хутары залажыў дзіўны сад, умеў даглядаць дрэвы. “Сад Лазарчыка”  існуе да гэтых часоў, было высаджана больш за 50 яблынь: “Антонаўка залацістая”, “Штрыфель”, “Белы наліў”, “Цыганка”, “Малінаўка”, “Пепен Шафранны”; некалькі груш гатунку “Бэра”; вакол сада, на мяжы з калгасным полем, расце і да гэтага часу цэлая паласа сліў “Венгерак”, якія вельмі добра захоўваліся і былі ідеальнымі для вытворчасці з іх чарнасліву. Надворак упрыгожвалі вішні, чарэшні, кусты парэчак, бэз, язмін, кветкі вяргіні, мальвы і рамонкі. Цэлы куток быў выдзелены для маладых саджанцаў яблынь і груш на рознай стадыі іх паспявання і рэкультывавання. Усе новыя саджанцы дзед прышчапляў і вырошчваў самастойна з семак і заўсёды дзяліўся імі з суседзямі.

Пляц сядзібы быў вялікі, месца хапала. На хутары ўсе будынкі размяшчаліся вельмі прадумана і ўтваралі цэлы комплекс, які існаваў як адно цэлае паміж чалавекам і прыродай. Штогод у кастрычніку-лістападзе пачыналі абіраць яблыкі, грушы, слівы. Я сам не аднойчы ўдзельнічаў у гэтай справе падчас восеньскіх школьных канікул. Кожны яблычак ці грушку здымалі рукамі, перакладалі ў кошык і толькі потым бабуля з жанчынамі (што былі ў талацэ) беражліва клалі іх па яшчыках, а антонаўку яшчэ перакладалі і сенам. У такім стане яблыкі захоўваліся аж да лютага-сакавіка, а цыганка ляжала да красавіка. Усе суседзі мелі вялікія ўласныя сады, кааперыраваліся, наймалі машыну і вазілі продаць яблыкі ў гарады ці здавалі іх на перапрацоўку. Са слівак-венгерак бабуля рабіла цудоўны чарнасліў, яго было шмат, сліўкамі, чарнаслівам, яблыкамі, грушамі частавалі суседзяў, дзяцей, паштальёна, выпадковых людзей (праз хутар цягнулася лясная дарога ад Літараўшчыны да Варончы і Цырына). У лесе, які пачынаўся ўжо за акном хаты, было шмат розных грыбоў і ягад, толькі збірай, не лянуйся. Грыбоў сушылі цэлыя палатняныя торбачкі, зімой рабілі духмяную падліўку і густы суп-“поліўку”.

Але нішто не можа параўнацца з той аўрай наваколля хутара. Перш за ўсё гэта цудоўная прырода, змешаны лес у выглядзе гарэшніка, граба, дубоў, бярэзін, асін, рабіны, каліны, елак і нават акацыі, якія растуць на перападзе вышынь рэльефу мясцовасці ў выглядзе змены ўзгоркаў і нізін і нават равоў, якія як магутнымі плугамі прайшліся па гэтых мясцінах мільёны год таму, а зараз параслі дрэвамі, складаючы незабыўны каларыт гэтых мясцін. Да гэтага часу, недалёка ад той пляцоўкі, дзе была хата, расце елка вышынёю каля 35 метраў – сучасны маяк, і добра відаць з гасцінца Цырын-Варонча сведка таго часу і сучасны знак – тут быў хутар майго дзеда.

Кругом былі толькі поле, лес і сад. Што тут рабілася вясною! Птушкі давалі канцэрт кожную раніцу і ўвечар. Духмяны пах стаяў на працягу ўсяго часу: першацвет змянялі палявыя кветкі, потым усё засцілаў яблыневы, грушавы, чарэшнявы, слівовы, вішнёвы, рабінавы, калінавы цвет, распускалася ліпа, а апагеем раслін былі мацярдушка і святаяннік, іх расло вельмі шмат на касагорах, незабыўны пах слаўся па пагорках аж да сярэдзіны жніўня. Бліжэй да восені пачынаўся час верасу, які слаўся на ўзгорку паміж хутарамі Чэчатаў і Чашэйкаў. І ўсё гэта перапляталася з песняю пчол, некалькі сямей якіх шчыра працавалі над гэтым шматлікім цветам, адорваючы гаспадароў хутара і нас, дзяцей, залацістым, салодкім мёдам. Травы збіралі, сушылі і зімою пілі духмяную травяную мікс-гарбату. А яшчэ гарэхі,  столькі гарэхаў увосень я не бачыў болей нідзе. Іх збіралі, сушылі на печы, а ўзімку гэта быў сапраўдны падарунак ад дзеда нам, дзецям. “А вось гэты гарэх мае чорны колер. Маланка спаліла!” – так казаў дзед Аляксей, калі перабіраў гарэхі.

Дзед Аляксей быў вельмі працавітым. Ад пачатку чэрвеня і да верасня ішоў сенакос, гатавалі дровы на зіму, парадкавалі наваколле (усе сухастоі былі выбраны з лесу, спецыяльнага дазволу на гэту працу тады не патрабавалася), уладкоўвалі сцежкі, умацоўвалі з доўгіх гарэшнікавых жэрдак парэнчы, каб лягчэй было ісці да хаты. Сена гатавалі многа, цікава было назіраць, як капу сена дзед важыў з дапамогай бязмена, меўшым дзяленне на фунты, доўга церабіў яго аб далоні, нюхаў і такім чынам вызначаў, высахла ці не, сцягваў сена граблямі ў валкі і складваў роўненькую капу.

Лазарчык Аляксей з жонкай Пелагеяй на хутары, 1975 год

Асобым заняткам была хатняя жывёла, яе было шмат і рознай: карова, цялё, каля 5-6 авечак, куры, трусы, свінні. Гадавалася гэта гаспадарка ў Лазарчыка вельмі добра, карову з авечкамі паслі каля хаты ці трохі ніжэй у раўку, навязвалі і пільнавалі. Дзед быў майстрам у гэтым кірунку гадоўлі жывёлы, варыў цудоўны цвёрды сыр (гэтай справе навучыўся яшчэ да вайны, калі працаваў на сыраварні ў Гoрбатавічах), сам вырабляў авечыя шкуры, гатаваў на зіму вэнджаныя кумпякі, кіўбасы, вантрабянкі, закладаў мочаныя яблыкі. Доўгімі зімовымі вечарамі пралі воўну, рабілі ніткі, ткалі палавікі і дываны на ўласным ткацкім станку. Электрычнасці на хутары не было, карысталіся керасінавай лямпай. Вечарам і раніцай адбываўся цэлы рытуал: дзед запальваў керасінавы ліхтар, ішоў на надворак і рабіў агляд усёй гаспадаркі, кожнага будынку. Вось з такіх дробязей і складалася філасофія хутарскога жыцця, адказнасці за тое, што чалавек робіць на гэтай зямлі, які прыклад ён дае сваім родным, дзецям. Снега зімой было вельмі шмат, яго нават тапілі, каб паіць жывёлу, ад хутара да хутара рабілі сцежкі, каб іх неяк зазначыць, сцежкі абстаўлялі галінкамі ялінак. Вось так і жыў хутар. А яшчэ ў такіх умовах гадавалі дзяцей. У Аляксея Лазарчыка іх было трое, і іх усіх ён выхаваў добрасумленнымі людзьмі, даў магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю. Дзеці з навакольных хутароў хадзілі ў школу ў Цырын і ў Варончу. Але галоўнае тое, што дзед Аляксей для мяне заўсёды заставаўся чалавекам з вялікай літары. Ніколі не чуў ад яго нядобрага слова, усе справы рабіліся ціха, без нервовасці, сумленна, проста і вельмі сціпла. Ён заўсёды казаў толькі праўду і  ніколі не хлусіў. І не трэба забываць, што мой дзед — інвалід Вялікай Айчыннай вайны, усю хатнюю гаспадарку вёў на адной левай назе, карыстаўся пратэзам (подзвігу майго дзеда быў прысвечаны артыкул у газеце за чэрвень 2021 года). Тым не менш у пасляваенныя гады працаваў у калгасе ў Літараўшчыне зборшчыкам малака, кладаўшчыком, як ніяк, меў чатыры класы пачатковай школы.

Умацавалася ў маёй сям’і традыцыя: на Дзень Перамогі наведваць старыя каталіцкія могілкі ў Варончы, дзе ў 1981 годзе знайшоў свой апошні прытулак мой дзед-франтавік; прайсціся на мяжы лесу і поля, накіравацца да старой елкі і хутара, датыкнуцца да гэтых мясцін, раслін, дрэў, паправіць усталяваны мною ў 2012 годзе памятны знак у гонар таго, што тут быў фальварак Ёлаўка, абавязкова ўскласці кветкі, павязаць на памятнік-знак Георгіеўскую стужку, запаліць сімвалічную свечку, усім разам паслухаць любімую песню майго дзеда “День Победы”. Проста ціха пастаяць, успомніць продкаў, паглядзець на наваколле, спыніцца на Лысай гары, зазірнуць за гарызонт карэліцкай зямлі.

На жаль, не вернеш той час, таго хутара, гады ідуць, змяняюцца краявіды… Толькі ўсё так, як і тады, ляціць рэха над гэтымі мясцінамі, як сувязь часоў, пераклікаючы мінулае і сучаснае, а старая елка ўсё так жа выконвае ролю маяка, калыхае свае галіны, заклікаючы падарожнікаў у гэты маляўнічы куток Беларусі.

Заахвочваю да абмеркавання гістарычнай рубрыкі на старонках нашай раённай газеты. Надрукуйце свае гісторыі пра старажытны і цудоўны Карэліцкі раён, нашу Беларусь, давайце разам у Год гістарычнай памяці ўспомнім нашых продкаў.

 

Ігар ЛАЗАРЧЫК,

Мінск

5
1