У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзена выстава-кірмаш «Велікодная радасць»

15 красавіка ў Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адкрылася выстава-кірмаш «Велікодная радасць». Майстар народна-мастацкіх рамёстваў Карэліцкага Дома рамёстваў Галіна Лагута расказала пра вырабы, якія  прадастаўлены тут. Велікодныя яйкі «пісанка» і «разьба» рознай тэхнікі (кошт  ад 6 да 10 рублёў), карзіны з лазы для велікодных яек (ад 15 да 20), велікодная вярба(3), велікодны сувенір (10), чайныя домікі, у якія закладваюцца пакецікі гарбаты (12). Для дзяцей тут маюцца свістулькі (3 руб. 50 кап.), дамавічкі з гліны (6), пеўнікі, курачкі, мяшочкі з травамі — усё па 2 рублі. На выставе-кірмашы дзейнічае бяспройгрышная латарэя — 2 руб. 50 кап.

Майстар-клас па вырабе велікодных вербаў праводзіць майстар Галіна Лагута:

— Для пачатку трэба скласці некалькі галінак вярбы, затым звязаць нітачкай, абкруціць атласнай стужкай і ўпрыгожыць кветкамі. Можна выкарыстоўваць каласкі і сухакветкі. Сёння на працягу дня добрым попытам у карэліччан карысталіся вербачкі.

Яшчэ майстар паведала аб тым, што вельмі цудоўна дарыць людзям радасць. Нагадала пра тое, як 9 красавіка Карэліцкі Дом рамёстваў прымаў удзел у абласным конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодны падарунак» у рамках свята «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» і стаў дыпламантам ІІІ ступені ў намінацыі «Лепшая калекцыя велікодных вырабаў». Карзіны і сувеніры прыйшліся да спадобы — іх добра куплялі. Па меркаванні субяседніцы, не менш важным з’яўляецца тое, што карэліцкія майстры падарылі людзям радасць і атрымалі добры настрой.

Аляксандр БАКЕЙ,

88-гадовы жыхар г.п. Карэлічы:

— Святы патрэбны нашай душы, такія светлыя, як Вялікдзень. Тады сэрца ажывае, і хочацца рабіць толькі добрыя ўчынкі. Успамінаюцца гады далёкага дзяцінства, калі мы, дзеці, біліся ў мацакі. Які цудоўны быў час! Хаця няма чаго скардзіцца на сённяшні дзень, пенсію добрую атрымліваю і дзяржава клапоціцца пра састарэлых. Дык чаму не жыць і чакаць такіх цудоўных свят?! Галоўнае, каб быў мір на зямлі і ніхто не змог парушыць наш спакой. А на выставе шмат цудоўных вырабаў, якія ствараюць рукі карэліцкіх майстроў, і хочацца за іх парадавацца.

Валянціна ФУРС,

намеснік дырэктара

Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці:

— Выставы-кірмашы дапамагаюць далучыць жыхароў раёна і гасцей да народных традыцый і пазнаёміць з творчасцю нашых майстроў. А набытае на кірмашы застаецца яго ўладальніку  на добрую памяць, а яшчэ гэта — цудоўны падарунак да свята. Да таго ж, супрацоўнікі аддзела рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» праводзяць майстар-класы, што дапамагае наведвальнікам выставы-кірмаша навучыцца гэтаму рамяству — у дадзеным выпадку вырабу велікодных вербаў і сувеніраў. Гэта карысная справа, якая прыносіць чалавеку вялікую радасць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ