Маладыя педагогі Карэліччыны прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі педагагічных ідэй «Прызванне — педагог»

Маладыя педагогі прадстаўлялі наш раён на міжнародным фестывалі педагагічных ідэй, які праводзіўся ў ДУА «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі».

Мы папрасілі яго ўдзельнікаў падзяліцца сваімі ўражаннямі аб дадзенай падзеі.

Іна ЛАЗУН,

намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», кіраўнік каманды «Крэда»:

— Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы каманды аказаў настаўнік гісторыі ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір» Валерый Іванавіч Брант. Кіраўніцтва падрыхтоўкай да фестывалю ажыццяўляла загадчык ДУ «Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Наталля Міхайлаўна Ардзюк. Вялікае значэнне мела тое, што ўпраўленнем адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта была дакладна і зладжана арганізавана дастаўка членаў каманды ў ДУА «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі».

Хочацца адзначыць насычаную праграму фестывалю, што дазволіла маладым спецыялістам папоўніць веды ў галіне сучасных адукацыйных тэхналогій. На майстар-класах вопытных педагогаў можна было навучыцца інавацыйным падыходам да падрыхтоўкі вучэбнага занятку.

Каманды атрымалі магчымасць праявіць сябе на практыцы: у якасці дамашняга задання трэба было за вечар распрацаваць і прадставіць «Універсальную дабаўку да ўрока”. Нашы педагогі даказалі, што сапраўды з’яўляюцца творчымі і крэатыўнымі.

Экскурсійная прагулка па гораду «Легенды і гісторыі вячэрняга Гродна» падарыла незабыўныя ўражанні ад горада. Але самае галоўнае: фестываль дазволіў пазнаёміцца і пагутарыць маладым настаўнікам з розных гарадоў. Думаю, што ўражанні ад фестывалю захаваюцца ў маладых педагогаў надоўга, так як для любога настаўніка важна прафесійнае развіццё. Педагогі Карэліччыны гатовы не толькі вучыць, але і вучыцца.

Юрый ЮРЧЫК,

настаўнік біялогіі і хіміі ДУА «Красненскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа», капітан каманды «Крэда»:

— Гэта сацыяльна важнае мерапрыемства як для маладога педагога, так і для грамадства ў цэлым. Учынкі педагога аказваюць уплыў непасрэдна на фарміраванне асобы дзіцяці. Чаму мы будзем вучыць, так будзе фарміравацца і асоба. У многім меркаванні педагога — гэта меркаванні будучых пакаленняў. Таксама гэта мерапрыемства дапамагае падзяліцца вопытам і ідэямі, ісці ў нагу з часам. На ім прысутнічалі выкладчыкі вышэйшай педагагічнай катэгорыі, выкладчыкі-метадысты, якія праводзілі майстар-класы, дзяліліся найкаштоўнейшым вопытам. Гэтая сустрэча садзейнічала згуртаванню маладых спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Казахстана.

Нашу Карэліччыну прадстаўлялі на фестывалі настаўнікі англійскай мовы Таццяна Аляксандраўна Літвінковіч (ДУА «Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай), Анастасія Сяргееўна Лушчыцкая (ДУА «Аюцавіцкая базавая школа), Дар’я Дзмітрыеўна Філіпава (ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы), настаўнік пачатковых класаў ДУА «Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» Кацярына Сяргееўна Гурын і я.

Фестываль пакінуў незабыўныя ўражанні. Асабіста для мяне, у першую чаргу, гэта знаёмства з новымі маладымі і ініцыятыўнымі выкладчыкамі. Па-другое, атрыманне ведаў у вопытных педагогаў, па-трэцяе, магчымасць праявіць сябе. У членаў нашай каманды «Крэда», творчых і крэатыўных, чыя старанні былі заўважаны і адзначаны. Каманда «Крэда» маладых педагогаў Карэліцкага раёна ўзнагароджана Дыпломам  міжнароднага фестывалю педагагічных ідэй «Прызнанне-педагог».

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА