На планерке у председателя: посевная на паузе, график ремонта дорог, прививочная кампания

У раёне з 2 красавіка ў сувязі са снегападамі прыпынена пасяўная кампанія. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Паводле слоў галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ільі Самуйліка, да красавіцкіх снегападаў аграрыі паспелі пасеяць 62 працэнты ранніх зерневых і зернебабовых культур.

Улічваючы высокую ступень гатоўнасці раёна да пасяўной і ўзятыя тэмпы, да 5 красавіка сяўба ранніх яравых была б завершана і стартавала сяўба цукровых буракоў. Аднак нябесная канцылярыя распарадзілася па-іншаму. Напрыклад, у панядзелак на палях СВК «Свіцязянка-2003» зафіксаваны 18-сантыметровы слой снегу. Снег асабліва негатыўнага ўплыву на азімыя збожжавыя і яравыя не акажа, хутчэй ён дасць недастатковую вільгаць і абароніць пасевы ад маразоў. Што датычыцца мінусавых тэмператур, што назіраюцца ноччу і ў першай палове дня, то яны паўплываюць на працягласць усходаў тых культур, якія пасеяны напярэдадні. Калі пры нармальнай вільгацезабяспечанасці і неабходных тэмпературах для прарастання насення ўсходы з`яўляюцца праз восем-дзесяць дзён, то, вядома, цяпер перыяд усходаў можа зацягнуцца на два-тры тыдні. Пасля раставання снегу неабходна працягваць работы па доглядзе азімых культур. Цяпер на палях працягваецца ўнясенне арганічных угнаенняў, — адзначае спецыяліст.

За тыдзень у Карэліцкім раёне прагрэйдзіравана 29 км дарог і вуліц населеных пунктаў.

— Графік рамонту дарог складзены і зацверджаны, работы пачаты, аднак іх стрымлівае выпаўшы снег, — адзначыў кіраўнік раёна. — З устанаўленнем спрыяльных умоў надвор’я добраўпарадкаванне будзе працягнута.

На працягу тыдня сіламі ДРБУ-158 праведзена грэйдзіраванне ўчасткаў дарог Палужжа-Машэвічы-Прылукі, пад’езд да в. Моладава, Валокі-Кайшоўка-Бабонеўка-Падгайна, Малюшычы-Волца-Забалацце, пад’езд да вёсак Волца, Белыя Лугі і Саленікі, Пясочная-Радунь-Засценкі, Міратычы-Дуброва-Райца часткова з падсыпкай.

На нарадзе паведамілі, што Карэліцкі раён па выніках спаборніцтваў сярод органаў і арганізацый сістэмы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за дасягненні найлепшых паказчыкаў развіцця сацыяльна-працоўнай сферы за 2021 год заняў трэцяе месца ў вобласці, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна — другое. Пры падвядзенні вынікаў улічваліся такія напрамкі ў рабоце, як садзейнічанне ў працаўладкаванні, выкананні працоўных гарантый, пенсійным забеспячэнні, сацыяльнай падтрымцы і абслугоўванні пажылых людзей, інвалідаў, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.

У раёне працягваецца зніжэнне захворваемасці на COVID-19, пнеўманіі і вострыя рэспіраторныя захворванні. Прышчэплена ад каранавіруса 65,9% насельніцтва, рэвакцынацыю прайшлі 1629 чалавек, або 66%.

У панядзелак на палях СВК «Свіцязянка-2003» зафіксаваны 18-сантыметровы слой снегу

Іна ЛЕЙКА