Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч наведала урок памяці ў Лукскай сярэдняй школе

Напачатку Ірына Валер’еўна пачала размову з вучнямі, і дзяўчынкі і хлопчыкі ахвотна адказвалі на пытанні. Яны былі рознабаковымі: аб значэнні даты 9 Мая, паняцці «нам гэты свет наказана берагчы», што такое генацыд і што з’яўляецца яго сімвалам.

«Ваша задача — дапамагаць ветэранам і вязням. Яны перажылі гады ліхалецця, і ваша падтрымка ім неабходна. Трэба слухаць аповеды сваіх дзядуль, якія могуць расказаць пра герояў вайны», — сказала прамоўца.
Ірына Асташэвіч, назваўшы 9 Мая святам са слязамі на вачах, якое дасталася нашаму народу няпроста, паведала і сваю гісторыю. Два яе дзядулі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх вярнуўся з палёў баёў і працаваў дырэктарам школы, другі загінуў, а весткі пра яго прыйшлі толькі ў 2006 годзе: пахаваны на тэрыторыі Літвы. «Гэта героі маёй сям’і, — зазначыла прамоўца. — У кожнага ёсць свае героі, і ўрок памяці менавіта пра тое, што не трэба пра іх забываць. Нам ёсць што памятаць і берагчы».
Месцам правядзення ўрока памяці ў Лукскай сярэдняй школе стаў пакой баявой славы, які ўжо шмат гадоў функцыянуе ва ўстанове адукацыі. Ужо сама атмасфера заклікала акунуцца ў тыя далёкія ваенныя гады. Пра вайну напаміналі фотаздымкі і экспанаты, але больш за ўсё краналі словы настаўніка гісторыі Іосіфа Уладзіміравіча Пацалуйкі. Поруч з лічбамі гучалі ўспаміны відавочцаў тых далёкіх ваенных гадоў з вуснаў педагога і вучняў.


«Мы павінны захаваць памяць. Свядомасць і памяць пачынаюцца з усведамлення таго, што зрабіла для нас наша старэйшае пакаленне. Мы павінны апраўдаць іх спадзяванні — яны змагаліся за шчаслівае заўтра», — перакананы настаўнік гісторыі, які ўсё жыццё разам з вясковымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі перагортвае старонкі гісторыі і робіць гэта з самааддана, укладваючы ў любімую справу ўсю душу. На ўроку памяці Іосіф Уладзіміравіч рабіў гэта таксама шчыра, адкрыта, годна дзеля таго, каб пяцікласнікі і шасцікласнікі ведалі гісторыю роднага краю і любілі сваю Айчыну.
Як захоўваецца памяць пра вайну? Адказ на гэтае пытанне вучні ведаюць, яскравыя прыклады побач: у Луках ёсць вуліцы імя Чарняхоўскага і Партызанская, помнік загінулым дагледжаны, у школе дзейнічае пакой баявой славы, у якім сабраны цікавыя матэрыялы.
Памяць пра загінулых на вайне была ўшанавана хвілінай маўчання.
Прадэманстраваны фільм «Беларусь памятае».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота прадастаўлена Лукскай СШ