Што было на велікодным стале ў нашых продкаў?

Светлае Хрыстова Уваскрэсенне – Вялікдзень з’яўляецца старажытным і адным з галоўных хрысціянскіх святаў, якое прысвечана Уваскрэсенню Ісуса Хрыста. Таму нездарма ў гэты дзень прынята вітацца словамі: “Хрыстос уваскрос!”
З гэтым святам звязана шмат сімвалаў і традыцый. Безумоўна, адно з галоўных – яйка. У старажытнай міфалогіі яно з’яўлялася сімвалам нараджэння сусвету, а ў хрысціянстве сімвалізуе надзею і крыніцу жыцця. Дакладна не вядома, адкуль паходзіць традыцыя іх фарбавання. Аднак, адно паданне распавядае: Марыя – маці Ісуса, падаравала яйкі рымскім салдатам, каб тыя абмежавалі праяўленне жорсткасці ў адносінах да яе сына. Слёзы Марыі, якія ўпалі на шкарлупкі яек, афарбавалі іх рознымі колерамі.
Сярод прысмакаў важнае месца займалі велікодныя пірагі – кулічы ці бабкі. Для іх прыгатавання ў першую чаргу выкарыстоўвалі прасееную муку, яйкі, шафран, сухафрукты, арэхі.
Калісьці цэнтральнае месца на стале займала ягня з харугвачкай як сімвал лагоднасці і цярпення. “На вялікім стале, які быў накрыты белым абрусам, стаяла ягня з харугвачкай, па-майстэрстку вырабленае з масла… побач усё было застаўлена, у залежнасці ад заможнасці дому, запечанымі цалкам вяпрукамі, кабанчыкамі і аленямі, унутры якіх знаходзілася дробная дзічына; шынкі, каўбасы… і стосы яек чырвонага колеру… Далей – пірагі розных відаў, бабы вялікіх памераў, мазуркі…” – можна прачытаць у кнізе “Вялікдзень. (Нарыс звычаяў)” за 1911 год.
Увогуле, у літаратуры захавалася шмат апісанняў велікодных снеданняў як рэалістычных, так і фантастычных. Лукаш Галамбёўскі (1773–1849) – этнограф, гісторык і мемуарыст, так апісваў урачыстасць, якую ўладкаваў князь Сапега ў Дзярэчыне ў XVІІ стагоддзі з нагоды Вялікадня: “На сярэдзіне стала знаходзіўся запечаны баран, які сімвалізаваў Хрыста. Далей – 4 вялізныя вепрука – па колькасці пор года; 12 цалкам запечаных аленяў з пазалочанымі рагамі – па колькасці месяцаў у годзе; 52 мучных вырабы, якія былі ўпрыгожаныя сухафруктамі – па колькасці тыдняў у годзе; 365 бабак – па колькасці дзён у годзе. Акрамя ежы было і пітво: 4 кубкі з віном часоў караля Стэфана – па колькасці пор года; 12 сярэбраных конавак з віном часоў караля Жыгімонта Вазы – па колькасці месяцаў; 52 срэбраныя барылкі з віном з Кіпра і Італіі – па колькасці тыдняў; 365 бутлі з віном венгерскім, згодна з колькасцю дзён у годзе. А для чэлядзі дворскай было падрыхтавана 8760 кварт мёду, вырабленага ў Бярозе, — столькі, колькі гадзін у годзе” (кварта – даўнейшая мера вадкіх і сыпкіх рэчываў, роўная прыблізна 0,7 літра).
Велікоднае снеданне атаясамлівалася з сапраўдным кулінарным святам. Тым больш, што яму папярэднічае строгі Вялікі пост. Шляхта святкавала Вялікдзень на доўгіх сямейных застоллях. А на наступны дзень звычайна наведвала сяброў і знаёмых.

System muzealny Muza; www.muza.mobilems.pl ;;;fot.

Вераніка Красоўская
малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”