В деревне Бурдевичи в августе 1943 года нацисты расстреляли семью из 9 человек

На тэрыторыі Жухавіцкага сельскага савета ёсць асаблівы помнік… Гэта пахаванне ў вёсцы Бурдзевічы і надпіс “Расстраляны ў жніўні 1943 года. Ад пляменніка Івана і яго жонкі”.

Тут у адной магіле пахавана 9 чалавек.

Ігнацік Лізавета Антонаўна — нарадзілася ў 1872 г., расстраляна ў 1943 г. (71 г.);

Ігнацік Антон Гаўрылавіч — нарадзіўся ў 1906 г., расстраляны ў 1943 г. (38 г.);

Ігнацік Ганна Міхайлаўна — нарадзілася ў 1908 г., расстраляна ў 1943 г. (35 г.).

Ігнацік Іван Антонавіч — нарадзіўся ў 1922 г., расстраляны ў 1943 г. (21 г.);

Ігнацік Марыя Дзмітрыеўна — нарадзілася ў 1924 г., расстраляна ў 1943 г. (19 г.);

Ігнацік Адам Антонавіч — нарадзіўся ў 1926 г., расстраляны ў 1943 г. (17 г.);

Ігнацік Васіль Антонавіч — нарадзіўся ў 1926 г., расстраляны ў 1943 г. ( 17 г.);

Ігнацік Вольга Гаўрылаўна — нарадзілася ў 1926 г., расстраляна ў 1943 г. (17 г.);

Ігнацік Галіна Іванаўна — нарадзілася ў 1943 г., расстраляна ў 1943 г.

Трагедыя адбылася ў жніўні 1943 года. Атрад ворагаў акружыў хату сям’і Ігнацікаў. Напярэдадні тут была знойдзена падкінутая кімсьці вінтоўка. Яе знайшлі нямецкія салдаты і палічылі, што гэта зброя супраць іх.

Паставілі перад ямай усіх членаў сям’і… Смяротны прыгавор быў вынесены. Стрэлы былі трапныя. Ніхто не ўратаваўся…

Яму з дзевяццю целамі фашысты засыпалі і зніклі.

У гэты час за агародамі, у балотным зарасніку, ляжалі тры партызаны. Сярод іх быў пляменнік галавы сям’і Шастак Іван Адамавіч. Ён бачыў, як адбывалася расправа над яго роднымі, магчыма, за тое, што ён, Іван, стаў партызанам, і за тую вінтоўку, да якой ніякага дачынення не мела вялікая сям’я Ігнацікаў. А выратаваць людзей партызаны не маглі. Іх было мала, ды і зброі не было.

А пасля быў пажар – гарэла вёска Бурдзевічы. Толькі дзве хаты цудам уцалелі.

Да апошніх дзён жыцця ў вушах Івана быў чуцен надрыўны плач дзіцяці, страшэнны крык маладой маці, стогны паміраючых ад куль і аўтаматныя чэргі. Усё захавалася ў памяці.

Закончылася вайна. Іван Адамавіч пахаваў целы родных у адной вялікай дамавіне. Ён увекавечыў імёны ахвяр гітлераўскіх катаў — паставіў помнік, упісаўшы імёны ўсіх дзевяці.

Паўліна ЛЕБЯДЗЕВІЧ, вучаніца 11 класа