1 мая — Праздник труда. Механизатор КСУП «Племзавод Кореличи» Иван Король рассказывает о своих трудовых достижениях

За дасягненне высокіх вынікаў у працоўнай дзейнасці ў 2021 годзе партрэт трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП «Племзавод Карэлічы» Івана Міхайлавіча Караля занесены на раённую Дошку пашаны. Напярэдадні Дня працы журналіст папрасіла працаўніка расказаць пра дасягненні і погляды на жыццё.

— Іван Міхайлавіч, наша інтэрв’ю праходзіць напярэдадні веснавога свята — Дня працы. Па Вашым меркаванні, што ўкладзена ў гэтае паняцце?

— Праца — аснова нашага жыцця, а працавіты чалавек — паважаны ў грамадстве. Без яе немагчыма пражыць: трэба працаваць, каб квітнела наша Беларусь, а ў яе жыхароў былі на стале хлеб і да хлеба.

 — Які Ваш працоўны шлях?

— Давялося працаваць у розных арганізацыях: сельскім камунгасе, ветлячэбніцы, сельэнерга па спецыяльнасці вадзіцель. У племзаводзе «Карэлічы» — з 2001 года, і пастаянна трактарыстам-машыністам.

Я родам з вёскі Качычы. Закончыў восем класаў Карэліцкай школы і паступіў у Навагрудскае СПТВ № 26, атрымаў спецыяльнасці: трактарыст-машыніст, вадзіцель, электрык. Першыя навыкі атрымаў у сельскім камунгасе вадзіцелем.

 — Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы?

— Мама Лідзія Рыгораўна шчыравала ў саўгасе «Карэлічы» паляводам. Працавала шмат, не цуралася ніякай работы. Мама пражыла 86 гадоў, тры гады як яе не стала. Я навучыўся шмат чаму ў яе і сам стараўся дапамагчы, была вялікая асабістая гаспадарка.

 — Ваш партрэт занесены на раённую Дошку пашаны. Што адчувалі, калі даведаліся пра гэта?

— Я — рабочы чалавек, і маю працу ацанілі. Гэта азначае, што яна патрэбная і мяне паважаюць. На раённым свяце ўручылі пасведчанне і грашовую прэмію.

— Прафесія трактарыста-машыніста — адна з запатрабаваных у сельскай гаспадарцы. Ці дастаткова такіх спецыялістаў у КСУП  «Племзавод Карэлічы» і ці выбіраюць яе маладыя?

— Маладых асабліва няма. У асноўным — трактарысты-машыністы маюць працоўны стаж ад дваццаці і больш гадоў. Хаця гэта акалічнасць станоўча ўплывае на вынікі працы: вопыт, майстэрства, старанне, свой падыход да  справы.

 — Які працоўны дзень у трактарыста-машыніста? Якія прафесійныя абавязкі даводзіцца выконваць?

— Я з шасці раніцы ўжо на рабоце, вяртаюся дамоў у 17 гадзін. Асноўны прафесійны абавязак — развезці кармы і раздаць жывёле, якая павінна быць накормлена своечасова.

— Вы жывяце ў аграгарадку Палужжа. Ці задавальняе інфраструктура?

— Жыву ў кватэры са зручнасцямі, амаль як у горадзе. Ёсць вада, газ, святло, бытавая тэхніка. У  аграгарадку «мінусаў» для жыцця не бачу. Да таго ж Карэлічы знаходзяцца ў чатырох кіламетрах, і жыхары могуць паехаць у гандлёвыя кропкі і арганізацыі па сваіх запытах.

 — Ёсць занятак для душы? Як праводзіце вольны час?

— Бывае, няма вольнага часу для іншых заняткаў, увесь дзень на рабоце, і калі выдасца хвіліна-другая, хочацца адпачыць, пабыць сам-насам са сваімі думкамі.

— У Вас ёсць мара?

— Хачу, каб быў мір на зямлі, а палеткі радавалі збажыной. Каб беларусы не ведалі, што такое вайна, і іх спакой на зямлі ніколі і нікім не быў парушаны. Каб знаходзілі сэнс жыцця ў працы, бо яна ўзбагачае чалавека.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ