5 мая — Дзень друку. Апавядаем пра тое, чым жыве «Полымя» сёння

З нагоды Дня друку апавядаем пра тое, чым жыве «Полымя» сёння. Гэта наша прафесійнае свята, і хочацца  раздзяліць яго з чытачамі раёнкі.

Вясна і надзея

Май урываецца ў наша жыццё квеценню садоў і зелянінай навокал. А яшчэ святамі: Днямі працы, Перамогі, сям’і… У гэтым ланцужку і наша прафесійнае — Дзень друку. І не выпадкова: зярнятка, пакладзенае ў зямлю, дае добрыя ўсходы, так і слова, шчырае і пранікнёнае, мае вялікую сілу. Разам з навінамі чалавек узбагачаецца духоўна і з’яўляецца надзея ў заўтрашні дзень. І ўсё гэта вясна…

У нагу з часам

Вось ужо семдзясят восем гадоў «Полымя» служыць сваім чытачам, пачынаючы адлік з 13 лютага 1944 года. За гэты прамежак часу шмат навін прынесла ў дамы карэліччан, якія па праву лічаць раёнку сваёй, роднай. Для многіх яна была і засталася сябрам і дарадцам, дапамагала  вырашаць хвалюючыя пытанні. На яе старонках былі змешчаны матэрыялы на розныя тэмы — ад аповедаў пра працаўнікоў сельскай гаспадаркі да гісторыі роднага краю.

Сёння мясцовае выданне адпавядае сучасным патрабаванням журналістыкі: мае не толькі друкаваную, але і электронную версію. Наведвальнікі маюць магчымасць уступіць у групы ў сацыяльных сетках пры «Полымі» і карыстацца рознабаковай інфармацыяй. Навіны на сайце заўсёды свежыя і актуальныя для шырокага кола карыстальнікаў, да іх змешчаны фотаілюстрацыі. Фотарэпартажы з праводзімых мерапрыемстваў у раёне змяшчаюцца аператыўна, што станоўча ўплывае на прагляд навін на сайце.

Важная тэма

На сучасным этапе ў раёнцы ўзнімаюцца самыя розныя тэмы, апавядаецца пра чалавека працы, змяшчаюцца рэкламныя звесткі. Усе памкненні газетчыкаў накіраваны на тое, каб данесці інфармацыю да шырокага кола чытачоў і выканаць запыты наведвальнікаў.

Адным з важных накірункаў нашай дзейнасці з’яўляецца асвятленне падзей, якія адбываюцца не толькі ў раёне, але ў грамадстве ў цэлым. Папулярнай з’яўляецца рубрыка «Год гістарычнай памяці». Аўтары матэрыялаў, як журналісты газеты, так і пазаштатныя аўтары, імкнуцца расказаць у сваіх артыкулах пра падзеі таго далёкага часу і гады ліхалецця, бо чытачы павінны ведаць праўду пра вайну.

Хочацца заклікаць жыхароў Карэліччыны і яе ўраджэнцаў дасылаць свае допісы з фотаздымкамі ў рэдакцыю. Разам зможам напісаць гісторыю роднага краю, паведаміць чытачу новыя звесткі пра вайну. Моладзь павінна ведаць сваю гісторыю і выхоўвацца на лепшых традыцыях народа і подзвігу дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся і заваявалі мір на зямлі.

З чаго пачынаецца Радзіма

Карэліччына — маленькая радзіма, і па праве называю яе самай лепшай у свеце, а жыхароў — працавітымі і добрымі. Больш пераканацца ў гэтым дапамаглі гады працы ў раёнцы.  І яшчэ адна акалічнасць: газета «Полымя» стала пераможцам ХV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» дзякуючы творчаму праекту «Землякі». І гэта невыпадкова: жыхары Карэліцкага краю заслугоўваюць пашаны: спачатку пра іх напісалі ў раённай газеце і на сайце «Полымя», а затым даведаліся ў краіне.

Сапраўды, на карэліцкай зямлі жывуць і працуюць годныя і адданыя ёй людзі, якія ўмеюць вырошчваць хлеб, вучыць дзяцей, лячыць хворых — пра іх і лепшых прадстаўнікоў розных галін народнай гаспадаркі расказваецца на старонках раёнкі. Найбольш радуе той факт, што даволі часта мы, журналісты, апавядаем пра поспехі і дасягненні вучняў і моладзі раёна ў вучобе і працы, спорце і майстэрстве. І гэта акрыляе,  за маладымі — будучыня.

Наш край слаўны сваёй гісторыяй і знакамітымі мясцінамі. Дзякуючы гэтаму на старонках раёнкі выходзяць краязнаўчыя творчыя праекты «Гайда ў вандроўку з «Полымя» і «Карэліччына турыстычная», якія знаходзяць добрыя водгукі ў чытачоў. Чытачы могуць не толькі атрымаць цікавыя звесткі з артыкулаў, але ў іх ёсць магчымасць наведаць гэтыя мясціны.

Нашы надзейныя сябры

У «Полымя» шмат надзейных сяброў, якія падтрымліваюць з раёнкай творчае супрацоўніцтва і дапамагаюць зрабіць яе больш змястоўнай і цікавай. Дзякуючы нашым сумесным намаганням і творчаму пошуку выпускаюцца тэматычныя старонкі «Чалавек. Грамадства. Закон» (раённы аддзел унутраных спраў), «Тэрыторыя бяспекі» (раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях»), «Будзьце здаровыя!» (Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца), «Актыўнае даўгалецце» (Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна). Аўтарамі артыкулаў з’яўляюцца супрацоўнікі адпаведных служб і журналісты газеты.

Шмат гадоў аматараў паэзіі радуюць выпускі літаратурнай старонкі «Рэчанька». Кіруе літаб’яднаннем пры раённай газеце «Полымя» Галіна Калтунова. У мясцовых паэтаў ёсць свае прыхільнікі, якія з задавальненнем чытаюць вершы землякоў. Як паказвае жыццё, паэтычнае слова патрэбна нашай душы.

Хацелася адзначыць усіх тых, хто супрацоўнічае з газетай «Полымя»: ідэолагаў і прадстаўнікоў устаноў, арганізацый, сельгасарганізацыі раёна, выказаць словы ўдзячнасці мясцовай уладзе, якая падтрымлівае ў новых пачынаннях.

З нагоды Дня друку найлепшыя словы віншаванняў — нашым ветэранам працы і пажаданні моцнага здароўя, бадзёрасці духу, сямейнага дабрабыту.

«Полымя» — наша газета. давайце будзем сябраваць і далей, а яе промні няхай свецяць ярчэй і ярчэй.

Галіна СМАЛЯНКА