35 лет отдала работе в Кореличском сырцехе аппаратчик пастеризации Светлана Красковская

Такімі словамі ахарактарызавала Святлану Мікалаеўну Краскоўскую, апаратчыка пастэрызацыі 5 разраду Карэліцкага сырцэха «Навагрудскія дары», яе начальнік Ларыса Міхайлаўна Рапавец. Што гэта так, я ўпэўнілася з першых хвілін размовы са Святланай Мікалаеўнай, і няцяжка было пераканацца, што дабрыня ва ўнутраным яе свеце — сонца, а ў сціпласці сваёй яна — класічны прыклад адпаведнасці навуковаму тлумачэнню гэтай каштоўнейшай рысы характару, згодна якому сціплы — значыць стрыманы ў выдзяленні асабістых вартасцей, заслугаў, не любіць выхваляцца, просты і прыстойны. Сціпласць — свайго роду родная сястра працавітасці, настойлівасці, стараннасці, дабрыні, надзейнасці, добразычлівасці.

Святлана Мікалаеўна ў жыцці з’яўляецца такой (аб чым сведчаць паплечнікі па працы, суседзі, родныя), што несумненна спрыяе працоўным дасягненням жанчыны, за якімі, па яе сцвярджэнні, перш за ўсё стаяць намаганні ўсяго калектыву. А наконт таго, што партрэт Святланы Мікалаеўны занесены на раённую Дошку пашаны, яна сказала коратка: «Гэта наш агульны поспех». Не пагадзіцца з ёю нельга, як і з яе меркаваннем аб важнасці адчуваць сябе часцінкай калектыву і быць абароненай у ім ва ўсіх сэнсах. «Работнікі сырцэха — адна сям’я, — шчыра прызнаецца жанчына. — У нас усе адзін за аднаго, а ўзаемаадносіны ладзяцца на ўзаемапавазе, узаемавыручцы, людскасці ў поўным яе вымярэнні. Для работнікаў створаны камфортныя ўмовы для працы, стабільная зарплата. Наш кіраўнік Ларыса Міхайлаўна — прыклад чалавечнасці. Яна перажывае за людзей, мы пастаянна адчуваем яе падтрымку літаральна ва ўсіх пытаннях, яна шчыра цікавіцца, чым жыве калектыў і кожны чалавек. Не абдзелены мы ўвагай, клопатам і з боку кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», філіялам якога з’яўляецца Карэліцкі сырцэх. А калі адчуваеш сваю значнасць, гэта вельмі матывіруе, не дазваляе працаваць абы як». Працаваць абы як Святлана Мікалаеўна не ўмее, бо ведае: ад сціплай на першы погляд прафесіі апаратчыка пастэрызацыі залежыць якасць выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі, і падводзіць родны калектыў яна не мае права. У чым жа сутнасць прафесіі апаратчыка, якой бездакорна і добрасумленна служыць жанчына ўжо 35 гадоў, і ў чым заключаецца сам працэс працы пастэрызацыі? На першы погляд усё проста: малако з сельгаспрадпрыемстваў раёна завозіцца на сырцэх, адгружаецца адразу ў сепаратарскую, дзе адбываецца раздзяленне яго на адгон і вяршкі (сливки). Вяршкі адпраўляюць на Навагрудскі маслазавод, адгон перапрацоўваецца тут жа, на месцы, у Карэліцкім казеінавым цэху, на казеін, які карыстаецца попытам як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Працоўная змена апаратчыка пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, заканчваецца апалове чацвёртага, за гэты час перапрацоўваецца 70-80 тон малака. Працэс поўнасцю аўтаматызаваны, патрабуе ад апаратчыка пільнасці, акуратнасці, высокай адказнасці. «Апаратны ўчастак — гэта сэрца завода, — уключаецца ў размову Л. М. Рапавец. — Ад таго, як у сепаратарскай перапрацуецца малако, залежыць якасць атрымоўваемай выніковай прадукцыі. Трэба быць сапраўдным прафесіяналам, каб не дапусціць аніякіх хібаў у працы, бо малако — жывы прадукт, патрабуе асаблівай увагі, не даруе памылак, не церпіць прамаруджвання, таму апаратчык сепарацыі павінен ведаць не толькі вузкі ўчастак працы, а разбірацца ва ўсім працэсе ад пачатку да канца. Святлана Мікалаеўна цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі, акрамя таго, яна можа выканаць любое заданне на любым участку сырцэха. Гэта неверагодная жанчына  з высока развітым пачуццём тактоўнасці, чалавечнасці, заўсёды свеціцца дабрынёй, у сціпласці — унікальная, таму яе аўтарытэт у калектыве, павага людзей не выпадковая. Да таго ж цудоўная мама, жонка, бабуля. Больш высокай узнагароды, чым заслужыць такія словы, мабыць, не існуе. Пытаюся ў Святланы Мікалаеўны напрыканцы гутаркі, што значыць быць сапраўдным профі і ці лічыць яна сябе шчаслівай? У адказ з уласцівай для яе сціпласцю чую шчырае: «Перш за ўсё — любіць сваю справу, быць адданай ёй. Ці шчасліва я? Вядома! У мяне добрая сям’я, утульны дом, я атрымоўваю задавальненне ад работы, мяне акружаюць цудоўныя людзі, якімі з’яўляюцца члены калектыву сырцэху, падрастае любімая ўнучачка-пестунок». Калі Святлана Мікалаеўна гаворыць пра ўнучку Арыначку, вочы яе свецяцца такой радасцю, якая ўласціва толькі шчаслівым жанчынам! Дзякуй Вам за дабрыню Вашага маленькага Вялікага Сэрца, за залатыя рукі і характар, за навуку, як стаць патрэбнай людзям. У свой час паэт Генры Лангафела пісаў: «Добрыя сэрцы — гэта сады, добрыя думкі — карэнні, добрыя словы — кветкі, добрыя справы — садавіна. Паклапаціцеся аб сваім садзе і беражыце яго ад пустазелля». Сад Вашай, Святлана Мікалаеўна, чысцюткай душы незвычайна багаты, няхай прадаўжае ён поўніцца прыгажосцю добрых слоў і добрых спраў. Моцнага Вам здароўя і светлай радасці.

Даведка «Полымя»

Нарадзілася ў в. Турэц, там жа скончыла сярэднюю школу, адразу паступіла ў Слуцкае вучылішча харчавікоў. Па размеркаванні прыехала на работу на Карэліцкі маслазавод. Спачатку працавала па другім разрадзе мыйшчыцай машыны, некалькі месяцаў — у маслацэху, адсюль перайшла ў апаратны цэх, дзе пастаянна самаўдасканальваецца, перадае свой вопыт маладым. Працоўны стаж — 35 гадоў. У працоўнай кніжцы — адзін запіс. У людзях цэніць больш за ўсё дабрыню і шчырасць, не церпіць падману, здрады, зайздрасці. Шчасце бачыць у простым: калі здаровыя родныя і блізкія людзі, калі мір і спакой на зямлі, калі лад і еднасць у сям’і. Любіць чытаць, разводзіць кветкі. Добрым чалавекам лічыць не таго, хто ўмее рабіць дабро, а таго, хто не ўмее рабіць зла.

Сыр вашаму дому!

А куды без яго? «Калі ў страве ёсць сыр, значыць яна абавязкова будзе карыстацца поспехам», — так лічаць гурманы. Прапануем некалькі смачных рэцэптаў.

 Вялікі пірог на абед

На 8-10 порцый патрэбна:

1 упакоўка слаёнага цеста, 1 пучок шпінату (можна кропу), 200 г любога мяккага сыру, трошкі солі, 1 яйка, жменька праванскіх траваў, алей.

Рыхтуем: награваем духоўку на 200оС. Папярэдне размарожанае цеста раскатваем і выкладваем у змазаную маслам форму, сыр размінаем відэльцам, кладзём на цеста і пасыпаем праванскімі травамі. Прамыты і прасушаны шпінат (кроп) наразаем і выкладваем на сыр. Закрываем пірог яшчэ адным слоем цеста. Змазваем узбітым яйкам і ставім у разагрэтую духоўку хвілін на 20. Падаём лепш гарачым і са смятанай.

Сырны крэкер

Можна зрабіць круглыя, квадратныя крэкеры, але ідэальная форма — у выглядзе трохвугольных лустачак, якія нагадваюць сыр.

Трэба: 1 шклянка мукі, 100 г сыру, 90 г сметанковага масла, соль, молаты перац, 1 яйка. Рыхтуем: муку прасейваем, халоднае масла наразаем на кавалачкі, змешваем з мукой, расціраем да стану крошкі. Сыр націраем на дробнай тарцы, кладзём у атрыманую сумесь, жаўток яйка аддзяляем ад бялка. Жаўток дабаўляем у сумесь, замешваем цеста. Солім і перчым. Накрываем плёнкай, ставім у халадзільнік на 20-25 хвілін. Цеста дзелім на 2-3 часткі, раскатваем у круглыя пласты, разразаем на трохвугольнікі, робім у кожным невялікія дзіркі. Бляху засцілаем пергаментнай паперай, выкладваем нашы нарыхтоўкі. Выпякаем у духоўцы 10-15 хвілін да залацістага колеру.

Галіна КАЛТУНОВА

Фота Наталлі Сакалянскай