На Карэліччыне адбыліся дзве сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Сонгіным

5 мая Карэліччыну наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін. Аляксандр Генрыхавіч пабываў у Цырынскім сельскім выканаўчым камітэце  і дзяржаўнай установе адукацыі «Лукская сярэдняя школа».

Не пакінуты ў адзіноце і жывём пад мірным небам

5 мая а дзясятай гадзіне ў Цырынскім сельскім выканаўчым камітэце быў арганізаваны прыём грамадзян. На яго запісалася жыхарка аграгарадка Цырын Ніна Андрэеўна Шэйман. Заяўніца звярнулася да дэпутата па тэлефоне. Яна  інвалід другой групы. У яе кватэры прапісаны працаздольны сын, але жыве ён у іншым населеным пункце. Ніна Андрэеўна не карыстаецца льготамі па аплаце за камунальныя паслугі і прасіць дапамагчы вырашыць  пытанне. Аляксандр Сонгін паабяцаў разабрацца ў просьбе, звярнуўшыся ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Разам з тым заяўніца выказала словы падзякі мясцовай уладзе і ўрачам, якія праяўляюць пастаянны клопат пра людзей. «Мы не пакінуты ў адзіноце і жывём пад мірным небам», — адзначыла Ніна Андрэеўна.

Як патлумачыў Аляксандр Сонгін, тэма бацькоў і дзяцей на сучасным этапе прадаўжае заставацца актуальнай. Заяўнікі часта звяртаюцца з пытаннямі па сямейных узаемаадносінах. Вырашаць іх у многіх выпадках удаецца. Дарослыя дзеці павінны праяўляць клопат пра сваіх бацькоў, якім патрэбны дапамога і падтрымка.

У жыцці ёсць месца подзвігу

У Лукскай сярэдняй школы праводзіўся ўрок Памяці, ганаровым госцем якога стаў Аляксандр Сонгін. Аляксандр Генрыхавіч адзначыў, што для яго асабіста вайна — гэта 90-гадовы бацька, які памятае падзеі ваеннага ліхалецця, сам парламентарый прайшоў дарогамі Нагорнага Карабаха. «У вайны законы аднолькавыя, і гэта вельмі страшна», — адзначыў прамоўца і заклікаў захоўваць, абараняць, умацоўваць мір на планеце.

Аляксандр Сонгін пажадаў кожнаму са старшакласнікащ стаць Чалавекам. Заўсёды старацца жыць сумленна. Мець сваю думку, але памятаць аб тым, што законы аднолькавыя для ўсіх. Свята 9 Мая назваў не толькі Днём Перамогі, але і Днём Надзеі. «Вы — наша надзея  і вам абараняць нашу Радзіму», — адзначыў дэпутат.

У правядзенні ўрока Памяці прынялі ўдзел вучні 10 і 11 класаў, іх класныя кіраўнікі Таццяна Мікалаеўна Карзан і Алена Анатольеўна Матусевіч, а таксама кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч. Члены клуба не толькі праводзяць пошукавую работу, збіраюць матэрыялы па вызваленні Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але і даглядаюць магілы воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай войн, вайны ў Афганістане. У дні ўрачыстасцей нясуць вахту ў ганаровых каравулах каля помнікаў загінулым.

Памяць загінулых на вайне была ўшанавана хвілінай маўчання.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Дзіяны РАКАЧ