Паліў смецце — загарэлася дача: у Цырынскім сельсавеце праведзены сельскі сход па пытаннях пажарнай бяспекі

Пляцоўка каля будынка Цырынскага сельскага выканаўчага камітэта стала месцам правядзення сельскага сходу. Яго ўдзельнікі — прадстаўнікі мясцовай улады, праваахоўных органаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, жыхары населенага пункта.

У сваім выступленні старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў сканцэнтраваў увагу прысутных на дзвюх тэмах — захаванні правілаў пажарнай бяспекі і развіцці сельскагаспадарчай галіны раёна. Пажар, які адбыўся ў маі бягучага года ў Цырынскім сельсавеце, не можа пакінуць раўнадушным: няма даха дома і яго жыхар атрымаў апёкі. Як высветлілася, мужчына вырашыў спаліць упакоўку ад бытавой тэхнікі ў печцы, але не пракантраляваў працэс гарэння.

Многія з нас нават не задумваюцца, што так званае смецце можа атрымаць другое жыццё на заводах па перапрацоўцы адходаў. У рэспубліцы працуюць 76 заводаў і ліній па сартаванні камунальных адходаў сумарнай магутнасцю каля 1 млн т. Таксама ў краіне больш за 1,6 тыс. прыёмных пунктаў, на якіх таксама збіраюцца асноўныя віды другасных рэсурсаў. Зрабіць свой уклад у справу перапрацоўкі другасных адходаў проста: асобна збіраць паперу, поліэтылен і шкло.


Прамоўца нагадаў і пра другі выпадак пажару, калі ў доме не быў устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пры яго наяўнасці, магчыма, бяда б не здарылася: гукі АПА пачулі б гаспадар альбо суседзі. Як лічыць кіраўнік раёна, калі чалавек жыве адзін і вядзе нездаровы лад жыцця, яго трэба кантраляваць. Выпіў, закурыў, заснуў, згарэў — вядомая трагічная схема.
У гутарцы з вяскоўцамі Генадзій Мікалаевіч удзяліў увагу развіццю жывёлагадоўчай галіны. «У каго ёсць малако, той мае добрыя грошы», — зазначыў прамоўца. Звярнуў увагу і на выпуск рапсавага алею, які можа прынесці дадатковы прыбытак.
Хвалюючым было выступленне ўчастковага інспектара Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзіміра Навумовіча. Праваахоўнік назваў два факты, якія выклікаюць трывогу і абурэнне. Па-першае, з пажарышча дома невядомы ўкраў батарэі. Па-другое, каля помніка загінулым у аграгарадку аматары выпіць уладкоўваюць свае «застоллі». «Трэба разам перамагчы п’янства», — гаварыў участковы інспектар і заклікаў вяскоўцаў змагацца з гэтым злом. У сваю чаргу старшыня райвыканкама сказаў: «Для мяне гэта крык душы і святое: мой бацька ваяваў. Трэба кланяцца помніку і да падножжа прыносіць кветкі».
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік праінфармаваў прысутных аб правілах спальвання смецця: рабіць гэта трэба на адлегласці не менш за 10 метраў ад будынка, ажыццяўляць пастаянны кантроль за працэсам гарэння, мець пры сабе рыдлёўку і вядро.


Падчас правядзення сельскага сходу вяскоўцы задалі пытанні наконт ацяплення, рамонту жылых дамоў, добраўпарадкавання дарогі і іншыя. Пытанні ўзяты на кантроль.

Слова — удзельнікам сельскага сходу

Ларыса ХВАЛЬ,
жыхарка аграгарадка Цырын:
— Я — актыўная ўдзельніца мерапрыемстаў. Наведваю сельскую бібліятэку, розныя сустрэчы, канцэрты ва ўстанове культуры, прыходжу на сельскія сходы. Хачу быць у курсе ўсіх спраў.
Сёння хачу задаць пытанне, якое мяне хвалюе: пра цэнтральнае ацяпленне. Жыву ў трохпавярховым доме па вуліцы Завадской. Не належным чынам ацяпляецца жылы пакой. Спадзяюся на падтрымку і дапамогу раённай вертыкалі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аляксея РАКАЧА