У аграгарадку Цырын прайшоў мітынг, прысвечаны Дню Перамогі

Вясна. Яе подых адчуваецца ў прыродзе — усё патанае ў квецені садоў і зеляніне навокал. З гэтай непаўторнай прыгажосцю яшчэ мацней пачынаем цаніць мір на зямлі, а Дзень Перамогі яскравей дае магчымасць усвядоміць, што наш спакой ніхто і ніколі не павінен парушыць. Спяшаемся да помнікаў загінулым на вайне і да яе сведкаў, каб выказаць словы прызнання і ўдзячнасці за наша шчаслівае жыццё пад мірным небам.

У аграгарадку Цырын адбыўся мітынг, прысвечаны Дню Перамогі. На тэрыторыі сельсавета жыве тры малалетнія вязні: Пётр Паўлавіч Сачыўка, Ніна Іванаўна Шэйман, Алена Сцяпанаўна Сак, якія на сабе адчулі жахі вайны.

— Наш абавязак — нізка пакланіцца героям, якія загінулі ў баях за Радзіму, і героям, якія жывуць побач. Хочацца сказаць ім: «Мы заўсёды будзем захоўваць памяць пра вялікія падзеі, перадаючы яе ад пакалення да пакалення, у нашых сэрцах ніколі не патухне святло Перамогі», — адзначае старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза.

Словы ўдзячнасці адрасоўваюць героям-пераможцам намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан і дырэктар ДП «Лукі-Агра» Мікалай Гавіна, якія выказваюць спадзяванне, што ніхто і ніколі не будзе забыты.

Памяць пра загінулых у гады вайны ўшаноўваецца хвілінай маўчання.

У гэты дзень разам з удзельнікамі мітынгу ўшаноўваў памяць пра воінаў-салдат і настаяцель храма святога Архангела Міхаіла Алег Сушко. У ваенны час служыцелі царквы падтрымлівалі баявы дух і веру ў перамогу над ворагам, і сёння слова святара мае вялікае значэнне.

Дзеці — наша надзея і будучыня, ім прадаўжаць пачатае дзядамі і бацькамі, ператвараць у жыццё свае ідэі. Іх шчырыя і пранікнённыя словы на мітынгу надаюць упэўненасці ў тым, што яны моцна любяць сваю Радзіму і будуць імкнуцца захоўваць мір на зямлі.

У гэты дзень удзельнікі мітынгу наведаліся да малалетняга вязня, Настаўніка з Вялікай Літары ў аграгарадку Цырын Пятра Паўлавіча Сачыўкі. Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан уручыў шаноўнаму ветэрану Ганаровую грамату Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта. Да віншаванняў далучыліся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш, прадстаўнікі мясцовых сельвыканкама і гаспадаркі, настаўнікі і вучні школы.

Галіна СМАЛЯНКА