У Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў праведзены Дзень адкрытых дзвярэй

27 мая гасцінна расчыніла дзверы Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў.

У актавай зале, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Вучні школ райцэнтра ў чаканні сустрэчы са светам цудоўнага. Са сцэны гучалі словы вядучых і галасы выканаўцаў. Першыя апавядалі аб вялікім значэнні музыкі ў жыцці чалавека, другія дарылі хвіліны радасці.

У «Музычнай майстэрні» (назва сустрэчы) вялася размова аб тым, што ва ўстанове адчынены дзверы ў свет музыкі, дэкаратыўна-прыкладнога і мастацкага накірункаў, харэаграфіі, тэатра і шмат іншага. Тут можна навучыцца іграць на музычных інструментах: фартапіяне, скрыпцы, баяне, гітары, домры, балалайцы, цымбалах, правільна і прыгожа спяваць, выкладчыкі ДШМ дапамагаюць у любімай справе.

У дзень сустрэчы навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў выконвалі цудоўныя мелодыі, ад якіх станавілася хораша на душы. Да таго ж, многія з’яўляюцца ўдзельнікамі конкурсаў рознага ўзроўню, становяцца пераможцамі і прызёрамі. Акрамя таго, у навучальнай установе авалодаць пэндзелем і фарбамі дапамагаюць на аддзяленні мастацкага выяўленчага мастацтва, дзе дзяўчынкі і хлопчыкі прымаюць удзел у выставах і конкурсах.

«Мастацтва не мае межаў. Мастацтва натхняе. Без мастацтва немагчыма паўнавартасна жыць. Разумець яго можна навучыцца, для пачатку трэба адкрыць сваё сэрца і свой талент, а мы, выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, гатовы і рады дапамагчы. Запрашаем раскрыць свае таленты ў дзіцячай школе мастацтваў. Дзверы заўсёды для вас  адчынены», — гаварылі вядучыя свята, маладыя спецыялісты, выкладчык баяна Кацярына Логіш і выкладчык фартапіяна Ксенія Назарэвіч.

 

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны КАРП