Аб грамадзянскім і патрыятычным выхаваннні моладзі гаварылі на семінары-нарадзе ідэалагічнага актыву Карэліцкага раёна

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры праведзены семінар-нарада ідэалагічнага актыву раёна. Яе ўдзельнікі — намеснікі дырэктараў па выхаваўчай (вучэбна-выхаваўчай) рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, адказныя за арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах.

Па асноўнай тэме адзінага дня інфармавання «Моладзь — цяперашняе і будучае незалежнай Беларусі: да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь» слова трымаў загадчык сектара ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка. Як адзначыў прамоўца, адным з прыярытэтных накірункаў работы з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі. Летась прайшло больш за 70 мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці для рознай катэгорыі моладзі, у якіх прынялі ўдзел больш за 2,5 тысячы маладых грамадзян.

Немалаважным накірункам з’яўляецца садзейнічанне фарміраванню здаровага ладу жыцця моладзі, як і садзейнічанне рэалізацыі права моладзі на працу.  Важны складнік маладзёжнай палітыкі —  падтрымка таленавітай і адоранай моладзі.

На нарадзе былі ўзняты актуальныя пытанні. Начальнік аддзялення крымінальнага вышуку аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама Віталій Януш расказаў аб адказнасці непаўналетніх за ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюджаннем наркатычных рэчываў, іх аналагаў, а галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ала Галушка — аб супрацьдзеянні жорсткаму абыходжанню з дзецьмі, насіллю ў сям’і.

«Папярэджанне гібелі людзей на вадаёмах і пажаранебяспечных сітуацый у лясных масівах і на тарфяніках» — тэма выступленняў старшыні Карэліцкай раённай арганізацыі выратавання на водах Аляксандра Кандрусіка і начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Стадольніка.

У сваіх прамовах першы сакратар Карэліцкага РК ГА «БРСМ» Аксіння Ждан звярнула ўвагу прысутных на парадак выкарыстання сродкаў на развіццё студатрадаўскага руху, а старшы супрацоўнік Карэліцкага раённага музея Марыя Беленава — на супрацоўніцтва  з раённымі арганізацыямі і ўстановамі.

Вынікі семінара падвяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка. Сваімі поглядамі падзяліўся і загадчык сектара гэтага аддзела Генадзій Карпаленка.

Вызначаны асноўныя накірункі дзейнасці ідэалагічнага актыву раёна на бліжэйшы час.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Дзяніса СТАДОЛЬНІКА