Бриллиантовый юбилей совместной жизни отпраздновали Александр и Нина Волчок из деревни Кришиловщина

Шэсцьдзясят два гады крочаць рука аб руку па жыцці Ніна Іосіфаўна і Аляксандр Фаміч Ваўчок з вёскі Крышылоўшчына Лукскага сельсавета.

Ніна і Аляксандр ажаніліся ў 1960 годзе. Жыццё пачалі з чыстага ліста — вырашылі будавацца. За гады сумеснага жыцця ўсяго было ўдосталь, але добрага больш. Цяжкасці пераадольвалі разам, і перад людзьмі не даводзілася чырванець. Жыццё ішло сваёй чаргой.

Аляксандр Фаміч працаваў на ферме «Далматаўшчына» падвозчыкам,  Ніна Іосіфаўна — свінаркай на комплексе «Крышылоўшчына». Работа была не з лёгкіх, працавалі ўручную. Шчасцем было ў сям’і, калі нараджаліся дзеці.

— Я — самы багаты чалавек у вёсцы, — гаворыць субяседнік. — Наша багацце — у 5 дзецях, 15 унуках, 8 праўнуках. Часта прыязджаюць, сын Аляксандр — кожны дзень. Яшчэ шчаслівы тым, што ёсць добрая нявестка. Раіса кожны дзень наведваецца, прывозіць прадукты, дапамагае па доме. Яна ў нас за дачку, свае дочкі далёка, а яна штодзённа побач.

У сям’і Ваўчок заўсёды шанавалі працу. Аляксандр Фаміч працаваў тэхнікам па штучным асемяненні жывёлы ў калгасе «Сцяг Леніна». У 1973 годзе ўзнагароджаны ордэнам Знак Пашаны. Ніна Іосіфаўна мела  галоўную прафесію на зямлі — выхоўвала дзяцей. Калі яны падраслі, маці пайшла працаваць паляводам у мясцовы калгас.

— Галоўнае ў жыцці — падтрымаць чалавека, — лічыць Аляксандр Фаміч. — Я заўсёды паважаў вяскоўцаў, стараўся ім дапамагчы. Ніколі і нікому не адмаўляў у просьбах. Стараўся сумленна выканаць сваю работу. Яе хапала, але былі маладосць і сіла. На падворках вяскоўцы трымалі да 400-500 галоў жывёлы, толькі ў нашай вёсцы — 120. Збіралі ў вёсцы да 15  40-літровых бідонаў малака і здавалі дзяржаве.

Яшчэ галава сям’і лічыць, што немалаважным з’яўляецца і той факт, каб дома быў надзейным тыл. На абранніцы жыцця былі пяцёра дзяцей і асабістая гаспадарка: карова, цяля, свінні, куры, качкі, гусі — усё  трэба было дагледзець, і гаспадыня ўвіхалася па доме.

— Я перацягнула яго ў Крышылоўшчыну і не шкадую, — гаворыць пра мужа Ніна Іосіфаўна. — Нават на пенсіі добра ўдваіх разам, падтрымліваем і дапамагаем адзін аднаму, і старасць нам у радасць.

«Я нарадзіўся і гадаваўся ў беднай сям’і. Стараўся дапамагаць маці, якой  прысвоена званне «Заслужаны калгаснік». Хацелася жыць па-чалавечы, працаваць сумленна, выхаваць добрых дзяцей — і гэта ўдалося», — напрыканцы сустрэчы зазначыў Аляксандр Фаміч.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ