Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока наведала Малюшыцкі сельсавет

2 чэрвеня на сустрэчу ў Малюшыцкі сельсавет прыехала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, каб правесці прыём грамадзян. Парламентарый выкарыстала адведзены час для адкрытай гутаркі са старшынёй сельсавета Віктарам Дзірвуком.

Размова была пачата з абмеркавання зваротаў грамадзян, якім ва ўсе часы ўдзялялася вялікая ўвага, бо кожны заяўнік павінен быць пачуты. Закранулі і ананімныя, на што Эльвіра Аляксееўна зазначыла: «Хочаш выступіць — гавары адкрыта».
Абмеркавалі і пытанне заключэння дагавораў з вяскоўцамі на вываз смецця. Па словах Віктара Дзірвука, справа пачала наладжвацца: ахвотней ідуць насустрач камунгасу дачнікі і пастаянныя жыхары. «Калі ў людзей няма пытанняў да дэпутата верхняй палаты Парламента, значыць мясцовая ўлада працуе эфектыўна,» — дала станоўчую адзнаку працы мясцовай уладзе Эльвіра Аляксееўна.
Навядзенне парадку на могілках — пытанне, якое хвалюе як сваякоў памерлых, так і супрацоўнікаў сельсавета. Разам імкнуцца арганізаваць спілоўванне дрэў на святых месцах. Актуальнай з’яўляецца і пытанне касьбы травы на прыдамавых тэрыторыях. Як сцвярджае член Савета Рэспублікі, «дапамагчы адзінокім — справа сельсавета, а вось дзеці не павінны забываць пра сваіх састарэлых бацькоў, наведвацца да іх і дапамагаць вырашаць злабадзённыя пытанні».
— Вельмі важна цяпер, перад прыняццем законаў, заканадаўчых актаў вывучыць праблемныя пытанні на месцах, каб ведаць, дзе ў першую чаргу прадстаўнікам мясцовай улады трэба працаваць, — адзначыла парламентарый.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Алены ФАЛЕЙЧЫК