Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага райвыканкама сустрэліся з працаўнікамі КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»

На сустрэчу з працаўнікамі КСПУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»
прыехалі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, каб абмеркаваць асноўную тэму і дадатковыя пытанні адзінага дня інфармавання насельніцтва.
Першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аксіння Ждан у сваім выступленні ўзняла пытанні маладзёжнай палітыкі. Лідар моладзі раёна адкрыта і шчыра гаварыла аб тым, што трэба вырашаць пытанне замацавання маладых спецыялістаў у раёне, прыцягваць іх да ўдзелу ў мерапрыемствах культурнага і спартыўнага накірункаў. Звяртаючыся да старэйшага пакалення, заклікала падтрымліваць і дапамагаць маладым, якія пачынаюць свой працоўны шлях.
«Працаваць трэба разам, дапамагаць і падказваць. Будзем старацца дастукацца да кожнага», — зазначыла на гэта намеснік кіраўніка ІПГ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка. Падчас правядзення сустрэчы Лідзія Мікалаеўна выступіла і па пытанні папярэджання гібелі людзей на вадаёмах і пажаранебяспечных сітуацый у лясных масівах і на тарфяніках. Прамоўца заклікала, каб дарослыя зрабілі ўсё магчымае дзеля захавання жыццяў дзяцей і свайго здароўя.
Аб адказнасці непаўналетніх за ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў, якія звязаны з ужываннем і распаўсюджванем наркатычных рэчываў, іх аналагаў, вёў размову начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Аляшкевіч. Па яго словах, развіццё наркабізнесу прыйшло ў інтэрнэт, і трэба сачыць за тым, чым цікавяцца дзеці ў сацсетках. Некаторыя падлеткі займаюцца распаўсюджваннем наркотыкаў, каб зарабіць на гэтым грошы, і гэтую праблему трэба вырашыць на самым пачатку яе ўзнікнення, каб не здарылася бяды. Праваахоўнік папрасіў бацькоў удзяліць гэтаму пытанню самую сур’ёзную ўвагу — яны павінны сачыць за тым, чым займаюцца іх сыны і дочкі. Падлеткі не павінны быць пакінуты сам-насам са сваімі захапленнямі. Дарослыя павінны аб гэтым памятаць.

 

Галіна СМАЛЯНКА