Пра такіх, як галоўны эканаміст ДП “Царука” Святлана Пяшко, гавораць: “Чалавек на сваім месцы”

Любімая справа — аднойчы выбраная прафесія для многіх праз гады становіцца сэнсам жыцця. Чалавек укладвае ў яе ўсю душу, прыходзяць вопыт і прафесіяналізм — і праца прыносіць добрыя вынікі.

Святлана Анатольеўна Пяшко нарадзілася ў вёсцы Аўдзяевічы Навагрудскага раёна. Пазней сям’я пераехала на Карэліччыну, у вёску Краснае. Закончыла Запольскую васьмігодку і Востухаўскую дзесяцігодку. Прадоўжыла вучобу ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Па размеркаванні паехала на працу ў Аршанскі раён Віцебскай вобласці. Затым вярнулася на радзіму, у калгас імя Царука. Пачынала працаваць эканамістам, у 1994 годзе назначылі галоўным эканамістам гэтай гаспадаркі. Больш за чвэрць стагоддзя, 28 гадоў,  на гэтай пасадзе.

— Эканаміст — і прагназіст, і аналізатар работы, — гаворыць Святлана Анатольеўна. — Разам са спецыялістамі плануем сацыяльна-эканамічнае развіццё прадпрыемства, праводзім аналіз работы, распрацоўваем сістэму аплаты працы. Сумесна з заатэхнічнай, агранамічнай, інжынернай службамі гаспадаркі імкнемся больш канкрэтна і дэталёва разабрацца ва ўсіх пытаннях. Дарэчы, эканамічная служба складаецца з двух спецыялістаў: мяне і эканаміста.

Калега па працы Марына Анатольеўна Малышка, працоўны стаж якой складае 30 гадоў, адзначае ў галоўнага эканаміста такія рысы характару,  як акуратнасць, патрабавальнасць, справядлівасць, настойлівасць у дасягненні мэты. Яшчэ прызналася, што за гады сумеснай працы яны зблізіліся і пасябравалі, многія пытанні вырашаюць разам.

«Значная доля эканомікі гаспадаркі залежыць ад галоўнага эканаміста. Сціплая па натуры, яна ўсю сябе ўкладвае ў работу. Пра такіх звычайна гавораць: чалавек на сваім месцы. Менавіта таму яе праца неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў», — гаворыць дырэктар КСУП «Царука» Аляксандр Мікалаевіч Лейка.

Не абыйшло Святлану Анатольеўну і жаночае шчасце. Муж Мікалай Мікалаевіч працуе вадзіцелем у гэтай жа гаспадарцы. Сам мясцовы, з вёскі Малая Вобрына. Дачка Анастасія — педагог-псіхолаг сярэдняй школы          № 1 г.п. Карэлічы. На радасць падрастаюць унукі — сямігадовы Улад і чатырохгадовая Дзіяна, якіх моцна любіць і чакае ў госці. «Праца і сям’я заўсёды былі і застануцца сэнсам майго жыцця», — адзначае жанчына.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ