Праведзена пасяджэнне каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый раёна

З інфармацыяй аб дзейнасці інфармацыйных структур палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і прафесійных саюзаў выступіў загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка. Прамоўца адзначыў, што вялікую ролю ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач раёна ўносяць прафсаюзныя арганізацыі, раённыя арганізацыі РГА «Белая Русь», ГА «БРСМ», ветэранская, ГА «Беларускі саюз жанчын», ГА «Беларускі фонд міру», ГА «Беларускі дзіцячы фонд», РГА «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа», з якімі наладжана цеснае ўзаемадзеянне.
Аб рабоце грамадскіх арганізацый за прайшоўшы перыяд бягучага года паведамілі старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан і РА РГА «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа» Святлана Санцэвіч, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аксіння Ждан.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Нэлі Маісеенка прааналізавала дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў у часці дынамікі членства, уплаты ўзносаў, удзелу ў кансалідаваных мерапрыемствах, рэалізуемых праектаў і г. д.
На пасяджэнні вырашана прадоўжыць работу арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, прафесійных саюзаў, накіраваную на захаванне спрыяльнай грамадска-палітычнай абстаноўкі ў раёне, рэалізацыю значных сацыяльных праектаў і мерапрыемстваў. Белай Русі, БРСМ, БСЖ было рэкамендавана арганізаваць сістэмную, мэтанакіраваную работу па павелічэнні членства пярвічных арганізацый, актывізаваць інфармацыйна-агітацыйную дзейнасць па стварэнні арганізацыйных структур на прадпрыемствах, установах раёна. БРСМ трэба ўзмацніць работу па патрыятычным выхаванні навучэнцаў, рабочай моладзі, фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, пошуку таленавітай, адоранай моладзі, рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў.
Усе лідары грамадскіх аб’яднанняў, прафесійных саюзаў закліканы актыўна выкарыстоўваць патэнцыял сродкаў масавай інфармацыі: старонкі ў сацыяльных сетках, тэлеграм-канал, раённую газету «Полымя» для шырокага асвятлення сваёй грамадскай дзейнасці, накіраванай на кансалідацыю грамадства, павышэнне ўзроўню грамадскай свядомасці.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ

1