У Мірскім замку працуе выстава мастачкі Марыі Сыракваш «VANDROUKI» , на якой можна ўбачыць вобразы знікаючай Беларусі

З 1 па 30 чэрвеня ў Інфармацыйнай зале Мірскага замка працуе часовая экспазіцыя «VANDROUKI», на якой прадстаўлены творы маладой таленавітай мастачкі Марыі Сыракваш.

З дзяцінства Марыя шмат вандравала па Беларусі, наведваючы і знакавыя для нашай краіны мясціны, і зусім невядомыя яе куткі. У падсвядомасці дзяўчыны адбіліся выявы старых сядзібаў і палацаў, капліцаў і храмаў, старых паркавых дрэваў і пакрытых імхамі культавых камянёў. У многіх мясцінах Марыя бывала па некалькі разоў і на ўласныя вочы бачыла, як бязлітасны час літаральна на вачах давяршае тое, што не паспелі зрабіць людзі. Так нарадзілася ідэя мастацкага праекта адлюстраваць у выглядзе шэрагу акварэльных малюнкаў гэты бясконцы карагод вобразаў знікаючай Беларусі. Паказаць чароўную прыгажосць і іх скамянелую гісторыю, якую зацягвае парасць дзікага вінаграду. На выставе прадстаўлена 30 прац, створаных у перыяд 2019–2021 гадоў. На іх адлюстраваны краявіды розных рэгіёнаў нашай краіны: Навагрудчыны, Міншчыны, Брэстчыны, Віцебшчыны і іншых. На паперы засталіся адбіткі сядзібы ў Грушаўцы, якая належала славутаму Тадэвушу Рэйтану, Нёмана ў ваколіцах Любчанскага замка, палаца Умястоўскіх у Жамыслаўі, сядзібы Раецкіх у Райцы і многія іншыя, а таксама храмы розных канфесій.

Уваход вольны.

Алена ДЗЕНІС,
загадчык аддзела ўліку і захавання музейных фондаў музея «Замкавы комплекс «Мір»