Узница нацизма Мария Михайловна Карась: «Фашисты травили моего братика собаками, а потом израненного закрывали в туалете»

У гэтую пару года Любанічы патанаюць у квецені бэзу. Дом пад нумарам 2, у якім жыве 83-гадовая Марыя Міхайлаўна Карась, не адразу і знойдзеш у гэтай кіпені белых, ружовых, фіялетавых духмяных кветачак. Для жанчыны яны не проста прыгожае аздабленне вясковай вуліцы, гэта сімвал выратавання з фашысцкага палону, сімвал Вялікай Перамогі 1945 года.

 СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Беларусь памятае сваіх герояў — тых, хто самааддана змагаўся на франтах, рызыкуючы жыццём, змагаўся з ворагам у акупацыі, здзяйсняў штодзённы працоўны подзвіг у тыле, набліжаючы пераможны май 1945 года. Мы памятаем усіх бязвінных ахвяр цынічных эксперыментаў і жахлівай жорсткасці гітлераўскіх катаў. І не стамляемся нагадваць народам Еўропы аб тым, хто паставіў кропку ў самай кровапралітнай вайне за ўсю гісторыю чалавецтва».

З віншавання Прэзідэнта Беларусі з Днём Перамогі, 9 мая 2022 года.

— У пачатку вайны мне было ўсяго два гадкі, — успамінае Марыя Міхайлаўна. — У нашай сям’і было чацвёра дзяцей: старэйшы Мікалай, потым Валянціна, Аркадзік і я. Тата памёр яшчэ да вайны. Мама Ірына Лявонцьеўна Жылко расціла нас адна. Вядома, няпроста было ёй адной упраўляцца па гаспадарцы, але мы, дзеці, былі працавітыя, дапамагалі ва ўсім. У 1941 годзе фашысты адразу паказалі свой звярыны нораў: рабілі налёты на вёску, хапалі і тут жа стралялі маладых хлопцаў, якія не паспелі схавацца. У нас суседзі былі па прозвішчы Пахолак, дык іх усіх паклалі, толькі маці старая засталася. Потым нашыя хлопцы пачалі далучацца да партызанскіх атрадаў, у 1944 годзе пайшоў і наш старэйшы брат Мікалай. Вядома, расплата прыйшла вельмі хутка: нехта данёс — і нас малодшых з мамай закінулі ў спачатку ў машыну, потым у вагон і адправілі ў Германію.

Сям’я Жылко апынулася ў горадзе Хаген. Іх пасялілі на першы погляд у звычайным доме, дзе жыла ўкраінская сям’я з чатырма дзецьмі. Але выходзіць з яго людзі не маглі: паўсюль стаяла ўзброеная ахова з сабакамі. Злосныя чорныя нямецкія аўчаркі брахалі, рваліся з рук сваіх гаспадароў. Гэтыя сабакі потым стануць сапраўдным жахам для Аркадзіка і Марыйкі, які потым амаль кожную ноч будзе мучыць малых у снах. Маці Ірыну Лявонцьеўну і іншых жанчын з квартала нявольнікаў кожны дзень пад канвоем ганялі на ваенны завод у горад. Сятра Валя працавала на фабрыцы ў падвале дома, дзе жыла сям’я. 5-гадовая Марыйка і 10-гадовы Аркадзік заставаліся адны. Амаль без вопраткі, галодныя. Кармілі раз у дзень баландай з чырвонай капусты, ад якой дзяцей ванітавала.

Фашысцкія нелюдзі, відаць, ад нуды прыдумалі сабе забаву: выганялі Аркадзіка на двор і спускалі на яго сабак. І пакуль аўчаркі рвалі на малым апошняе адзенне, кусалі яго, немцы рагаталі, за жываты хапаліся: вось як нямецкія сабакі кусаюць рускую свінню.

Марыйка глядзела на гэтыя жахі праз акно і толькі магла, што плакаць. Ды і тое варта пагражала зброяй: маўляў, адыдзі ад акна, бо застрэлім. Потым зраненага браціка фашысты закрывалі ў туалеце. Калі з работы вярталася мама, яны крычалі: “Супакой сваё шчаня, бо будзе горш”. Жанчына маліла іх адпусціць дзіця, каб перавязаць і пакарміць, але ў адказ чула толькі лаянку.

— Аднойчы я цішком спусцілася ў падвал дома, дзе працавала мая сястра Валя, — расказвае далей Марыя Міхайлаўна. — Нейкі старэнькі немец убачыў мяне і хуценька ўзяў сваю торбачку, дастаў адтуль лустачку хлеба з маленькім кавалачкам каўбасы, намазанай сметанковым маслам, і даў мне. Я хуценька ўсё гэта праглынула. Назаўтра ён прынёс мне чаравічкі і адзенне. Кожны дзень ён падкармліваў мяне. Бывала мы з Аркадзікам, калі вартавы быў не надта злосны, цішком выходзілі з дому і ішлі жабраваць. Аднойчы нейкая немка спусціла на нас сабак. Памятаю, як чакала Аркадзіка, які пайшоў нанасіць пажылой немцы вады, і заблудзілася. Заснула на нейкай лаўцы, хто і калі мяне знайшоў, не памятаю.

Выратаванне да нявольнікаў прыйшло вясною 1945 года. Марыя Міхайлаўна гаворыць, што аднойчы Хаген пачалі моцна бамбіць. Гарэла ўсё: будынкі, нават замля пад нагамі, сірэны, крыкі людзей.

— Мама схапіла нас і цягнула за сабою, можа, кіламетры два. Потым мы дайшлі да нейкага ляска, паваліліся пад кусты і імгненна заснулі. Так мы пражылі каля двух тыдняў, потым вярнуліся ў горад, дзе нас сустрэлі амерыканцы. Праз некаторы час мы былі ўжо дома, — завяршае свой самотны аповед жанчына.

Марыйка пасля вайны пайшла ў школу. Пасля заканчэння 10-годкі адвучылася спачатку на заатэхніка ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, потым завочна закончыла Брэсцкі педінстытут. 31 год Марыя Михайлаўна адпрацавала настаўнікам хіміі, біялогіі і працоўнага навучання.

За гэты час паспела атрымаць трэцюю вышэйшую адукацыю ва Універсітэце марксізму-ленінізму. Цяпер жыве ціхім жыццём вясковай пенсіянеркі. Кажа, што сын кліча ў горад, але куды яна без сваёй хаткі, без свайго бэзу?

На развітанне прашу Марыю Міхайлаўну зрабіць фота. Яна сціпла кажа, што не апранута для здымка, але потым згаджаецца: “Добра, давайце з галінкаю бэзу каля акна. У мяне нядаўна школьнікі былі, прымацавалі да шкла яблыневы цвет. Няхай будуць не толькі мае ўспаміны, але і фота. Няхай людзі чытаюць і ведаюць, што мы перажылі. Так хочацца забыць пра гэта, але немагчыма…”.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара, з сямейнага архіва гераіні публікацыі і з адкрытых інтэрнэт-крыніц