Жительница деревни Синявская Слобода Тамара Порецкая пережила пожар родной деревни и две блокады Налибокской пущи

Вёска Сіняўская Слабада Ярэміцкага сельсавета месціцца ў казачнай прыгажосці мясцінцы: у некалькіх метрах ад яе спакойна нясе свае воды блакітнавокі Нёман, па вечарах на раскідзістых дубах клякочуць свой адвечны матыў буслы, у наваколлі сцелецца непаўторны пах мурожных траў, вакол — лясы, і сёння поўныя ягад і грыбоў. Пад самы ранак, калі яшчэ густы туман плыве над ракой, чуюцца ласіныя перазовы…

90-гадовая Тамара Міхайлаўна Парэцкая, ураджэнка Сіняўскай Слабады, памятае сваю вёску іншай: вось хаты гараць, быццам свечкі, а праз некалькі гадзін — бязмежнае чорнае папялішча, толькі каміны, як абгарэлыя паламаныя рукі, цягнуцца да нябёсаў: “Божачка, за што?” Так было ў самым пачатку вайны, на Пакровы ў 1942-м, і падчас дзвюх блакадаў Налібоцкай пушчы ў 1943-м.

— Я нарадзілася ў Сіняўскай Слабадзе ў 1932 годзе. Калі мама была мною цяжарная, мой татка патануў у Нёмане. Ішоў на млын, праваліўся пад лёд і сэрца спынілася ў ледзяной вадзе. Засталося нас у мамы чацвёра: Клаўдзія, Валянцін, Антаніна і я маленькая. Да вайны яшчэ так-сяк жылі, а як прыйшлі немцы, то зусім жыцця не стала, — расказвае жанчына. — Частка нашых хлопцаў пайшла ў партызаны, а многія — у паліцыю. Так і жылі, баючыся сусед суседа. На Пакровы немцы і паліцаі прыйшлі ў вёску, пачалі зганяць людзей у вялікае гумно. Мы з мамай і сёстрамі былі за вёскай, а брат застаўся ў Сіняўцы, пасвіў худобу. Мама сказала нам, каб мы беглі ў Ярэмічы, а сама пайшла па Валіка. Потым расказвала, што насупраць гумна паставілі кулямёт, каб страляць па людзях, калі яны будуць уцякаць. Але свой прысуд карнікі чамусьці не выканалі, напэўна, рашылі, што людзі і так згінуць без жытла і харчоў. Падпалілі вёску, папярэдне выграблі з хатаў і хлявоў усё, што толькі можна. Мы з сястрычкамі стаялі на ўзгорку і глядзелі на пажар: хаты гарэлі, быццам свечкі. На фоне пажару па дарозе цягнуўся бясконцы ланцуг падводаў, гружаных адзеннем, мэбляю, хлебам, жывёлаю. Прывязаныя да вазоў кароўкі азіраліся на вёску і тужліва мыкалі, быццам развітваючыся. Я стаяла і думала: “Дзе ж яны ўзялі столькі вазоў, каб пагрузіць усё, што людзі нажывалі ўсё жыццё? Што мы будзем есці і дзе будзем жыць?”   Адно радавала, што людзі ўцалелі.

Сям’я Парэцкіх падалася ў Быковічы, дзе іх прытулілі знаёмыя. Але і гэты часовы прытулак неўзабаве прыйшлося пакінуць: старэйшая з сясцёр Клаўдзія сустракалася з партызанам, і паліцаі вырашылі пакараць не толькі яго нарачоную, але і ўсю сям’ю. На шчасце, Парэцкіх у час папярэдзілі, і яны схаваліся ў далёкай радні.

— У невялікай хатцы нас жыло 12 чалавек. Спалі радком на падлозе. Шчаўе елі. Каб не партызаны, то зусім бы з голаду зайшліся. Ды і то страх было глядзець: худыя, здавалася, вецер падзьме — і ўсё, — з горыччу ўспамінае Тамара Міхайлаўна.

Летам 1943 года вяскоўцы перажылі дзве блакады Налібоцкай пушчы. Хаваліся ў балоце, дзе дарослым твані было па шыю, малыя ж сядзелі ў іх на плячах. Калі набліжаліся карнікі, усе таіліся ў трыснягу.

— Памятаю, як ціўкалі ў вадзе кулі, а мама мне казала: “Гні галаву ўніз, бо заб’юць”. 11 жыхароў Сіняўскай Слабады назаўсёды засталіся ляжаць у балотах. За час блакадаў карнікі знішчылі ўсё, што мы змаглі нажыць ад першага пажару. Тады пасяліліся ў пограбе. Як мы выжылі — не знаю, але мама выгадавала нас усіх чатырох. І замуж не пайшла. Яна гаварыла, што выйсці замуж — гэта значыць нарадзіць новых дзяцей, а ад гэтых трэба адрачыся, аддаць. Ёй было цяжка, вельмі цяжка, але яна здолела нас падняць. Пасля вайны брат Валянцін пайшоў у армію, сястра Антаніна паехала да цёткі ў Луцк. Мы з Клаваю засталіся з мамай, жылі ў зямлянцы. Валянцін пасля арміі пайшоў на завод, каб зарабіць на хату. Я ж брала ў калгасе каня, ездзіла ў лес па дровы. Хатку мы потым паставілі, але падлога была ў ёй земляная і нічога больш не было.

Вельмі рана Тамара пайшла замуж. Тады здавалася толькі для таго, каб прывесці дадому гаспадара, які падлогу пасцяліў, печку злажыў і мэблю зрабіў. А потым прыйшло і каханне: франтавік Арсеній аказаўся добрым чалавекам, клапатлівым мужам, але рана пайшоў з жыцця, у 44 гады.

Потым мама захварэла, злегла. Каб яе даглядаць, Тамара пакінула даіць кароў і пайшла на ФАП працаваць тэхнічкай. Сваю гаспадарку глядзела, у калгас хадзіла моркву і буракі палоць. Другі раз выйшла замуж за Казіміра, у якога былі свае дзеці і ўнукі. Яны і замянілі адзінокай жанчыне сям’ю.

Як раз насупраць хаткі Тамары Міхайлаўны стаіць памятнік-абеліск у памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, бялеюць надмагільныя пліты.

— Я хоць і маленькая была, але памятаю, як нашых хлопцаў хавалі. Прыгожыя, маладзенькія. Ім бы жыць ды жыць… Усё вайна праклятая. Няхай яна ніколі не паўторыцца.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара