Как в Кореличском районе власть решает проблемы жителей?

У бягучым годзе ў Карэліцкі райвыканкам паступіла 72 звароты ад грамадзян і юрыдычных асоб, 23 з іх задаволены, 34 растлумачаны, 13 знаходзяцца на кантролі. Аб гэтым паведаміла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Высоцкая.

Колькасць зваротаў за першае паўгоддзе знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тады паступіла 105 заяў, з якіх 36 было задаволена, 59 растлумачана, атрымана тры падзякі. Найбольшая колькасць зваротаў традыцыйна тычыцца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту і добраўпарадкавання дарог і вуліц.

— Сёння кожны чалавек не толькі мае права весці дыялог з уладай, але і павінен быць ёю пачуты, — адзначае Наталля Высоцкая. — Таму што чуць людзей і гаварыць з імі — прамы абавязак улады. Гэта юрыдычна замацавана ў Дырэктыве Прэзідэнта № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату». Менавіта дзеля ліквідацыі бюракратызму і для вырашэння надзённых праблем жыхароў краіны ў Беларусі была прынята асаблівая аператыўная форма сувязі насельніцтва і прадстаўнікоў улады: штотыдзень кожную суботу з 9.00 да 12.00 любы грамадзянін мае права звярнуцца па хвалюючым яго пытанні на «прамую тэлефонную лінію» да кіраўніцтва свайго рэгіёна. Дыялог у такой форме паміж людзьмі і мясцовымі органамі ўлады ідзе на працягу апошніх 7 гадоў. Галоўная яго задача — трымаць руку на пульсе падзей, якія адбываюцца на месцах. Разумець, чым жывуць людзі, атрымліваць інфармацыю аб рэальным становішчы спраў.

Спецыяліст прыводзіць толькі некалькі прыкладаў, калі людзям аказвалася рэальная  дапамога. Так, жыхар Мінска паскардзіўся, што на магілу яго прабабулі на вялікажухавіцкіх могілках упала дрэва і пашкодзіла помнік. Праз 10 дзён работнікі РУП ЖКГ аднавілі агароджу і помнік. Жыхары Аканавіч прасілі правесці рамонт дарогі ў вёсцы. У сярэдзіне ліпеня завершана асфальтаванне 3-кіламетровага ўчастка дарогі і ўладкаваны два новыя аўтобусныя прыпынкі. Жыхарка Мінска, якая часта бывае на малой радзіме ў Вялікай Мядзвядцы, наракала на адмену аўтобуса «Карэлічы-Мір праз Мядзвядку». У райвыканкаме таксама ўлічылі меркаванні іншых вяскоўцаў і аднавілі рух аўтобуса.

Пры гэтым застаецца нямала і нявырашаных пытанняў. Так, жыхары вёскі Лясок просяць правесці рамонт вуліцы Зарэчнай. Плануецца, што работы будуць праведзены ў верасні.

— Голас народа ў райвыканкаме чуюць, — канстатуе Наталля Высоцкая. — Толькі трэба памятаць, што нейкія пытанні можна вырашыць аператыўна, а іншыя патрабуюць часу і значных фінансавых выдаткаў.

Іна ЛЕЙКА