Галіна Смалянка: «Цёця Соф’я не дажыла двух месяцаў для круглага юбілею — 90-годдзя. Не стала блізкага чалавека — і быццам нешта абарвалася ў душы»

Соф’я не дажыла двух месяцаў для круглага юбілею — 90-годдзя. Нябёсы забралі ў самыя светлыя дні Уваскрэсення Хрыстова. Знаёмыя сцвярджалі, што яна абавязкова павінна трапіць у рай. З вялікага горада, дзе пражыла ў нявесткі крыху больш за тры гады, прывезлі пахаваць на радзіму. Дамавіну паставілі каля дому. Твар быў прыгожым, як у далёкай маладосці. На ім ігралі сонечныя промні, яны песцілі і на могілках, калі святар праводзіў адпяванне.

Не стала блізкага чалавека — і быццам нешта абарвалася ў душы. Мы былі не проста сваякамі, а добрымі сябрамі. У яе было шмат працалюбства, мудрасці, дабра. Не ачарсцвела душой, нягледзячы на тое, што лёс не заўсёды быў літасцівы. Нават тады, калі не стала  побач абранніка жыцця і двух дарослых сыноў, прадаўжала жыць і з удзячнасцю прымаць маленькія радасці быцця.

Яна нарадзілася і вырасла ў вёсцы. У суседнюю выйшла замуж,  там пражыла ўсё свядомае жыццё. Шмат працавала ў калгасе і дома. На пенсіі не сядзела склаўшы рукі: шчыравала на агародчыку і ў полі.  Вырошчвала агародніну і старалася яе закансерваваць на зіму. «Вам навошта столькі адной?» — цікавілася не раз у гаспадыні. На што яна гаварыла: «Некаму спатрэбіцца».

Аднойчы працягнула мне слоік малінавага варэння. Я разгубілася і прамовіла: «У мяне шмат варэння ў каморы». «Маё асаблівае», — зноў коратка сказала яна. Так і атрымалася: было смачнае і духмянае. Відаць, рабіла з душой, як і ўсё астатняе: агуркі, памідоры, салаты, грыбы, кампоты. Аднойчы папрасіла ў мяне рэцэпт прыгатавання кансерваванага гарошку. На маё чарговае здзіўленне прамовіла: «На пенсіі часу дастаткова, чаму б не зрабіць».

Зямля. Як любіла яе! Праяўляла асаблівыя адносіны: песціла як малое дзіця. У красавіку спяшалася ўзрыхліць і паступова пасадзіць агародніну, апусціць бульбу ў раллю першай, бо потым няпроста ў вёсцы знайсці аратага. Знаходзіла ў агародчыку месца і прыгожым кветкам, і зёлкам. Асабліва радавалася душыстай мяце, якой пучок-другі магла прапанаваць, і гэтыя зёлкі лічыла асаблівымі.

А колькі чытала! Бывае, прыедзеш, а яна сядзіць на канапе, абкладзеная рознымі часопісамі. Нават мяне ў свой час прывучыла да «ЗОЖа». Шмат хадзіла вакол вёскі пешшу і гаварыла, што гэта для здароўя. Дамоў прыносіла букецік палявых кветак, ставіла на кухонным століку — і хата напаўнялася непаўторным водарам рамонкаў і васількоў.

Моцна любіла ўнукаў і ладзіла з суседзямі. З яе вуснаў ніколі  не пачула дрэнных слоў: каб яна каго абгаварыла ці на каго паскардзілася. Кожнага разумела з паўслова і старалася знайсці падыход да ўсіх.

Адзінота. Хто сказаў, што адзінокаму чалавеку добра, бо яму ніхто не надакучае? Магчыма, гэта бывае тады, калі моцна стаміўся і трэба адпачыць, ці ведаеш, што яна некалі адыдзе. А як быць, калі з дня ў дзень  адзін, і так доўжыцца на працягу шматлікіх гадоў? Застаецца шукаць і знаходзіць справы, якія б радавалі тваю душу і быць удзячным кожнаму шчасліваму імгненню жыцця. У яе гэта атрымлівалася проста і незвычайна, ад чаго светлы вобраз цёці Соф’і неаднойчы ўсплывае ў маёй памяці.