Назіральная камісія Мірскага сельскага выканаўчага камітэта: якія пытанні пад кантролем?

Адбылося выязное пасяджэнне раённай рабочай групы па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці назіральных камісій Мірскага сельскага выканаўчага камітэта.

 

Са справаздачай аб рабоце назіральнай камісіі пры Мірскім сельскім выканаўчым камітэце за першае паўгоддзе бягучага года аб правядзенні прафілактычнай работы па праверцы пажарнага стану домаўладанняў грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі сельсавета, выступіў старшыня Аляксандр Маркевіч.

На тэрыторыі Мірскага сельскага Савета па стане на 1 ліпеня жыве 3299 грамадзян, з іх — 1864 працаздольнага ўзросту, 918 пенсіянераў, 61 адзінокі, 241 — адзінока пражываючы, 41 — схільны да злоўжывання спіртнымі напоямі, 37 шматдзетных сем’яў.

За 6 месяцаў бягучага года назіральнай камісіяй па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян Мірскага сельвыканкама абследавана 315 домаўладанняў, з іх — 4 шматдзетныя сям’і, 218 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў І і ІІ груп, 93 домаўладанні грамадзян, якія найбольш схільныя да рызыкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый.

Па выніках абследаванняў у першым паўгоддзі бягучага года ў 13 домаўладаннях выяўлены парушэнні, з іх  7 ліквідавана.

На пастаянным кантролі сельвыканкама — пытанні забеспячэння ў зімовы перыяд грамадзян палівам, маючых патрэбу ў аказанні сацыяльных паслуг на даму, а таксама неабходнасць пры жаданні прадастаўлення ім сезоннага пражывання на сацыяльных ложках.

Працаздольным паўналетнім дзецям сельвыканкам накіроўвае пісьмы аб аказанні імі дапамогі ў стварэнні састарэлым бацькам належных умоў пражывання. За 6 месяцаў бягучага года накіравана 14 пісьмаў. За кошт бюджэтных сродкаў устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў 4 домаўладаннях адзінока пражываючых грамадзян, адзінокіх інвалідаў, якія не дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама зроблена замена элемента АПА 4 грамадзянам уразлівай катэгорыі.

У першым квартале 2022 года аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва 15 грамадзянам сацыяльна ўразлівай катэгорыі на суму 1480 рублёў.

Для разгляду пытанняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі на тэрыторыі Мірскага сельвыканкама арганізавана правядзенне пасяджэнняў пункта аховы правапарадку з абавязковым заслухоўваннем грамадзян, якія не належным чынам выконваюць свае бацькоўскія абавязкі, злоўжываюць спіртнымі напоямі і грамадзян, у чыіх домаўладаннях груба парушаюцца патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі. За 6 месяцаў бягучага года праведзена 7 пасяджэнняў, з іх — 6 чарговых і адно пазачарговае па пытанні прафілактыкі сямейна-бытавых скандалаў, учыненых у тым ліку ў стане алкагольнага ап’янення. Разгледжаны паводзіны 60 грамадзян.

Пры выяўленні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі ў домаўладаннях грамадзян супрацоўнікамі РАНС прымаюцца меры адміністратыўнага прымусу для ліквідацыі выяўленых недахопаў. На прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый  у першым квартале накіраваны трое грамадзян, на аднаго збіраюцца дакументы.

На пасяджэнні вызначаны накірункі работы. Трэба абмежаваць доступ да неэксплуатуемых будынкаў, якія знаходзяцца ў ведамстве КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», ліквідаваць парушэнні ў дзяржаўным жылым фондзе камерцыйнага выкарыстання, прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства дакуметы па дзяржаўным  жылым фондзе камерцыйнага выкарыстання (заключыць дагаворы найму), правесці сход жыхароў дамоў па вуліцы Сташэўскай у Міры па пытанні рамонту дзіцячай пляцоўкі і падтрымання парадку на дваровай тэрыторыі.

Назіральным камісіям раёна рэкамендавана праводзіць інфармацыйна-растлумачальную работу ў домаўладаннях (кватэрах) на падведамаснай тэрыторыі, удзяліўшы асаблівую ўвагу адзінока пражываючым састарэлым грамадзянам і інвалідам.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА