Непоседы и оптимисты отдыхают в пришкольном лагере в агрогородке Луки

29 чэрвеня ў ДУА “Лукская СШ” пачаў працаваць летні аздараўленчы лагер “Верасок”. 14 хлопчыкаў і дзяўчынак з пачатковых класаў – непаседлівыя і аптымістычныя наведвальнікі гэтага лагера. Менавіта так – “Непаседы” і “Аптымісты” – рабяты назвалі свае звёны лагернай змены “Цімур і яго каманда”. У першы дзень пад мелодыю гімна Рэспублікі Беларусь быў падняты Дзяржаўны сцяг – і змена пачалася.

Прайшла толькі першая трэць лагера, а колькі ўражанняў , колькі задавальнення атрымалі яго наведвальнікі! Вопытныя педагогі пад кіраўніцтвам начальніка лагера С. Г. Богуш праводзяць цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, так што сумаваць тут зусім няма калі. Літаральна ў першыя дні лагера для рабят была  арганізавана пешаходная прагулка “Чытаем вуліцы, як кнігі”, у час якой яны даведаліся аб гісторыі ўзнікнення назвы аграгарадка Лукі і яго вуліц. Дзеці прайшлі па вуліцах Школьная, Першамайская, Партызанская, Зарэчная, Камунараў і Чарняхоўскага. І гэта яшчэ не ўсе вуліцы аграгарадка! Спякотнае надвор’е не дазволіла нам дайсці да вуліц Юбілейная, Маладзёжная, Садовая, Новая, так што ў будучым абавязкова будзе працяг гэтай экскурсіі, бо для маленькіх грамадзян краіны знаёмства з яе гісторыяй пачынаецца з гісторыі малой радзімы.

Гэтая тэма прадоўжылася для рабят у час краязнаўчай віктарыны “Родны край свой любі і помні…”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі, падзяліўшыся на дзве каманды, адказвалі на пытанні, разгадвалі загадкі, а таксама расфарбавалі і злажылі карту Беларусі з пазлаў у выглядзе абрысаў абласцей. Напярэдадні галоўнага свята краіны для наведвальнікаў лагера работнікі Лукскага Дома культуры правялі пазнавальную праграму “ Дзень Незалежнасці”, якая закончылася ўскладаннем кветак да помніка загінуўшым землякам.

А з якім задавальненнем рабяты спявалі і танцавалі ў час свята-адкрыцця змены “Рытмы лета”! Музычны кіраўнік А.Г. Дземяновіч падрыхтавала розныя конкурсы, і трэба адзначыць, што дзеці паказалі добрую эрудыцыю: былі адгаданы ўсе мелодыі з  мультфільмаў, усе анаграмы з назвамі казак, прадоўжаны ўсе песні. Таму ў канцы мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў невялікі сувенір.

Абавязковымі ў лагеры з’яўляюцца спартыўныя мерапрыемствы. Кожны дзень пачынаецца з вясёлай зарадкі пад кіраўніцтвам І.У. Пацалуйкі, акрамя таго, рабяты маюць магчымасць пагуляць у настольны тэніс, бадмінтон, рухомыя гульні з мячом. У час прагулкі на стадыён рабяты з задавальненнем вучыліся ставіць палатку.

Цікавым і пазнавальным выдаўся лагерны дзень 5 ліпеня, калі рабяты наведалі Карэліцкі Маладзёжны Цэнтр культуры. Там Дзеці паглядзелі мультфільм і прынялі ўдзел у гульнёвай праграме, удосталь палакаміліся смачным папкорнам. А работнікі Карэліцкага Дома Быту правялі для маленькіх наведвальнікаў прафарыентацыйную экскурсію, у займальнай форме пазнаёмілі іх са сваёй вытворчасцю і нават кожнаму змайстравалі падарунак. Рабяты засталіся вельмі задаволенымі гэтай экскурсіяй! І, безумоўна, мы не маглі не наведаць Мемарыяльны комплекс “Зорка” і новы помнік – “БТР-60”.  А 6 ліпеня наведвальнікі лагера здзейснілі экскурсію да помнікаў загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія  знаходзяцца з аграгарадку Турэц і вёсках Новае Сяло і Сіняўская Слабада. Па вяртанні падарожнікаў чакала свята “З гісторыі свята Івана Купалы або Іванаў дзень”.

Калі ж я спытала ў рабят пра іх уражанні ад першых дзён лагера, то пачула:” Тут добра, бо нам весела і цікава!”, “Здорава!” Безумоўна, добраму настрою спрыяе і смачнае трохразовае харчаванне, якое забяспечваюць рабятам работнікі школьнай сталовай, і чысціня і парадак навокал.

Лагерная змена яшчэ не дайшла да сваёй палавіны, а ўжо прынесла дзецям безліч уражанняў і задавальнення. Наперадзе ў рабят яшчэ шмат цікавага – экскурсія на шклозавод “Нёман” і заапарк г. Баранавічы, гульні, конкурсы і проста стасункі з сябрамі. Для  маленькіх наведвальнікаў  лагера “Верасок” лета дакладна будзе цудоўным!

Алена  Матусевіч, выхавальнік лагера “Верасок”