Партызан, франтавік, настаўнік. Мікалай Мітрафанавіч Спадар дайшоў да Берліна

Адной з падзей гэтага года з’яўляецца святкаванне 77-ай гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Прайшло нямала часу з тых далёкіх часоў, калі над нашай зямлёй грымелі стрэлы, гарэлі вёскі, гінулі людзі. Я неаднойчы чытаў пра падзеі той далёкай вайны ў літаратуры, бачыў фільмы пра тыя жудасныя часы.

Усё менш сярод нас застаецца сведкаў тых далёкіх падзей. Ідуць з жыцця героі. У мікрараёне нашай школы на сённяшні дзень не пражывае ні адзін ветэран. Але мне захацелася самому нейкім чынам дакрануцца да гісторыі той вайны на прыкладзе аднаго, асобна ўзятага чалавека. У гэтым мне дапамаглі матэрыялы школьнага музея, кніга “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна”. Сёння я хацеў бы расказаць пра Спадара Мікалая Мітрафанавіча.

Жыццёвы шлях Мікалая Мітрафанавіча Спадара складаны і багаты на розныя падзеі. Нарадзіўся Мікалай Мітрафанавіч 29 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Загор’е-Дзяляціцкае Любчанскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці). Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. З маленства дапамагаў бацькам зарабляць на жыццё, пасвіў статак. Гэтай работай займаўся і пасля верасня 1939 года. У 1941 годзе закончыў сем класаў Любчанскай сярэдняй школы.

22 чэрвеня 1941 года Мікалай як заўсёды быў са статкам на пашы. Потым пачуў выбухі ў баку горада Ліда, тое ж самае рабілася і пад Любчай. Потым толькі даведаўся, што пачалася вайна.

На трэці дзень давялося ўбачыць і саміх заваёўнікаў. Некалькі немцаў вялі палявою дарогай палонных чырвонаармейцаў. Самаўпэўненасць немцаў і бездапаможнасць нашых салдат настолькі ўразілі хлопца, што ён хутчэй пастараўся схавацца далей ад іх вачэй. Нечаканая сустрэча не столькі напалохала, колькі збянтэжыла. Можа, тады і ўзнікла думка пра супраціўленне ворагу. Не мог хлопец прыдумаць спосабу аж да таго часу, пакуль у ваколіцах не ўзніклі першыя атрады народных мсціўцаў.

У 1943 годзе Мікалая Мітрафанавіча ўключаюць у спіс па адпраўцы на работу ў Германію. “Нас завезлі ў Наваельню, а пасля чамусьці вярнулі ў Навагрудак. І вось я вылучыў момант ды сігануў пад дрот. Так я абхітрыў немца, застаўся на волі”, – успамінаў Мікалай Мітрафанавіч. Вядома, дарогі дадому ўжо не было, інакш маглі  расстраляць усю сям’ю. I Мікалай адразу зразумеў, куды яму трэба было ісці.

Там, за Нёманам, у вёсцы Бараво Іўеўскага раёна жыла родная сястра. Гэта быў партызанскі край. Там дыслакаваліся атрады Варашылава, Катоўскага. Партызаны з гэтых атрадаў сюды часта заязджалі. Разам з партызанамі Мікалай Мітрафанавіч хадзіў на розныя заданні.

Мікалай Мітрафанавіч успамінае: “Сям’я ў нас была савецкай. Мы ненавідзелі польскі прыгнёт, і таму старэйшая сястра Люба была падпольшчыцай. Яна была арыштавана, але ёй удалося збегчы. У нас часта збіраліся сябры-падпольшчыкі. Вялікім сябрам нашай сям’і быў начальнік контрразведкі Малуха Іван Антонавіч, які разам са сваёй жонкай быў арыштаваны польскімі ўладамі і сядзеў у турме. Калі іх вызвалілі з турмы, ён вярнуўся да Спадароў разам з жонкай і малым і некаторы час жыў разам з імі. Іван Антонавіч у гады вайны пачаў займацца арганізацыяй партызанскага атрада”. Адважны і смелы юнак Мікалай стаў сувязным партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Дзяржынскага. Разам з сястрой Любай наведваліся ў Любчанскі гарнізон. Там на канспіратыўнай кватэры атрымлівалі звесткі ад свайго чалавека ў паліцыі Віктара Шыкаловіча, работніка ўправы Уладзіміра Крупіча і рагулеўца Аляксандра Астапкевіча. Не раз прыходзілася рызыкаваць сваім жыццём, бо немцы бязлітасна каралі ўсіх тых, хто меў сувязь з партызанамі. Расстраляць маглі ўсю сям’ю. Але гэта была вайна. Даручэнні прыходзілася выконваць розныя. Часам дастаўлялі з гарнізона боепрыпасы, а ў Любчу вазілі лістоўкі.

1944 год. Мікалаю спаўняецца 19 гадоў. За плячыма немалы вопыт партызанскай вайны супраць ворага. У краіне аб’яўлена мабілізацыя.   25 ліпеня прызваны ў Савецкую Армію Любчанскім РВК.

Жытомір. “Нас забралі на фронт, усіх маладых партызан з атрада. Сфарміравалі запасны полк, але паколькі мы ведалі зброю, нас абмундзіравалі і праз тыдзень адправілі на фронт. Так я стаў кулямётчыкам 248 стралковай дывізіі 899 палка. Гэта знакамітая Адэская дывізія, якая праславілася пры вызваленні горада Адэсы”, – сведчыў Мікалай Мітрафанавіч.

5 ударная армія, у састаў якой уваходзіла дывізія, была прызначана для прарыву фронту. У пачатку верасня, калі быў прарваны фронт на Дняпры, іх перакінулі ў Ковель. Тут была сфарміравана дывізія, і ўвесь верасень яны заставаліся на месцы, а ў кастрычніку пайшлі на Полыпчу, пад Варшаву, перайшлі Буг. Пры падходзе да Варшавы спыняліся на 1-2 тыдні і праводзілі вучэнні.

12 студзеня 1945 года перайшлі Віслу, а там быў Мангушэўскі плацдарм на поўдні Варшавы. Тут была пастаўлена задача з 13 на 14 студзеня прарваць абарону праціўніка.

Ветэран успамінаў: “14 студзеня пачалося наступленне пад Варшавай. Я ваяваў на 1-ым Беларускім фронце. 13-га пачаў наступленне 2-гі Беларускі, а 12-га – 3-ці Беларускі. У гэты час мы наступалі па Польшчы. Палякі сустракалі нас даволі ветліва. Запомніўся такі выпадак. Здарылася так, што я быў кулямётчыкам. Наша рота была даволі вялікай. У Малдавіі частку перабілі, таму ў Заходняй Украіне, у Ковелі, папоўніліся новымі салдатамі. Поўная рота была, як паложана, 126 стралкоў.

Паднялі роту ў атаку раненька, у палавіну восьмай раніцы, яшчэ цёмна было. І рота трапіла пад нямецкі агонь і загінула амаль уся… не ўся, а раненых частка. З гэтай роты нас уцалела чатыры кулямётчыкі. Чаму менавіта кулямётчыкі? Таму што, калі пяхота падымаецца ў атаку, у ланцугу пяхоты робіцца спецыяльны разрыў. У гэты разрыў страляюць кулямётчыкі, каб насустрач немцы не падняліся. Дык вось, рота рванула, а мы пакуль яшчэ падтрымлівалі іх агнём. Потым і мы пайшлі ў атаку, але нямецкі агонь паменшыўся.”

Калі прарвалі лінію фронту, прайшлі яшчэ кіламетраў пяць, затым быў прарыў Піліцы, прытоку Віслы. Далей рухаліся значна хутчэй. За суткі з баямі праходзілі па 30-35 км і гэта ўлічваючы тое, што нярэдка завязваліся баі на 2-3 гадзіны. Чаму так ішлі? Ды таму, што кожны салдат разумеў, чым “больш пройдзе сёння, тым меней прыйдзецца заўтра паўзці на жываце”. З 14 па 31 студзеня неабходна было прайсці 570 кіламетраў.

За два тыдні да 31 студзеня з баямі выйшлі на Одэр. Мікалай Мітрафанавіч успамінаў: “У Польшчы ўзялі горад Магільна. Зайшла пяхота ў горад і размясцілася на начлег. А якраз адступала нямецкая часць. Яны і не ведалі, што тут рускія, а па колькасці байцоў значна перавышалі нас. Завязаўся няроўны бой. I тут якраз нам падышла падмога. Так немцы аказаліся ў акружэнні. У палон было ўзята 70 чалавек. Калі ішлі па Германіі, вёскі былі пустыя, насельніцтва аніякага, усе рваліся на Захад. Немцы запалохвалі сваіх мірных жыхароў, што рускія будуць іх сурова караць. Была пушчана погаласка, што ў рускіх на галаве рогі, так яны называлі нашы “будзёнаўкі”.

Да Берліна заставалася 72 кіламетры. Фашысты жорстка супраціўляліся. Баі былі больш крывавыя і бязлітасныя.

“Мы падышлі да возера каля невялікай вёсачкі. Ужо вада пайшла з Карпат, але лёд яшчэ трымаў. Перайшлі дамбу. Радысты сказалі, што танкі наперадзе. Берлін быў блізка, і мы ўжо жартавалі, што заўтра вечарам фюрэра будзем лавіць. У вёсцы выстраіліся ў калону і прайшлі кіламетры два. Як тут неўзабаве нас пачала бамбіць нямецкая авіяцыя. Лёд пад нагамі пачаў трэскацца, схавацца не было куды, і мы адступалі назад да Одэра. Цэлую ноч мы адляжалі ў вадзе, а на раніцу зноў узялі дамбу”.

Затым пачаліся мясцовыя баі. Іх было весці вельмі цяжка, таму што немцы змагаліся за кожны дом ці памесце з лютасцю звера, з нейкім безнадзейным адчаем. Мікалай Мітрафанавіч і яго два байцы сумесна з разведчыкамі выявілі нямецкіх салдат, а было іх ні многа ні мала, а цэлая дывізія. За такі подзвіг Мікалай Мітрафанавіч быў прадстаўлены да ўзнагароды –  ордэна Чырвонай Зоркі.

“5 красавіка, калі прыслалі на замену другую часць, мы зразумелі, што будзем ваяваць. Пад Кюстрыным, на зліянні Одэра і Варты, пайшлі ў наступленне. 15 красавіка на фронт прыехаў Г. К. Жукаў. 16 красавіка артпадрыхтоўка. Затым пад Берлінам бралі Зеелаўскія вышыні, за тры гадзіны яны былі ўзяты, і мы рушылі на Берлін”.

28 красавіка падраздзяленне, дзе ваяваў Мікалай Спадар, уступіла ў прыгарад сталіцы фашысцкай Германіі. “Бой ішоў без перапынку, усё навокал гудзела і рвалася. Здавалася, што мы ў пекле. З Берліна жыхары ўцячы не маглі, але народ быў настолькі спалоханы, што станавілася жудасна нам, хто прайшоў вайну. Прыходзілася бачыць, што многія канчалі жыццё самагубствам. Бацькі забівалі свае сем’і, а затым і саміх сябе. Нямецкая агітацыя была бязлітаснай”.

Берлін. Баі, баі, баі…

1 мая 1945 года байцы прачнуліся ад незвычайнай цішыні. Не чуваць было грукату і страляніны. Усе зразумелі, што хутка павінна здарыцца нешта надзвычайнае. А праз дзень Германія капітулявала. Кулямётчык Спадар не дайшоў да Рэйхстага нейкіх трыста метраў.  “Мы пайшлі глядзець Рэйхстаг, бо не дайшлі 300 метраў, брала логава фашыстаў другая дывізія. Бачылі і чырвонае палатно, што ўзнялі над Рэйхстагам”. За баі ў Берліне Мікалай Мітрафанавіч узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны”. Разам са сваім кулямётам “Максім” Мікалай Мітрафанавіч дайшоў да Берліна.

Служба яго і далей працягвалася ў Берлінскім гарнізоне. І самай важнай падзеяй быў у верасні 1945 года парад Перамогі саюзных войск на Аляксандрплац. Ад кожнай з армій у ім удзельнічалі па тысячы салдат і дваццаць танкаў. Адкрывалі яго нашы салдаты, сярод якіх быў і Мікалай Мітрафанавіч Спадар.

Дэмабілізаваўся з арміі 11 красавіка 1949 года.

Пасля дэмабілізацыі закончыў школу, месячныя гандлёвыя курсы, пасля заканчэння якіх працаваў загадчыкам магазіна ў Любчы. Потым працаваў у Любчанскай канторы Міністэрства сувязі. У 1952 годзе Мікалай Мітрафанавіч стаў студэнтам завочнага аддзялення фізіка-матэматычнага факультэта Маладзечанскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута, у 1955 годзе перавёўся ў Мінскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут ім. А. М. Горкага, які закончыў у 1956 годзе.

За гады сваёй працы быў і загадчыкам пачатковай школы, і настаўнікам матэматыкі школ Любчанскага раёна. Потым дырэктарам Альхоўскай васьмігадовай школы Навагрудскага раёна, завучам і настаўнікам матэматыкі і фізікі Мядзвядскай васьмігадовай школы Карэліцкага раёна.

У 1965 годзе паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. А. М. Горкага і ў 1970 годзе закончыў яго па спецыяльнасці “гісторыя”. З 11 жніўня 1965 года назначаны дырэктарам Рудніцкай васьмігадовай школы, дзе і працаваў да выхаду на пенсію.

Стварыў сям’ю. У 1955 годзе жаніўся на Далі Андрэеўне, якая разам з ім працавала ў школе настаўніцай. Разам яны выхавалі траіх дзяцей, якімі заўсёды ганарыліся.

У апошні час Спадар Мікалай Мітрафанавіч жыў у Мінску. У 2012 годзе ветэрана не стала.

І сёння я яшчэ раз шчыра кажу: “Вялікі дзякуй усім салдатам Перамогі!”, а наш абавязак — захаваць памяць пра тыя часы.

Данііл ЖУКОЎСКІ,

вучань 8 класа Баранавіцкай базавай школы