Першы сакратар РК  ГА «БРСМ» Аксіння Ждан дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў абласным турыстычным злёце

З 21 па 23 ліпеня ў вёсцы Тартак Астравецкага раёна прайшоў абласны турыстычны злёт. У ім прымала ўдзел каманда нашага раёна. Аб гэтым гутарка журналіста раённай газеты «Полымя» з першым сакратаром РК  ГА «БРСМ» Аксінняй Ждан.

 

— Навіна аб тым, што карэліччане занялі шостае месца сярод 17 каманд на абласным турыстычным злёце ў Астраўцы, узрадавала. Што за поспехам нашых землякоў?

— У першую чаргу, сумесная камандная работа, адказны падыход  КСУП «Малюшычы» да ўдзелу ў мерапрыемстве, зацікаўленасць  рабят у канчатковым выніку.

Наша каманда — 15 юнакоў і дзяўчат. Яны адказныя, мэтанакіраваныя, дружныя. Самае галоўнае — у іх прысутнічаў камандны дух.

— У якіх відах спорту давялося ўдзельнічаць?

— Гэта баі гімнастычнымі шарамі, валейбол, гарады, перацягванне каната, інтэлектуальны турнір, водная дыстанцыя (байдарка-двойка), турыстычная паласа перашкод, дартс, падняцце гіры, быт турыста. Карэліччане занялі 1-ае месца ў баі гімнастычнымі шарамі, 3-яе — па падняцці гіры, добрыя вынікі паказалі па валейболе.

— Турыстычны злёт — не толькі спаборніцтвы. Пра што гаварылі на дыялогавых пляцоўках?

—  Вялі размову аб рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі ўсіх каманд ездзілі ўскладаць кветкі да помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

— Кожны дзень турыстычнага злёту быў насычаным. Які аказаў асаблівае ўражанне?

— Найбольш відовішчнымі з’яўляюцца баі гімнастычнымі шарамі. Новым для карэліччан быў удзел у воднай дыстанцыі. Усе конкурсы хвалюючыя і цікавыя, да кожнага рыхтаваліся з надзеяй на перамогу.

— Ці ёсць задумкі на будучы год?

— У раённы турыстычны злёт мяркуем дабавіць новыя конкурсы, якія  маглі б больш зацікавіць і згуртаваць моладзь.

Галіна СМАЛЯНКА