В Еремичском сельсовете методом «народной стройки» благоустраивают кладбища

Пра тое, што адзін у полі не воін, ведаюць усе. Здаўна людзі талакой будавалі дамы, аралі зямлю, гадавалі хлеб, абаранялі Радзіму, і гэты спосаб апраўданы і сёння — у жыхароў Ярэміцкага сельсавета ёсць таму добры прыклад: добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Зарэчча. Азнаёміцца з метадам «народнай будоўлі» туды адправіліся члены прэзідыума Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія функцыянуюць на тэрыторыі сельсавета, сельскія дэпутаты і старасты.

 

Грамадзянская ініцыятыва і парадак

Зарэчча — невялікая і ціхая вёска. Мясцовых тут няшмат, у асноўным дачнікі. Доўгі час людзей хвалявала мноства аварыйных дрэў на могілках, адсутнасць агароджы і патрабуючая рамонту царква. Старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Навумовіч і стараста вёскі Наталля Буцько прапанавалі вяскоўцам усім мірам навесці тут парадак. І людзі не адмовіліся, сабралі тры тысячы рублёў, свае сродкі дадаў сельсавет — у выніку ўдалося спілаваць 60 дрэў, усталяваць плот, перакрыць і пафарбаваць царкву святых Пятра і Паўла 1858 года пабудовы. У добрай справе прынялі ўдзел мясцовае лясніцтва, ДП «Царука», настаяцель храма. Цяпер гэтыя невялікія сельскія могілкі — яскравы прыклад грамадзянскай ініцыятывы, калі можна навесці парадак на зямлі ўсім разам, не ківаючы толькі на ўладу. Паводле слоў Пятра Навумовіча, такія прыклады ёсць у вёсках Даўгінава, Вялікая Вобрына, Пагарэлка, Сіняўская Слабада, Новае Сяло. Людзі разумеюць, што парадак у іх вёсцы — справа агульная, таму не скупяцца, робяць пасільны ўклад у агульную справу.

На могілках у Зарэччы парадак навялі талакой

Дагавор на вываз смецця — гэта выгадна

На тэрыторыі Ярэміцкага сельсавета яшчэ некалькі гадоў таму было 7 міні-палігонаў для цвёрдых бытавых адходаў, якія рэгулярна перапаўняліся і патрабавалі значных фінансавых затрат. Цяпер жа 85% жыхароў сельсавета заключылі дагаворы з РУП ЖКГ на вываз смецця і задаволены.

— І ў вёсках, і ў лясах стала намнога чысцей, — канстатуе Пётр Навумовіч. — Практычна нідзе не сустрэнеш стыхійных звалак. Гараджане, якія прыязджаюць у вёску на сезон, таксама з задавальненнем заключаюць дагаворы на вываз смецця: усяго паўтара рубля ў месяц пазбаўляюць ад клопатаў.

Галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк не схільны бачыць усё ў вясёлкавых фарбах:

— Адна з актуальных праблем — утрыманне могілак. У бягучым годзе абследавана 11 месцаў пахавання, на 70% з іх устаноўлены парушэнні. Самыя тыповыя — несвоечасовы вываз і ачыстка пляцовак для збору рытуальных адходаў з-за чаго ўтвараюцца звалкі, а таксама несвоечасовы пакос свабоднай ад пахаванняў тэрыторыі. Ёсць нараканні і да стану прыпыначных пунктаў, якія трэба часцей абкошваць і прыбіраць.

Быў пустуючы — стаў дачны

З 2006 года, з пачатку дзеяння Указа «Аб пустуючых і старых дамах», на тэрыторыі Ярэміцкага сельсавета знесены 31 такі дом.

— Гараджане купляюць пустуючыя ўчасткі і будуюць дачы, — кажа Пётр Навумовіч. — Так, у Ярэмічах пабудавана ўжо тры дамы, яшчэ тры будуць узведзены ў наступным годзе. У вёсцы Даўгінава набылі 8 дамоў пад дачы. У Пагарэлцы і Быковічах таксама з’явіліся новыя дачнікі. Пустуючых дамоў у нас няшмат.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў падкрэсліў, што знос пустуючага і трухлявага жылля найбольш актыўна праводзіцца ў Красненскім і Турэцкім сельвыканкамах.

— Асноўная задача мясцовай улады — больш актыўна праводзіць гэтую працу і ўцягваць вызваленыя землі ў сельгасабарот. Нам патрэбны збожжа, рапс, цукровыя буракі. Гэта ўсё эканоміка сельгаспрадпрыемстваў і дабрабыт нашых людзей. Трэба ставіцца да зямлі па-гаспадарску, рупліва.

Патэнцыял ёсць — ідэй няма

— Ярэміцкі сельсавет адрозніваецца турыстычным патэнцыялам, але ён не да канца выкарыстоўваецца, і гэтую вобласць можна было б расцэньваць як адну з найбольш перспектыўных, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Развіццё турызму дазволіла б ствараць новыя працоўныя месцы і прыцягнуць фінансы ў раённы бюджэт.

Адразу тры ракі: Нёман, Уша, Сэрвач, маляўнічая прырода, 10 паклонных месцаў, старадаўнія цэрквы, сядзібныя будынкі, што часткова захаваліся ў пасёлку Першамайскім, радзіма Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука, беларускіх пісьменніка Уладзіміра Калесніка і паэта Алеся Мілюця — усё гэта можа прывабіць турыстаў. Як прыклад — на тэрыторыі сельсавета, у вёсцы Даўгінава, паспяхова працуе смаўжовая ферма «Ратаў», дзе дзеляцца сакрэтамі вырошчвання смаўжоў, паказваюць розныя іх гатункі, праводзяць дэгустацыю мяса бруханогіх і майстар-клас па прыгатаванні і падачы прысмаку.

— Гараджане імкнуцца на ўлонне прыроды. Самы бюджэтны спосаб іх размяшчэння — кемпінг, або палатачны гарадок, — лічыць кіраўнік раёна. — Трэба абсталяваць месцы для стаянкі аўтамабіляў, забяспечыць доступ да чыстай пітной вады і прыбіральні. Дарэчы, у верасні ў Ярэмічах завершыцца будаўніцтва станцыі абезжалезвання.

Гандлёвае абслугоўванне ў сельсавеце таксама наладжана на добрым узроўні. У Ярэмічах дзейнічаюць адразу дзве крамы: прыватнай формы ўласнасці «Ярэміччанка» і дзяржаўнай «Родны кут». У апошнім некалькі гадоў таму правялі рэбрэндынг: старыя халадзільнікі замянілі на новыя энергазберагальныя, правялі рамонт фасада, абнавілі асвятленне, гандлёвую кропку перавялі на самаабслугоўванне. У выніку месячны тавараабарот зараз складае ад 35 да 45 тысяч рублёў.

— Людзі паедуць сюды адпачываць, — перакананы кіраўнік раёна. — Толькі патрэбны добрая рэклама і ініцыятыва на месцах.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара