У калекцыі музея “Замкавы комплекс “Мір” захоўваюцца цікавыя прадметы са срэбра, фарфору і бронзы, якія маюць дачыненне да цырымоніі чаявання

У калекцыі музея “Замкавы комплекс “Мір” захоўваюцца цікавыя прадметы са срэбра, фарфору і бронзы, якія маюць дачыненне да цырымоніі чаявання. Падобнага роду парцалянавыя і срэбныя сервізы, імбрычкі, кубкі і лыжкі існавалі ў любой шляхецкай сядзібе XIX стагоддзя. Вядома, што магнацкая культура баўлення вольнага часу ўключала ў сябе не толькі пышныя балі і прыёмы, але і такія паўсядзённыя заняткі, як чаяванне.

Імбрык

Чай з’явіўся на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя. Прычым істотна ён заваяваў папулярнасць як напітак, які выкарыстоўваўся ў лекавых мэтах, а вось ужо потым яго пачалі піць для задавальнення. Пад словам “чай” разумелася сумесь розных лекавых раслін, адсюль і беларускае назва чая – “гарбата”, якая паходзіць ад лацінскага слова “herba” – “расліна”. Ужываўся чай з рамонкаў, мяты, чабору, ліпы і розных раслін у залежнасці ад захворвання.

Чайна-кававы сервіз

З XVIII ст. усе еўрапейскія краіны ўмоўна дзяліліся на чайныя і кававыя тэрыторыі. Кава з’явілася прыкладна на сто гадоў раней за чай і стала любімым напіткам у Францыі, Германіі, Іспаніі, Аўстрыі і Італіі. Чаю аддавалі перавагу англічане, галандцы і рускія. Яшчэ у пачатку XIX ст. чай быў даступны толькі заможным людзям, з-за сваёй дарагавізны. Аднак этнограф Павел Шпілеўскі ў сярэдзіне стагоддзя ў сваім “Падарожжы па Палессі і беларускім краі” не аднойчы згадвае прыдарожныя карчмы, у якіх цалкам штодзённа можна было напіцца гарбаты. Чай пілі ў пэўны час сутак, а таксама і з любой нагоды. Яго падавалі з кавай на выбар з раніцы да вечара. Дапаўненнем з’яўляліся варэнне, мёд, разнастайная выпечка. У дваранскім асяроддзі была запазычана брытанская чайная традыцыя: чай пілі за бездакорна накрытым сталом, выкарыстоўваючы парцалянавы ці срэбны посуд.

Часта ў гарбату дадавалі “па-англійску” малако, а таксама малінавы і вішнёвы сіроп, ром або чырвонае віно. Да стала чай падаваўся ў сухім выглядзе, у спецыяльнай пасудзіне – чайніцы, і заварваўся непасрэдна пры гасцях. Асноўным зместам сустрэчы была размова, сам чай, па сутнасці, меў дадатковую ролю. Менавіта ў дваранскім асяроддзі першапачаткова з’явіўся звычай мужчынам піць чай са шклянак разьбянога шкла ў падшклянках, звычайна срэбраных. Гэта мела і практычны бок – нельга было апаліцца. З распаўсюджваннем фарфору гэты звычай забыўся.

Чайныя-сукенкі.-Гравюра-з-французкага-журнала-моды.-1900 г.

Чай пілі раніцай, апоўдні і абавязкова а 16 гадзіне. Па абедзе жанчыны апраналі чайную сукенку – так называлі нефармальны ўбор, у якім можна было выйсці да пасляабедзеннага чаявання. Асабліва было модным бавіць час на свежым паветры. Сукенкі для такіх выпадкаў шылі з батысту і бавоўны, каб не было горача. Колеры выбіралі светлыя, каб адзенне не прыцягвала сонечныя прамяні. Доўгія рукавы і высокія каўняры-стойкі абаранялі далікатную скуру ад сонца. Галоўным упрыгожваннем такіх сукенак былі карункі.

Вячэрняе чаяванне часта суправаджалася прыёмам гасцей. Чай падавалі на балях і ў салонах. Але свае сямейныя традыцыі чаявання існавалі ў кожнай дваранскай сядзібе. Чаяванне было дарагім і модным захапленнем. Гэтая цырымонія патрабавала адпаведнага антуражу, яе абавязковымі атрыбутамі былі разнастайныя чайныя столікі і падносы, не кажучы ўжо пра асаблівы чайны посуд. Стол накрываўся менавіта да гарбаты. Гэта магло быць і пасля абеду ці вячэры, але лішнія стравы абавязкова прыбіраліся. На асобным століку стаяў самавар, які да нас прыйшоў з рускай культуры, імбрык і кубкі. Заварвала і падавала чай традыцыйна жонка главы сямейства або дарослая дачка. Кубкі наліваліся не да краёў, падаваліся абавязкова на сподках. Чаяванне як састаўная частка свецкага жыцця абумовіла цэлую сістэму сервіроўкі стала, на якім з’явілася мноства спецыяльных прадметаў. Перш за ўсё, да іх адносіцца самавар, булётка, імбрык, чайніца, падсітак, гарбатныя лыжкі, шчыпчыкі для цукру. Паступова парцаляна выцясняла срэбра, якое выкарыстоўвалася для прывілеяваных асоб. З’явіліся сервізы, якія ўключалі звычайна два чайніка – для чорнага і зялёнага чаю, гарлачык для слівак, фруктоўніцу, сухарніцу, кубкі, сподкі: усё, што трэба для шматлюднага чаявання, на якое збіраліся госці ці цэлая сям’я.

У XIX ст. з’яўляецца адмысловая разнавіднасць чайна-кававых сервізаў для сняданку “dеjeuner” – на адну ці дзве персоны, якія прызначаліся для інтымнай абстаноўкі ранішняга ці дзённага чаю.

Нярэдка чайные пары адыгрывалі ролю дарагіх падарункаў і разам з тым дэманстравалі тонкі густ і рэспектабельнасць іх уладальнікаў. Агульныя стылявыя тэндэнцыі і асаблівасці дэкору розных эпох з найбольшай сілай прасочваліся ў сервізах, якія можна аднесці да вяршыняў вытворчасці парцаляны і срэбра ў Заходняй Еўропе і Расіі. Рэдкасць і каштоўнасць падобных сервізаў надавала працэсу чаявання асабліва вытанчаную атмасферу. Такія прадметы на сённяшні дзень захоўваюцца ў кожным музеі і з’яўляюцца сапраўдным упрыгожваннем калекцый.

Сухарніца

Падсітак

Чайныя пары

Наталля Кавалевіч,

навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”