У г.п. Карэлічы праведзены дзіцячы сельскі сход

На спартыўнай пляцоўцы дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы» праведзены дзіцячы сельскі сход.
Яго мэта — папярэджанне ўдзельнікаў ад няшчасных выпадкаў і супрацьпраўных паводзін непаўналетніх.
Ініцыятар — камісія па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.

У двары навучальнай установы шматлюдна. Тут вучні СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра, Красненскага ВПК дзіцячага сада-сярэдняй школы, педагогі, бацькі. Прадстаўнікі арганізацый, якія ў адказе за спакойнае жыццё дзяцей і падлеткаў, вядуць з імі адкрытую і шчырую гутарку.
— Летнія канікулы — цудоўная пара, — гаворыць участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Карэліцкага РАУС Аляксандр Валенцюкевіч і заклікае дзяцей не ўчыняць злачынствы, не ўжываць наркотыкі, не піць і не курыць, пасля 23 гадзін падлеткам да 16 гадоў трэба быць дома.
Старшы інспектар групы кадраў Карэліцкага РАУС Аляксандр Шыдлоўскі праінфармаваў прысутных аб паступленні ў ВНУ аховы правапарадку. Нагадаў юным удзельнікам аб руху на веласіпедах: катацца на праезджай частцы дарогі забараняецца, трэба ездзіць толькі па тратуарах і абочынах.
«Правілы паводзін на вадзе трэба захоўваць — яны «напісаны» жыццём, — адзначае старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Аляксандр Кандрусік. — Дазваляецца купацца ў вадаёмах, дзе ёсць выратавальныя пасты, нельга рабіць гэта ў забароненых месцах».
Інспектар Карэліцкага РАНС Аляксандр Зуза пажадаў дзецям і падлеткам, каб свята пайшло ім на карысць, летнія канікулы правялі змястоўна і весела, а на дзіцячым сходзе прынялі актыўны ўдзел у квэст-гульні.
Дзяўчынкі і хлопчыкі (а іх сабралася каля 100) дзеляцца на тры каманды: першая — вучні 1-4 класаў, другая — 5-8 класаў, трэцяя — старэйшыя ўдзельнікі сходу. Капітаны атрымліваюць маршрутныя лісты і разам з членамі каманды накіроўваюцца па станцыях. На кожнай з іх вельмі ажыўлена: кіраўнікі адпаведных службаў і дзеці абмяркоўваюць хвалюючае. Трэба адзначыць, што дзяўчынкі і хлопчыкі праяўляюць цікавасць і задаюць пытанні, на якія адразу атрымліваюць адказы.
На прапанову падзяліцца сваімі меркаваннямі па правядзенні дзіцячага сходу капітан каманды «Чэмпіёны» Таццяна Татаранка сказала: «У нашай
камандзе — 25 чалавек, вучні першых-чацвёртых класаў. Рабяты ўспаміналі, як сябе весці на вадзе, правілы дарожнага руху, пажарнай бяспекі — і ўсё гэта адбывалася ў гульнёвай, цікавай фоме. Дзіцячыя сходы патрэбныя, яны дапамагаюць яшчэ раз нагадаць аб тым, што бяспека залежыць ад нас саміх. Мы павінны быць адказнымі, думаць не толькі аб сабе, але аб тых, хто побач. Яшчэ для дзяцей былі арганізаваны розныя забавы. Атрымалася сапраўднае свята».
Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, ініцыятара правядзення сходу
Вольгі Базар, дзіцячыя сходы патрэбны для таго, каб нагадаць дзецям і іх бацькам аб бяспецы на дарогах і вадаёмах, папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны непаўналетніх. Акцэнтаваць увагу на абмежаванні часу з 23 да 6 гадзін знаходжання на вуліцы дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў без суправаджэння дарослых, аб забароне купання ў неўстаноўленых месцах і знаходжання дзяцей без дарослых на вадаёмах, звернута ўвага на недапушчальнасць дзіцячага свавольства з агнём. Практыка правядзення дзіцячых сходаў існуе трэці год, і аб рэзультатыўнасці гаворыць тое, што траўміравання дзяцей у летні перыяд не дапушчана.
Што да правядзення дзіцячага сходу, то ў яго ўнеслі сваю лепту і работнікі культуры, і атрымалася сапраўднае свята. Вядучы мерапрыемства, рэжысёр Карэліцкага РЦКі НТ Аляксей Тананка імкнуўся запаліць удзельнікаў — і яны выкладваліся спаўна. У выніку квэст-гульні каманды атрымалі набор літар, з якіх дзеці склалі слова «бяспека». Для ўсіх
галоўнае: летнія канікулы дзяўчынкі і хлопчыкі павінны правесці весела і карысна, і нішто не павінна стаць ім перашкодай да добрага адпачынку.
Дзіцячы сход — гэта свайго роду свята, бо, акрамя добрых парад, як паводзіць сябе ў летні перыяд, удзельнікі змаглі адпачыць. Для іх была прадстаўлена цікавая забаўляльная праграма. Можна было купіць поп-корн, зрабіць аквагрым.
На тэматычных зонах былі прадстаўлены розныя гульні, кожны жадаючы мог прымераць форму праваахоўніка, бронекамізэльку, сабраць пісталет на хуткасць. Удзельнікам квэста былі ўручаны падарункі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ і Карэліцкага РАНС