В ГП «Черняховский-Агро» убирают озимый ячмень (+видео)

Ва ўрочышчы Губіна, што недалёка ад Карэліцкага льнозавода, на землях ДП “Чарняхоўскі-Агра”, каторы дзень кіпіць работа. Адразу тры камбайнавых экіпажа ўбіраюць азімы ячмень.

—   Гэтая культура пасеяна на 100 гектарах, ужо ўбралі 30, намалацілі 120 тон, ураджайнасць — 40 цэнтнераў на круг, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Гісь. — Вядома, не рэкорд, але таксама добры паказчык, улічваючы, што на гэтым полі бедныя глебы.

Спецыяліст расказвае, што ўборка ячменю — своеасаблівая трэніроўка перад жнівом збожжавых культур: ідзе абкатка камбайнаў і зернесушыльных комплексаў. Акрамя таго, гэта першае зерне на корм дойнаму статку.

— Культуру двойчы падкармілі, столькі ж апрацавалі ад хвароб і шкоднікаў. Колас прыгожы стаіць, роўны, — задаволены Сяргей Гісь. — Падчас уборкі наладжаны бесперабойны канвеер: салому, спрасаваную ў рулоны, адразу адпраўляюць на фермы.

Сапраўды, праца ідзе зладжана, быццам механізм у гадзінніку. Два “Лексіёны” і КЗС-1218 пад упраўленнем Ігара Бушмы, Васілія Лагуціка і Віталія Загібайлава павольна плывуць па залатым полі. На адвозцы кіруюць МАЗамі Станіслаў Маршэўскі, Сяргей Гімпель і Іван Ходар.

—      Я ўжо 35-ы сезон убіраю хлеб, — Васілій Лагуцік не хавае задавальнення ад работы. — Ячмень стаіць добры, колас поўны. А калі бачыш такі вынік сваёй працы, то і працуецца з настроем!

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара