Выхаванцы аздараўленчага лагера “Усмешка” пры Цырынскай сярэдняй школе вандравалі па ўсім Карэліцкім раёне

Колькі радасці і задавальнення,  колькі новага, яшчэ не зведанага,  прыносіць чалавеку кожны дзень жыцця. Гэта тады, калі чалавек цэніць сваё жыццё і кожнае яго імгненне, калі хоча нешта новае даведацца, цікавае перажыць, сустрэць тое, чым можна захапляцца. Няма для педагога большай радасці, чым бачыць шырока расплюшчаныя вочкі сваіх выхаванцаў, у якіх гараць цікавасць і прага да новых ведаў.

Лета — гэта пара новых сустрэч, новых знаёмстваў, новых адкрыццяў. Так стала і для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Усмешка”, створанага пры ДУА “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. На працягу лагернай змены адбылося шмат цікавых мерапрыемстваў. Адпачывалі з карысцю для здароўя, не забываючы пра галоўнае: мы — маленькія грамадзяне сваёй краіны і павінны вырасці людзьмі, якія ведаюць, цэняць, любяць і берагуць сваю Радзіму.

А вывучэнне мы пачалі з гісторыі сваёй малой радзімы. Шмат новага даведаліся вучні пра гісторыю роднай вёскі, паходжанне назвы, народных майстроў, якія жывуць побач. Экскурсія ў краязнаўчы музей г.п. Карэлічы пазнаёміла з традыцыямі і абрадамі беларусаў, з захапляючай прыродай роднага краю. Рабяты  даведаліся шмат цікавага аб вялікім подзвігу нашых суайчыннікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, пачулі рэальныя гісторыі жыцця і барацьбы беларускага народа ў цяжкія ваенныя гады і аб тым, як даводзілася людзям пакутаваць і гінуць дзеля міру на Зямлі. Асаблівае ўражанне на рабят зрабіла экспазіцыі  ўзбраення.  Затым выхаванцы наведалі памятныя месцы г.п. Карэлічы: мемарыяльны комплекс “Зорка”, помнік Мікалаю Арцюху, помнік воінам-інтэрнацыяналістам.

А якім захапленнем гарэлі вочкі дзяцей падчас наведвання жамчужыны карэліцкай зямлі — Мірскага замка. Колькі пытанняў было, колькі новага пабачылі і пачулі. Дзяцей уразілі велічныя сцены і вежы, дзіўныя легенды. Яны пачулі гісторыю замка, даведаліся пра яго ўладароў.

Наведванне турыстычнай вёскі “Белыя лугі”, якая знаходзіцца ў аг.Райца, дазволілі акунуцца ў мінулае нашага народа і яго паўсядзённы быт. Шмат уражанняў атрымалі выхаванцы ад экскурсіі ў музей-сядзібу Салдатавых, якая знаходзіцца ў аг.Райца.  Рабяты пазнаёміліся з экспазіцыяй, дзе змяшчаюцца як працы таленавітых мужа і жонкі Салдатавых, так і калекцыя вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраная з усёй Беларусі. У музеі гаспадыня Вера Яўгеньеўна  прадэманстравала не толькі свае рукатворныя творы, але і прадметы побыту XIX стагоддзя, габелены, ручнікі з сакральнымі ўзорамі, маляўнічыя палотны, старадаўнія фотаздымкі.

Для таго,  каб пашырыць уяўленне дзяцей аб разнастайнасці свету прафесій, для выхаванцаў лагера была арганізавана экскурсія на МТФ «Літараўшчына»  СВК «Свіцязянка-2003». Рабяты  пазнаёміліся з працай комплексу і запатрабаванымі прафесіямі. На ферме дзецям паказалі ўмовы ўтрымання кароў,  расказалі пра асаблівасці догляду за жывёлай, паказалі механізм даення кароў “камп’ютарам”. Пабывалі выхаванцы з экскурсіяй ў  Карэліцкім РАНС.   Яго супрацоўнікі прадэманстравалі рабятам, як дзейнічаюць ратавальнікі падчас надзвычайных сітуацый, расказалі, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек гэтай прафесіі. Падчас экскурсіі дзеці ўбачылі баявую вопратку, аварыйна-выратавальны інструмент, пажарна-тэхнічнае ўзбраенне.

Акцыя “Ад помніка да помніка” і мітынг да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа з’явіліся сапраўднай школай грамадзянскасці і патрыятызму, дзе дзеці праявілі  павагу і гонар за тых, хто здабыў нам наша мірнае сёння. Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках году Гістарычнай памяці, дазваляюць сцвярджаць: дзеці цікавяцца гісторыяй Радзімы, любяць свой край і хочуць бачыць сваю Беларусь свабоднай, багатай і шчаслівай.

Галіна ЗІНЧАНКА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Цырынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”